"ПАРАМЕТРЫ" для Цэнтра сучаснага мастацтва

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Прастора, створаная "пад нас"

/i/content/pi/cult/300/5059/pic_12.jpg30 верасня ў час наведання Нацыянальнага мастацкага музея Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка адобрыў ідэю стварэння ў Мінску Цэнтра сучаснага мастацтва. Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне прапрацаваць пытанне з прывязкай Цэнтра да пустуючага будынка ў парку Чалюскінцаў. Менавіта яго і прапаноўвалі на сустрэчы пад гэтую мэту. Ініцыятарам праекта выступіў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка. Інфармацыя пра яго, растыражаваная СМІ, адразу выклікала бурлівы розгалас. Вось і пад час нядаўняй "гарачай лініі" Паўла Латушкі ў Інфармацыйным цэнтры "Культура-інфа" гэтая тэма гучала неаднаразова. Што характэрна, закраналі яе не мастакі-эксперыментатары, асабіста зацікаўленыя ў новай пляцоўцы, а самі мінчане, прычым самага рознага веку.

Прынцыповае рашэнне ўжо прынята: Цэнтру - быць! Але дэталі гэтага праекта выклікаюць нямала пытанняў, датычных яго канцэпцыі, функцый, "эстэтычных параметраў", месца на карце Мінска і - шырэй - культурнай карце краіны. Скептыкі (ну куды ж без іх у такой маштабнай справе?) тым часам ставяць пытанне яшчэ вастрэй: ці ўдасца запоўніць новыя сцены вартым увагі "зместам"? Адказы на гэтыя ды многія іншыя пытанні можна атрымаць ужо сёння. Міністэрства культуры краіны даручыла Музею сучаснага выяўленчага мастацтва распрацоўваць гэтую ідэю, вывучаючы і аналізуючы замежны досвед. Таму і абрысы прынцыпова новай для Беларусі інстытуцыі паступова вымалёўваюцца на даляглядзе - хай сабе пакуль толькі ў выглядзе праектаў.

 

Для гледача і для аўтара

З тым, што стварэнне ЦСМ мае важкі іміджавы аргумент, спрачацца не выпадае. У апошнія гады істаблішмент постсавецкіх краін ахапіла сапраўдная мода на contemporary art. Менавіта таму цэнтры сучаснага мастацтва сталі расці ў нашых суседзяў бы грыбы пасля дажджу.

Не так даўно ўбачыў у Інтэрнэце фотаздымак, на якім паважнага веку ўкраінскія палітыкі і грамадскія дзеячы ўважліва разглядаюць заспіртаваную Дэм'янам Хэрстам акулу. Яшчэ гадоў дзесяць таму такая сцэна выклікала б у мяне сапраўдны шок. Але сёння кіеўскі Цэнтр, створаны за сродкі аднаго з найбуйнейшых бізнесменаў краіны, стабільна прыцягвае на свае вернісажы VIP-публіку. А літаральна з паўгода таму ў сталіцы Украіны паўстаў і яшчэ адзін ЦСМ - гэтым разам дзяржаўны.

Падобныя цэнтры сёння існуюць амаль ва ўсіх сталіцах суседніх з намі дзяржаў. Выключэнне складае толькі Рыга, дзе рэалізацыю амбітных задум, падобна на тое, "адкарэкціраваў" сусветны эканамічны крызіс. У Маскве такіх інстытуцый, прынамсі, пяць - як дзяржаўных, так і створаных па ініцыятыве мецэнатаў.

Беларускі варыянт стане своеасаблівым "міксам", аналагаў якому ў свеце не так і шмат. Як мяркуецца, фінансаванне будаўнічых працаў мінскага ЦСМ будзе адбывацца з некалькіх крыніц адначасова - у тым ліку, вядома, і з дзяржаўнага бюджэту. Адзін з найбуйнейшых банкаў краіны ўжо сёння выказаў гатоўнасць далучыцца да гэтага праекта ў якасці партнёра і мецэната, дэманструючы тым самым, што агульнаеўрапейскія ментальныя трэнды не абыходзяць і Беларусь. І гэта, зрэшты, заканамерна.

Тыпалогія падобных інстытуцый у свеце таксама даволі размаітая. Варшаўскі Замак Уяздоўскі - гэта паважная ўстанова з усімі вонкавымі атрыбутамі музея. Берлінскі "Тахелес"- поўны яе антыпод: ніякіх рамак, ніякіх білецёрак на ўваходзе і кругласутачна адчыненыя дзверы для ўсіх аматараў "патусавацца".

На думку дырэктара Музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталлі Шаранговіч, мінскі ЦСМ павінен знайсці максімальна выгодны (у творчым плане) кампраміс паміж дзвюма крайнасцямі. Ва ўсялякім выпадку, кавярня там будзе абавязкова. Але не проста як аб'ект інфраструктуры, а перадусім як зручная пляцоўка для правядзення камерных імпрэз у своеасаблівым фармаце.

Пэўныя элементы музея прадугледжаны і ў праекце айчыннага ЦСМ. Частка яго плошчаў будзе аддадзена пад пастаянную экспазіцыю з фондаў Музея сучаснага выяўленчага мастацтва - своеасаблівую рэтраспектыву беларускага мастацтва апошніх дзесяцігоддзяў, якая дазволіла б прасачыць яго эвалюцыю. Але астатняя плошча будзе прасторай для эксперыменту.

Большасць цэнтраў сучаснага мастацтва адрозніваюцца ад музеяў не толькі паводле канцэпцыі (пра гэта - пазней), але таксама і графікам працы. Музеі зачыняюцца з надыходам цемры, а ў ЦСМ у гэты час толькі пачынае віраваць жыццё. Там рэгулярна ладзяцца канцэрты, вечарыны, спектаклі, перформансы... І гэты "рух" прыцягвае нават тых, каго сілком не зацягнеш у традыцыйны музей.

Такое самае інтэнсіўнае насычэнне прасторы плануецца і ў мінскім Цэнтры сучаснага мастацтва. Вельмі важна, каб ЦСМ быў запатрабаваны аўдыторыяй, каб дзякуючы яму як мага больш людзей маглі звярнуць увагу на гэты цікавы аспект айчыннай культуры. Установа ствараецца не дзеля "птушачкі" - яна будзе існаваць для гледача і для аўтара. Першы атрымае магчымасць пашырыць свой кругагляд, а другі - займее спрыяльныя ўмовы для самавыяўлення.

І сапраўды, цэнтры сучаснага мастацтва не выпадае разглядаць як забаўкі істэблішменту. Для аўдыторыі, асабліва- маладзёжнай, яны становяцца новай магчымасцю "далучыцца да культуры" (уласна, менавіта пра гэта казала адна з удзельніц згаданай "гарачай лініі", дарэчы, паважнага веку...). А для мастакоў, у сваю чаргу,- новай магчымасцю не толькі паказаць свае творы, але і, уласна, ствараць.

Літаратару для творчасці патрэбны асадка і /i/content/pi/cult/300/5059/pic_9.jpgнататнік. Многія віды сучаснага мастацтва вымагаюць куды больш тэхнічных прылад.

 

Вышыня столі як фактар арт-працэсу

 Запытаў у знаёмага мастака, чаму ён дагэтуль не зладзіў прыстойнай персанальнай выстаўкі, задавальняючыся адно незлічонымі ўдзеламі ў групавых. Як выявілася, справа была не ў амбіцыях, а ў магчымасцях.

З дапамогай пальцаў адной рукі мой прыяцель пералічыў усе выставачныя пляцоўкі Мінска і падрабязна патлумачыў, чаму яму не пасуе ніводная з іх. Галоўная прычына заключалася ў тым, што ягоныя больш як двухметровай вышыні палотны патрабуюць адмысловай экспазіцыйнай прасторы.

Куратары адной з частак сёлетняга фестывалю "Art.InTouch", які быў зладжаны Музеем сучаснага выяўленчага мастацтва і ставіў сабе за мэту зрабіць яго своеасаблівы зрэз, вынайшлі цудоўны ў плане сваёй мінімалістычнай пераканаўчасці экспазіцыйны ход. Кожны з тузіна ўдзельнікаў выстаўкі прадставіў па адным сваім буйнафарматным творы, які, у той самы час, сцісла і паўнавартасна выяўляў мастацкую практыку аўтара.

Выстаўка атрымалася надзвычай удалай. Але для яе правядзення музею давялося шукаць іншае памяшканне. З той простай прычыны, што ў яго родныя сцены гэтыя творы папросту не змясціліся б- паводле сваіх фізічных параметраў.

- Наша ўтульная зала разлічана хіба на камерныя выстаўкі, - кажа Наталля Шаранговіч. - Правесці вялікі фестываль у сябе дома мы не можам. Тым болей, апошнім часам можна адзначыць прыемную тэндэнцыю: мастакі перасталі баяцца вялікіх памераў...

Дырэктар музея прасочвае пэўную сувязь паміж плошчай палотнаў і сацыякультурнымі ды нават эканамічнымі варункамі развіцця грамадства. Логіка ў яе развагах сапраўды навідавоку: нядаўні "сыход у камернасць" зазвычай меў чыста меркантыльную матывацыю і памкненні змясціцца ў гасцёўні заказчыкаў. Адпаведна, вяртанне мастакоў да "буйнога калібру" - добры сімптом. Але ж "буйнакаліберных" залаў, на жаль, пакуль не паболела. І гэты банальны фактар, вядома, не можа натхняць на ўзнёслыя творчыя пошукі.

Жывапіс - гэта толькі адна са шматлікіх форм існавання сучаснага мастацтва. Яшчэ адна - інсталяцыя- прадстаўлена ў айчынным арт-кантэксце хіба фрагментарна. Прычына дакладна тая самая: рэалізацыя задум у гэтым рэчышчы патрабуе нават не плошчы, але аб'ёму, прычым часам даволі шмат. А кубаметраў выставачнай прасторы ў Мінску хранічна не хапае.

З дэманстрацыяй твораў відэаабо медыя-арта - таксама праблемы. Для гэтага неабходна пэўнае абсталяванне, якога на сённяшні дзень не мае на сваім балансе ні адна з мінскіх выставачных пляцовак.

- Менавіта таму даўно наспела неабходнасць стварыць пляцоўку, якая мела б належныя тэхнічныя магчымасці для выяўлення ўсёй палітры сучаснага мастацтва, - рэзюмуе Наталля Шаранговіч. - Паводле самой сваёй прыроды, яно сінтэтычнае, і таму Цэнтр павінен ствараць умовы для спалучэння розных яго відаў. На гэтых плошчах знойдзецца месца не толькі для выяўленчага мастацтва і дызайну, але таксама і для тэатра, архітэктуры, мастацтва дзеяння, медыя-арту, эксперыментальнай музыкі...

Плануецца, што ў мінскім ЦСМ будзе спецыяльная зала, прызначаная для нетрадыцыйных тэатральных форм. Пакуль што беларускія калектывы, якія шчыруюць на гэтай ніве, такіх выгод не маюць.

- Пляцоўка, спецыялізаваная менавіта на сучасных тэатральных паказах, - гэта зала-трансформер, складнікі якой можна прыстасаваць да патрэб канкрэтнага калектыву, - кажа кіраўнік пластычнага тэатра "InZhest" Вячаслаў Іназемцаў. - Не так даўно мы выступалі ў адным такім Цэнтры ў Германіі. Прыехалі туды напярэдадні... і ўбачылі толькі голыя сцены. Да нас падышоў тэхнічны дырэктар і спытаў: "Хлопцы, а дзе ў вас будзе сцэна?" Потым вельмі хутка была зманціравана патрэбная канфігурацыя святла - прычым канкрэтна "пад нас". А ў Мінску ўсе залы маюць традыцыйны падзел на сцэну і партэр, святло там усталявана стацыянарна. Таму, каб рэалізаваць свае задумы, даводзіцца неяк выкручвацца...

Цэнтр сучаснага мастацтва дасць схільным да эксперыменту творцам тыя магчымасці самавыяўлення, пра якія яны раней не наважваліся нават і марыць.

 

Сур'ёзны грунт "моднай фішкі"

/i/content/pi/cult/300/5059/pic_10.jpgДжэнтрыфікацыя - гэта наданне новага жыцця непрывабным і занядбаным участкам гарадской забудовы. Таму ўжо не першае дзесяцігоддзе лічыцца модным ствараць цэнтры сучаснага мастацтва на тых плошчах, дзе раней ніякага мастацтва не было і блізка. Перадусім гэта - састарэлыя і незапатрабаваныя сёння прамысловыя аб'екты, некаторыя з якіх, у той самы час, з'яўляюцца архітэктурнымі помнікамі (назвы "Гараж" і "Вінзавод", якія буйным шрыфтам выведзены на арт-карце Масквы, сведчаць самі за сябе). Зразумела, што гэтая "модная фішка" мае пад сабою вельмі сур'ёзны грунт: захаванне аб'ектаў спадчыны праз наданне ім новага функцыянальнага прызначэння, а таксама... гуманная "зачыстка" гарадской прасторы ад непрывабных участкаў.

- Сучаснае мастацтва не патрабуе стэрыльнай чысціні - яно цудоўна спалучаецца са старой цэглай і трохі брутальнай індустрыяльнай забудовай, - лічыць Наталля Шаранговіч.

Варыянт стварэння арт-цэнтра ў памяшканні старога завода разглядаўся і ў Мінску, але... на жаль, прыдатнага будынка, які меўся б вызваліцца ў бліжэйшы час, у цэнтры горада папросту не знашлося. Таму выбар, у рэшце рэшт, спыніўся менавіта на былой танцавальнай зале ў парку Чалюскінцаў.

Але стратэгія джэнтрыфікацыі ў дадзеным выпадку ўсё адно вытрымліваецца. Нязграбны будыначак, што паўстаў яшчэ ў 1950-я, сёння выглядае, мякка кажучы, непрывабна. Да таго ж, ужо каторы год ён не выкарыстоўваецца: аварыйны стан відавочны нават без тэхнічнай экспертызы. Адпаведна, вакол яго паўстала "мёртвая зона", якая ў грамадскім парку зусім не да месца. Ды і адкрытая танцпляцоўка, што прысуседзілася да будынка, выглядае, хутчэй, рудыментам старых часоў, а не актуальным культурным аб'ектам.

Самі будынкі цэнтраў сучаснага мастацтва вельмі часта становяцца магчымасцю для выяўлення найсмялейшых архітэктурных ідэй і ўжо сёння атрымліваюць статус "помнікаў архітэктуры ХХІ стагоддзя". Не выключана, што такі пачэсны кон чакае і той нязграбны будыначак у парку Чалюскінцаў.

- Без сумневу, ён мае спазнаць не проста рамонт, а сур'ёзную рэканструкцыю, - кажа Наталля Шаранговіч.- Адпаведна, ягонае аблічча кардынальна зменіцца. Таму, магчыма, мае сэнс аб'явіць конкурс сярод маладых архітэктараў, каб выбраць самую арыгінальную і функцыянальную ідэю...

І сапраўды, абодва гэтыя фактары - арыгінальнасць і функцыянальнасць - неабходна спалучыць максімальна арганічна. Каб у адметным будынку былі створаны найлепшыя ўмовы і для гледачоў, і для мастакоў, і для персаналу, і, вядома ж, для саміх работ, чыё захоўванне патрабуе спецыяльных захадаў.

Што да выбару месца... На думку Наталлі Шаранговіч, парк Чалюскінцаў - гэта найлепшы варыянт. З аднаго боку - блізка ад цэнтра горада, і дабірацца туды вельмі зручна, з другога - побач няма жылога сектара, насельнікам якога маглі б перашкаджаць гучныя імпрэзы. Да таго ж, Цэнтр здолее распаўсюдзіць сваю дзейнасць за межы будынка - непасрэдна на тэрыторыю парку.

Спосабы выкарыстання навакольнай прасторы ўжо прадумваюцца. Адзін з іх паспеў апрабіраваць сябе ў маленькіх гарадах і нават мястэчках- гэта правядзенне скульптурных пленэраў. Кожны з іх пакідае па сабе арыгінальныя творы, якія памнажаюць лік адметнасцей той або іншай мясціны.

А ў цёплую пару года прымяненне ўдасца знайсці і для танцпляцоўкі: там могуць ладзіцца open-air фестывалі.

 

Роля медыума

Наладжванне кантакту паміж стваральнікамі сучаснага мастацтва, чыім аўтарскім практыкам нярэдка ўласцівая герметычнасць, і "паспалітым гледачом" - задача не з простых. Зразумела, што адной толькі арганізацыяй выставак поспеху дасягнуць не ўдасца. Але, у адрозненне ад многіх замежных інстытуцый, якія не асабліва рупяцца пра навядзенне гэтых ментальных масткоў, беларускі ЦСМ ад пачатку бярэ на сябе няпростую ролю медыума.

Шляхі вырашэння гэтай задачы м/i/content/pi/cult/300/5059/pic_11.jpgогуць быць розныя. Разважаючы аб перспектывах ЦСМ, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаіл Баразна звярнуў асаблівую ўвагу на адукацыйных праекты, разлічаныя на моладзь і нават дзятву.

- Так, дзіцячыя гурткі - гэта таксама адзін з накірункаў працы нашага Цэнтра, - кажа Наталля Шаранговіч. - І, дарэчы, такі досвед паспяхова ўкараніўся ў многіх еўрапейскіх арт-інстытуцыях. А на Беларусі гэты аспект асабліва важны яшчэ і праз адсутнасць у школьнай праграме культуралагічных дысцыплін. Школьнікі, якія сёння прыходзяць да нас у музей, не ведаюць нават, хто напісаў "Мону Лізу", не кажучы ўжо пра сучаснае мастацтва. І таму мы спадзяёмся хаця б трохі ліквідаваць гэты прагал...

Зрэшты, многія сучасныя артэфакты не зразумелыя і для дарослай аўдыторыі. Пераймаючы сусветны досвед і адаптуючы яго да беларускай рэчаіснасці, стваральнікі канцэпцыі Цэнтра сучаснага мастацтва ўжо вынайшлі сваю невялічкую экспазіцыйную "ноу-хау". На думку Наталлі Шаранговіч, творы могуць цудоўна дапаўняць каментарыі саміх аўтараў, папярэдне запісаныя на відэа. Балазе тэхнічныя ўмовы будуць гэта дазваляць.

Яшчэ адзін шлях папулярызацыі сучаснага мастацтва, які ўжо засведчыў сваю эфектыўнасць за мяжой,- вынясенне яго твораў з галерэйнай прасторы ў гарадскую.

- Мы распрацоўваем акцыю пад назвай "Аб'ект у гарадской прасторы", - распавядае Наталля Шаранговіч. - Банеры, плакаты на прыпынках, нейкія адмысловыя малыя архітэктурныя формы... Спосабаў данесці сучаснае мастацтва да самай шырокай аўдыторыі вельмі шмат...

Паспяховая рэалізацыя апісаных вышэй задум - гэта не толькі пытанне фінансаў і часу. Узнікае і іншае пытанне: ці апраўдаюць сябе інвестыцыі? Тым болей, меркаванні пра агульную "недаразвітасць" беларускага сучаснага мастацтва даводзілася чуць неаднойчы - як з боку "звышпрасунутых" наватараў (для сябе яны, вядома, робяць выключэнне), так і ад тых, хто мае кансерватыўную пазіцыю. Дык ці ўдасца запоўніць новыя сцены адметным эстэтычным матэрыялам? Або Цэнтру ў парку Чалюскінцаў наканаваны такі ж самы лёс, як і аднайменнаму цеплаходу: спярша - доўгі дрэйф, а потым - на дно?

- Па шчырасці, такога пытання я проста не разумею, - дзівіцца Міхаіл Баразна. - Нагадаю банальную ісціну: мы жывём у дзесяцімільённай краіне, якая знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы. Дык няўжо ў нас не знойдзецца годнага напаўнення для аднаго Цэнтра сучаснага мастацтва? Або праблема ў іншым: некаторыя беларусы маюць дзіўную схільнасць зневажаць саміх сябе. Заўсёды раіў ім як мага хутчэй пазбавіцца ад гэтай хваробы.

Міхаіл Баразна - гэта чалавек, які не схільны да "дзяжурных" галаслоўных кампліментаў. Ён ацэньвае маладое мастацтва па "гамбургскім рахунку", без усякіх паблажлівых зніжак. Але ў цэлым гэтая ацэнка вельмі станоўчая:

- Людзі, якія ўважліва сочаць за беларускім арт-працэсам, бачаць у ім і мноства цікавых постацей, і арыгінальныя ідэі. Паглядзіце, колькі ў нас цікавай моладзі, схільнай да эксперыментаў! Прычым шмат адкрыццяў можна зрабіць не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах, творчыя працэсы якіх для мінскага гледача па-ранейшаму застаюцца terra incognita.

Рэктар БДАМ перакананы ў тым, што ЦСМ павінен быць адкрыты для ўсіх адметных творцаў, схільных да эксперыменту,- без залежнасці ад іх геаграфічнага месцазнаходжання, эстэтычнай пазіцыі і "групавой прыналежнасці":

- Недапушчальна, каб Цэнтр сучаснага мастацтва стаў "маўзалеем" для трох-чатырох аўтараў, якія лічаць сябе самымі таленавітымі і нікога, апрача сябе, не заўважаюць. Яго дзверы павінны быць адчынены для ўсіх...

Уласна, такога самага падыходу прытрымліваецца і Наталля Шаранговіч. Бо менавіта гэтая адкрытасць і адрознівае ЦСМ як ад галерэй, што зазвычай рэпрэзентуе вузкае кола аўтараў, так і ад музеяў, дзе прадстаўляюцца творы, якія ўжо зазначылі сябе ў гісторыі беларускай культуры.

- Я не выключаю таго, што многія эксперыменты сённяшняга дня ніколі не стануць класікай і зоймуць вельмі сціплае месца ў гісторыі беларускага мастацтва, - кажа яна. - Але, у той самы час, яны з'яўляюцца неад'емнай часткай працэсу, і ўжо таму вартыя ўвагі.

Ва ўсялякім выпадку, меркаваць пра ўплыў на агульны працэс таго або іншага артэфакта можна толькі з вялікай часавай дыстанцыі. У адрозненне ад музея, ЦСМ не бярэ на сябе функцыю такога суддзі. Ён увогуле ўхіляецца ад безапеляцыйных высноў. Ён проста стварае магчымасці паказаць і ўбачыць сучасны стан мастацтва.

Пытанне: што ж такое сучаснае мастацтва? - па-ранейшаму не губляе сваёй дыскусійнасці. "Гэта мастацтва пошуку", - сцісла фармулюе Наталля Шаранговіч. Абмежаванні паводле форм і праяў гэтага пошуку падаюцца ёй залішнімі.

Дырэктар музея ўпэўнена, што творчы пошук уласцівы не толькі канцэптуалістам, але і тым мастакам, якія па-ранейшаму не выпускаюць з рук традыцыйнага пэндзля:

- Возьмем, для прыкладу, двух такіх розных жывапісцаў, як Уладзімір Тоўсцік і Сяргей Кірушчанка. Абодва яны няспынна знаходзяцца ў пошуку, хаця кожны шукае нешта сваё. Наўрад ці творы гэтых аўтараў можна ўявіць у экспазіцыі адной выстаўкі, але абодва з іх маюць поўнае права прэтэндаваць на сваю частку прасторы ў Цэнтры сучаснага мастацтва. Балазе з дапамогай рухомых панэлей гэтую прастору можна будзе размежаваць паміж рознымі творцамі...

У плане эстэтыкі ніякіх асаблівых табу ў мінскім ЦСМ не будзе. А вось у плане этыкі... Як адзначыла Наталля Шаранговіч, для аўтараў, якія робяць стаўку толькі на эпатаж, правакуючы грамадскія канфлікты і апаганьваючы духоўныя каштоўнасці іншых, месца ў прасторы арт-цэнтра не знойдзецца.

Ёсць і яшчэ адна немалаважная функцыя ЦСМ - рэпрэзентацыя беларускага мастацтва за мяжой, прычым не толькі ў рамках Дзён культуры ды іншых буйных акцый дзяржаўнага маштабу. Пакуль што гэты рух адбываецца даволі спантанна і спарадычна - на ўзроўні асабістых і карпаратыўных кантактаў.

Міністэрства культуры заўсёды гатова падтрымаць падобныя ініцыятывы. Але многія праекты, з якімі звяртаюцца беларускія мастакі, патрабуюць нямала чыста тэхнічнай работы.

У той самы час, немалаважны і другі бок культурных кантактаў- магчымасць убачыць лепшыя ўзоры сусветнага cоntemporary art не толькі ў фармаце дробных здымачкаў у Інтэрнэце (якія могуць хіба што сапсаваць ад іх уражанне), а "жыўцом", на ўласныя вочы. Пакуль што беларуская публіка такой магчымасцю не разбэшчана. Прычыны тут - не толькі тэхнічныя.

Патрэбны спецыялісты, здатныя хутка знайсці агульную мову з замежнымі партнёрамі, тыя, хто ведае ўсе юрыдычныя нюансы і здольны заключаць узаемавыгадныя дамовы. Задача наладжвання такіх кантактаў таксама будзе ўскладзена на ЦСМ.

...Прынцыповае непрыняцце айчыннага сучаснага мастацтва, як і многія іншыя стэрэатыпы, шмат у чым грунтуецца на няведанні. Калі ў публікі з'явіцца больш магчымасцей знаёмства з ім, апрыёры адмоўная пазіцыя многіх, не падмацаваная ніякім глядацкім досведам, хутчэй за ўсё, зменіцца на крытычна-ўдумлівую. Напэўна, гэта менавіта тая рэакцыя, якую і павінны выклікаць творы сучаснага мастацтва.

 

■ ■ ■

Пад час наведання Кіраўніком дзяржавы Нацыянальнага мастацкага музея прапанова аб стварэнні Цэнтра сучаснага мастацтва прагучала з вуснаў маладой мастачкі Кацярыны Сумаравай.

- Гэтая ідэя папраўдзе лунала ў паветры, прычым ужо далёка не першы год. Напэўна, яе спарадзіла само наша бурлівае жыццё, - кажа мастачка. - І я проста агучыла тое, што было ў мяне на сэрцы. Ды, зрэшты, не толькі ў мяне. Для ўсіх маладых творцаў, ды і для беларускай культуры ў цэлым, адкрытая для эксперыментаў прастора сапраўды неабходная...

Запытаўшы Кацярыну пра яе бачанне гэтай прасторы, міжволі зладзіў цікавы эксперымент. Справа ў тым, што пра ідэйныя напрацоўкі на гэты конт мастачка не ведала: тая "творчая кухня" пакуль увогуле шырока не афішыравалася. Але... Пачутыя ад Кацярыны прапановы амаль кропля ў кроплю супадалі з апісанымі вышэй задумамі! І такая аднадушнасць - папраўдзе красамоўная!

- Упэўнена, што стварэнне ЦСМ выкліча сапраўдны бум сучаснага мастацтва на Беларусі, адкрые для нашых творцаў новыя перспектывы,- дадала Кацярына. - Тым больш, мы жывём на пачатку новага стагоддзя, а такія часіны ў гісторыі культуры заўсёды характарызаваліся бурлівым творчым рухам ды рэвалюцыйнымі арт-інавацыямі. Трэба толькі стварыць для іх магчымасць праявіцца. Урэшце, у Мінску з'явіцца яшчэ адно месца, куды можна будзе з гонарам запрасіць замежных сяброў...

Гэты аргумент на карысць новай інстытуцыі таксама нельга пакідаць па-за ўвагай. Сапраўдны экзамен на турыстычную прывабнасць беларускай сталіцы давядзецца трымаць у 2014 годзе, калі да нас з'едуцца шматлікія аматары хакею з усяго свету. І таму плануецца, што чэмпіянат стане своеасаблівым "дэдлайнам" рэалізацыі грандыёзнай задумы. А шматлікія госці ўбачаць беларускую культуру не толькі багатай на традыцыі, але і адкрытай для эксперыментаў.