Аляксандр Лукашэнка: “Мы выпрацавалі стратэгію абнаўлення...”

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

“Гэта момант ісціны для ўсіх — для ўлады, грамадства і кожнага грамадзяніна”

Прыярытэтнымі накірункамі развіцця краіны на наступную пяцігодку дэлегаты IV Усебеларускага народнага сходу, сярод іншага, вызначылі карэнную мадэрнізацыю ўсіх галін эканомікі, развіццё чалавечага патэнцыялу, стымуляванне прыватнай ініцыятывы, рост экспарту і развіццё імпартазамяшчальнай вытворчасці, устойлівае развіццё рэгіёнаў... І ўжо некалькі дзён працягваюцца абмеркаванні гэтых ключавых перспектыў Беларусі, акрэсленых на ўсенародным веча. Гэтым разам у сценах Палаца Рэспублікі ён сабраў 2,5 тысячы чалавек з усіх куточкаў краіны, якія прадставілі самыя розныя катэгорыі насельніцтва і абсалютна ўсе сферы нашага жыцця. Ён яскрава пацвердзіў адзін з актуальных і неаспрэчных у нашай дзяржаве тэзісаў, агучаных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам: "Галоўнае - гэта права народа самастойна выбіраць стратэгію сацыяльна-эканамічнага, палітычнага і культурнага развіцця, адстойваць уласныя нацыянальныя інтарэсы і забяспечваць рост узроўню жыцця".

Цэнтральнай і важнейшай падзеяй першага дня /i/content/pi/cult/300/5055/pic_3.jpgСходу стаў даклад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, у якім Кіраўнік дзяржавы прааналізаваў, што было зроблена за мінулую пяцігодку, і акрэсліў стратэгічныя планы на будучую. "Мы ўжо навучыліся вырашаць любыя задачы і здольныя працаваць ва ўмовах сусветнай канкурэнцыі, - зазначыў ён. - Нам зараз нельга спыняцца. Стратэгічная мэта - увайсці ў лік першых 50 краін свету з найвышэйшым індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу". Пры гэтым Прэзідэнт акрэсліў пяць асноўных складнікаў дасягнення гэтай мэты: паўнацэнная сям'я, здароўе, адукацыя, рэальныя даходы і камфортнасць жыцця, і кожны з гэтых накірункаў дзейнасці будзе знаходзіцца ў пастаянным полі ўвагі дзяржавы.

Побач з найважнейшымі пытаннямі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны асобная ўвага ў дакладзе Прэзідэнта была скіравана на маладое пакаленне: "Сёння краіне як ніколі неабходна ініцыятыўнасць і энергія моладзі. Менавіта гэтыя якасці забяспечаць дынамічнае развіццё краіны. У нас створаны ўсе ўмовы, каб кожны чалавек мог рэалізаваць сябе ў роднай краіне - на вытворчасці, у бізнесе, навуцы, мастацтве". І для таго, каб сучасныя маладыя людзі не з'язджалі працаваць за мяжу, а знаходзілі магчымасці для ўласнай рэалізацыі на радзіме, неабходна не прыдумваць абмежавальныя меры, а- ствараць заахвочвальныя. "Функцыя дзяржавы - даць моладзі жыццёвы "трамплін" і базавыя гарантыі ўпэўненасці ў заўтрашнім дні", - сказаў Прэзідэнт.

Разам з тым, Лідар краіны падкрэсліў: "Як бы непапулярна гэта ні гучала, але ва ўзаемаадносінах паміж чалавекам і дзяржавай абавязацельствы павінны рэальна набыць двухбаковы і ўзаемны характар. Перш чым задаваць пытанне: "Што дзяржава мне дала?", кожны павінен спытаць сябе, што ён карыснага зрабіў для сваёй Бацькаўшчыны".

 

■ ■ ■

/i/content/pi/cult/300/5055/pic_4.jpgДругая палова першага дня згуртавала работу дэлегацый па профільных секцыях, у якіх абмяркоўваліся вузкаспецыяльныя пытанні і праблематыка. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі пад старшынствам кіраўніка Канстытуцыйнага суда Беларусі Пятра Міклашэвіча сабраліся прадстаўнікі ўстаноў культуры, аховы здароўя і СМІ.

Намеснік міністра культуры Тадэуш Стружэцкі, які першым атрымаў слова, распавёў прысутным больш падрабязна пра тое, што ж уяўляе з сябе сёння той "стратэгічны рэсурс дзяржавы", стрыжань духоўнасці і адзін са складнікаў дзяржаўнай ідэалогіі, якой з'яўляецца галіна культуры. Адно толькі ў сістэме Мінкульта сёння актыўна і плённа функцыянуе 9000 устаноў культуры, у якіх працуе каля 48 000 спецыялістаў. А колькі яшчэ навучаецца ў больш як паўтысячы музычных і мастацкіх школах, шэрагу сярэдніх спецыяльных устаноў і трох спецыялізаваных ВНУ, дзе рыхтуюцца кадры, без перабольшвання, па ўсіх творчых накірунках і прафесіях! Ну, а дзяржаўную сістэму падтрымкі таленавітай моладзі намеснік міністра справядліва назваў унікальнай. Не абышоў увагай Тадэуш Стружэцкі і тое, як шмат сёння робіцца дзяржавай ў плане матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння культурных патрэб, рэстаўрацыі і абнаўлення такіх буйных аб'ектаў, як Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Мірскі замак, што днямі мусіць адкрыць свае дзверы для ўсіх жадаючых, і шэрагу іншых знакавых культурных дамінант.

Безумоўна, акрэсліў намеснік міністра культуры і тыя праблемныя моманты, якія на сённяшні дзень яшчэ не знайшлі свайго канчатковага вырашэння: аднаўленне гісторыка-культурнай спадчыны, папаўненне музейных фондаў і г. д. Але, разам з тым, шляхі і механізмы вырашэння многіх з гэтых пытанняў, як зазначыў Стружэцкі, закладзены ў праекце Дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі" на бліжэйшыя пяць гадоў, дзе акцэнт робіцца на інавацыйныя падыходы ў культуры, а таксама - у такіх спецыяльных праграмах, як "Беларусь - Краіна замкаў", што цяпер знаходзіцца ў стадыі распрацоўкі.

Сярод іншых удзельнікаў дырэктар Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Азаронак, скіроўваючы ўвагу на асноўныя задачы культуры, сцвердзіў: "Наша задача - не каваць чырвонцы, а выхоўваць патрыёта. І мы паспяхова яе выконваем!" А Мітрапаліт Мінскі і Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч у якасці прапановы выказаў думку аб магчымасці прапрацоўкі механізма вызвалення ад падаткаў тых айчынных бізнесменаў, якія займаюцца дабрачыннасцю і ахвяруюць свае грошы на рамонт і рэстаўрацыю культавых пабудоў, што з'яўляюцца гісторыка-культурнымі помнікамі Беларусі.

Намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, аналізуючы дзейнасць айчынных СМІ (на сённяшні дзень іх колькасць, у параўнанні з мінулым, вырасла практычна ў дзесяць разоў і складае паўтары тысячы), распавяла, што сацыялагічныя апытанні, якія праводзіліся за апошнія пяць гадоў, сведчаць: менавіта нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі фарміруюць грамадскую думку, і галоўны залог гэтага - аб'ектыўнасць, адкрытасць і праўдзівасць. Асаблівы акцэнт Лілія Ананіч зрабіла на ўнікальнай па сваёй сутнасці практыцы: толькі ў нас дзейнічае спецыяльны Указ аб крытычных выступленнях у СМІ, згодна з якім кампетэнтныя органы павінны рэагаваць і прымаць адпаведныя меры па дадзенай крытыцы. Так што, па сутнасці, прэса ў поўнай ступені апраўдвае сваю назву "чацвёртай улады", з'яўляючыся паўнапраўным партнёрам органаў дзяржаўнага кіравання.

 

■ ■ ■

Вечарам дэлегаты Усебеларускага народнага сходу наведалі сталічную "МінскАрэну", дзе іх цягам некалькіх гадзін радавалі сваёй творчасцю айчынныя майстры мастацтваў, якія прадставілі багатую і разнастайную канцэртную праграму.

Другі дзень Сходу прайшоў пад знакам выступленняў удзельнікаў Сходу і дэбатаў па азначаных Прэзідэнтам краіны стратэгічных накірунках развіцця краіны на будучую пяцігодку. Па заканчэнні іх дэлегаты прынялі Рэзалюцыю IV Усебеларускага народнага сходу, у якой пацвердзілі вектары будучага курсу развіцця нашай краіны.