БЕЛАРУСЬ: ПЕСНЯ ХХІ СТАГОДДЗЯ

№ 50 (970) 11.12.2010 - 17.12.2010 г

Сёння сталічны Футбольны манеж прымае ўдзельнікаў грандыёзнага заключнага канцэрта Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі «Беларусь — гэта мы!», якая цягам года пабывала ў дзясятках вялікіх і малых населеных пунктаў нашай Радзімы...

/i/content/pi/cult/300/5054/pic_2.jpgСёння - фінал!

Фінальны гала-канцэрт Рэспубліканскай грамадска-культурнай акцыі "Беларусь - гэта мы!" адбудзецца сёння ў сталічным Футбольным манежы. Акрамя вядомых айчынных артыстаў у ім прымуць удзел выканаўцы - госці з Расіі, Украіны, Бельгіі і Германіі.

На сцэну са сваімі лепшымі песнямі выйдуць ансамбль "Песняры", Анжаліка Агурбаш, Дзмітрый Калдун, гурт "3+2", Іскуі Абалян, Ксенія Сітнік, госці з замежжа...

"Задачы, якія ставіліся перад гэтай акцыяй, паспяхова выкананы, - зазначыў начальнік канцэртна-фестывальнага аддзела ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, намеснік начальніка згаданага ўпраўлення Ігар Варонін,- яна здолела кансалідаваць грамадства. Перад кожным канцэртам выступалі прадстаўнікі ўлады, кіраўнікі калектываў, якія падкрэслівалі каштоўнасці, важныя для беларусаў, іх гонар. Гэта паспрыяла замацаванню культурнага адзінства нацыі".

Па словах Ігара Вароніна, адбылося больш за сотню канцэртаў, цягам якіх шырокія слаі насельніцтва лепш пазнаёміліся з папулярнымі выканаўцамі і калектывамі нашай краіны. Акрамя гэтага, было папулярызавана шмат выканальніцкага матэрыялу, слухачы даведаліся пра сучасную рэпертуарную палітыку артыстаў.

Прэс-сакратар тэлеканала АНТ - арганізатара канцэртаў у абласных цэнтрах Таццяна Курбат таксама падвяла вынікі акцыі: "Водгукі тэлегледачоў і людзей, якія наведвалі канцэрты, - проста цудоўныя! Праз сайт тэлеканала мы атрымалі надзвычай шмат паведамленняў і падзяк. Не памятаю іншай акцыі, што набыла б такі рэзананс. Нягледзячы на тое, што склад артыстаў, якія выступалі ў розных гарадах, быў падобны, кожны канцэрт быў своеасаблівым, песні і сцэнічныя касцюмы не паўтараліся".

Фота на першай паласе Аляксандра ХІТРОВА, БелТА