Богданаўская “святыня думання” Фердынанда Рушчыца

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

...Толькі Беларусі належаў целам і душой

/i/content/pi/cult/299/5053/Clip_13.jpg

...Фердынанд Рушчыц быў выдатным мастаком, добрым чалавекам, цудоўным каларыстам і рысавальшчыкам. Так, ён хацеў служыць сваім мастацтвам тым, хто ў гэтым меў патрэбу не як спажывец. Яго ідэал у тым, каб людзі ўцягваліся ва ўсе праявы мастацкага жыцця, каб жывапіс стаў патрэбай, часткай духоўнага жыцця чалавека, узнімаў бы яго над паўсядзённасцю, развіваў густ і жаданне самому выяўляць сябе ў творчасці...  

(Заканчэнне. Пачатак у № 48 за 2010 г.)

Да 1908 года Рушчыц выкладаў у Варшаўскай мастацкай школе, потым перабраўся на радзіму, у Богданава, дзе і жыў да кастрычніцкіх падзей 1917-га. Што ён пісаў у гэтыя дзесяць гадоў? Інтэр'еры сваёй сядзібы, натурныя эцюды жывапісных наваколляў: "Бледнае сонца", "Зіма", "Масток", "У пакоях", "Залаты спакой", "Дрэвы над вадой"... Напрыклад, каларыстычны дар мастака ў пейзажы "Зіма" дасягнуў сапраўдных вяршынь. Як здорава тут намаляваны занесеныя снегам галінкі старых ялін, падобныя на чарадзейныя карункі народных майстрых! Або сняжынкі, якія пераліваюцца смарагдамі... А свой любімы богданаўскі вятрак ён пабачыў з вышыні птушынага палёту, адкуль чароўнай карцінай рассцілаецца зямля з гэтым самым млыном, ручаём з плацінай і вялікім драўляным колам, якое прыводзіць у рух жорны. Дарэчы, млын тыповы для беларускага пейзажа: прысадзісты, з саламяным дахам, што накрыты бура-зялёным мохам. Усе прадметы ў палатне афарбаваны ў смарагдава-зялёныя і чырванаватыя мажорна-прыўзнятыя тоны. Штось тут па настроі і танальнасці вельмі нагадвае фарбы любімага настаўніка майстра - Архіпа Куінджы. Але менавіта гэты перыяд Рушчыца мастацтвазнаўчая думка ахарактарызавала наступным чынам: "У станковых палотнах адчуваецца імкненне адысці ад буйных сацыяльных пытанняў. У перыяд Кастрычніцкай рэвалюцыі ў светапоглядзе Рушчыца праявілася вядомая кансерватыўнасць і сацыяльная абмежаванасць". Вось так, ні больш ні менш: "...Кансерватыўнасць і сацыяльная абмежаванасць..." Каментарыі тут залішнія.

Пасля 1918-га Рушчыц жыў у Вільні, дзе загадваў кафедрай жывапісу ва ўніверсітэце. Паралельна пісаў натурныя пейзажы, звязаныя з беларускай гісторыяй. Заўважым, што пасля заключэння Рыжскага мірнага дагавора Заходняя Беларусь і частка Літвы былі ўключаны ў склад Польшчы, так што Рушчыц стаў як бы польскім падданым. Пэўны час быў нават старшынёй Камітэта па ахове помнікаў гісторыі, што дазволіла яму скрупулёзна вывучаць замкі ў Крэве, Міры, Лідзе, Гродне, Вільні. Дарэчы, у Вільні, Рушчыц у тэатры Н.МладзяеўскайШкуркевіч афармляў і спектаклі, у асноўным - па п'есах польскіх драматургаў і паэтаў Юльюша Славацкага ("Баладына", "Лілія Венеда"), а таксама Станіслава Выспянскага ("Вяселле", "Варшавянка", "Лістападаўская ноч") ды іншыя. Але пра жыццё Рушчыца ў гэтым горадзе з 1919 па 1932 гады, пра яго дзейнасць як мастака-дэкаратара мы ведаем мала. Узнікае пытанне: ці сутыкаўся ён з даволі тады вядомымі беларускімі нацыянальнымі дзеячамі, напрыклад, братамі Луцкевічамі? Але можам толькі дапускаць, меркаваць, што камунікабельны Рушчыц усё ж не знаходзіўся ў культурным вакууме тагачаснага размаітага, багатага духоўнага жыцця Вільні. Падкрэслю, ён быў ініцыятарам адраджэння старадаўняга рамяства - вырабу віленскіх вербачак, якія сталі заўсёднымі атрыбутамі вясенніх святаў - Казюкаса.

Аднак у Вільні Рушчыц надоўга не затрымаўся. Калі /i/content/pi/cult/299/5053/Clip_14.jpgКамітэт па ахове помнікаў быў скасаваны польскім урадам, раз'юшаны гэтым фактам мастак пакінуў Віленскі ўніверсітэт і канчаткова перасяліўся ў Богданава. Цудоўны пейзаж "Старыя яблыні" - з той самай пары. Ён быў напісаны левай рукой, бо ў выніку інсульту ў Рушчыца паралізавала правую частку цела. Між тым, "Старыя яблыні" я лічу проста выдатным творам, бо бачу ў ім своеасаблівы драматычны "аўтапартрэт" жывапісца. Хіба гэтае перапляценне выгнутых ствалоў і галін дрэў з абсыпанай лістотай не нагадвае лёс пакутных апошніх гадоў жыцця мастака? Левай рукой ён выканаў і мноства алоўкавых замалёвак, у якіх адной тонкай лініяй віртуозна перадаваў характары людзей ("Сям'я мастака", "Дрэвы над вадой", "Аўтапартрэт"). Пэндзлю творцы належыць і манументальны роспіс інтэр'ера касцёла Святой Дзевы Марыі ў вёсцы Вішнева, што на левым беразе ракі Гальшанкі. У Першую сусветную вайну ён згарэў, але ў 1920-я гады быў узноўлены.

А яшчэ Рушчыц стварыў шмат гравюр, часопісных ілюстрацый, заставак і канцовак для віленскіх, варшаўскіх, кракаўскіх выдавецтваў, часта выкарыстоўваючы ў іх арнаменты слуцкіх паясоў. Напрыклад, вельмі цікава выглядае вокладка польскага часопіса "Zurawce", якую аформіў Рушчыц: высока над зямлёй сумна ляціць жураўліная чарада; цені птушак адбіваюцца ў люстраной роўнядзі возера... Быццам бы, усё проста, але мне чамусьці прыгадваюцца радкі старой душэўнай песні, якую так любілі эмігранты: "Здесь, под небом чужим, я, как гость нежеланный, слышу крик журавлей, улетающих вдаль..."

Мастак памёр 30 кастрычніка 1936-га ва ўзросце 66-ці гадоў, пакінуўшы багатую творчую спадчыну ў галіне жывапісу і графікі. Так здарылася, што большая частка спадчыны Рушчыца асела ў музеях Варшавы, Вільнюса, Кракава, Львова. У нас жа, паўтаруся, знаходзіцца толькі адна ягоная работа, і тая апынулася ў нашым музеі дзякуючы асабістай руплівасці Алены Аладавай. Але менавіта праз яе працу пачалося вяртанне мастака ў прастору беларускай нацыянальнай культуры. Потым, у 70-я гады, з'явіліся і мастацтвазнаўчыя матэрыялы пра Рушчыца Л.Дробава, пазней - М.Баразны, Я.Шунейкі, А.Марціновіча, В.Рагойшы. М.Грамыка, Т.Сухоцкай. У 2002 годзе быў перакладзены з польскай мовы на беларускую і "Дзённік: да Вільні. 1894 -1904" Ф.Рушчыца, які падрыхтаваў Э.Рушчыц. У жніўні 2000-га, у сувязі са 130-годдзем з дня нараджэння мастака, на Валожыншчыне, у Богданаве і Вішневе, Гальшанах, Крэве, Барунах, Трабахах, адбыўся І Міжнародны пленэр, у якім прынялі ўдзел беларускія мастакі і нашчадкі Рушчыца з Варшавы. Вынікам яго стала цудоўная выстаўка "Зямля і неба Фердынанда Рушчыца". А праз чатыры гады ў Мінску, у раёне Вялікай Сляпянкі, адна з вуліц была названа імем мастака, а на доме - устаноўлена мемарыяльная дошка (скульптар - П.Вайніцкі, архітэктар - В.Іваноў).

На жаль, ад былой фамільнай сядзібы Рушчыцаў сёння практычна нічога не засталася, хіба што сціплыя вясковыя могілкі, дзе пахаваны Рушчыцы, ды падмуркі іхніх дамоў. Ну, яшчэ - ручай і старыя дрэвы. Карацей кажучы, полымя Другой сусветнай вайны ўсё пазнішчала, у тым ліку і той самы касцёл Святога Міхаіла з цудоўнай чатырохграннай шатровай вежай (у 90-я гады на яго месцы быў пабудаваны новы цагляны касцёл). Хаця, па вялікім рахунку, паступовае разбурэнне сядзібы пачалося адразу пасля 1939 года. Мясцовыя жыхары ўзгадвалі выпадкі, калі ў старонкі кніг з разрабаванай бібліятэкі "паноў" Рушчыцаў людзі загортвалі селядцы ды мыла...

...У заключэнне хачу расказаць адну дзіўную - калі не сказаць дзівосную - гісторыю, звязаную з Рушчыцам. У адной сям'і, у далёкім горадзе Барнауле, захоўваецца карціна "Маці і дзіця", якая ніколі публічна не выстаўлялася, бо яе гаспадары былі супраць таго, каб гэтае палатно пакінула сцены іхняга дома. Аказваецца, продкамі сённяшніх уладальнікаў карціны былі багатыя грамадзяне нейкага горада або мястэчка на тэрыторыі сучаснай Беларусі. А ўсё пачыналася з таго, што маладыя муж і жонка доўга не маглі нарадзіць дзіця. Ні ўрачам, ні знахарам не пад сілу было дапамагчы гэтай сям'і. А ў маладога мужа быў сябар - Фердынанд Рушчыц. Аднойчы мастак, спачуваючы сябру, падарыў яму сваю карціну з выявай маладой цудоўнай жанчыны з дзіцем на руках, падобнай да сярэднявечнай мадонны, толькі ў простым народным адзенні, на фоне вясковага пейзажу. У выяве жанчыны крыху ўгадваліся рысы жонкі сябра. Пры перадачы карціны Рушчыц сказаў, што з гэтага часу ў сям'і будзе /i/content/pi/cult/299/5053/Clip_15.jpgзаўсёды дабрабыт, прыгажосць і народзяцца дзеці. Але абавязковая ўмова: карціна павінна знаходзіцца ў доме і ніколі не паказвацца на выстаўках. Гэта было ў 1911 годзе, значыць, тады, калі Фердынанд Рушчыц жыў у Богданаве. І сапраўды, пасля гэтага ў сям'і адзін за другім сталі нараджацца дзеці: трое дзяцей! Цікава, што старэйшы з сыноў - Фелікс - быў дзіўным чынам падобны на таго хлопчыка з карціны. Потым - Першая сусветная вайна, няшчасці, голад, холад... Аднак гэты род не толькі выжыў, ацалеў, але і прымножыўся, маючы ў кожным пакаленні па некалькі дзяцей. І заўсёды суправаджала іх па жыцці рушчыцкая карціна-талісман. Дзед Фелікс, па словах унучкі - сённяшняй уладальніцы карціны - удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, вызваляў Польшчу, меў шмат баявых узнагарод. Пасля Перамогі пасяліўся ў прыгарадзе Кіева. Прыйшоў час, і дачка яго паехала па камсамольскай пуцёўцы на асваенне цаліны. Тут, на Алтаі, пазнаёмілася з будучым мужам. У 1980-я гады, пасля смерці дзеда Фелікса, карціну атрымала ў спадчыну дачка, і такім чынам твор аказаўся ў Барнауле. Цяпер ён знаходзіцца ў доме сям'і ўнучкі. І сёння яе гаспадары, як і раней, не згаджаюцца паказваць палатно свету, бо не жадаюць лішняй шуміхі вакол яго. І толькі ў мінулым годзе, дзякуючы настойлівай просьбе барнаульскай журналісткі Марыны Кочневай, гаспадары карціны расказалі гэтую дзіўную гісторыю і дазволілі сфатаграфаваць твор. І вось 11 снежня 2009 года ў адной з барнаульскіх газет з'явіўся нарыс пад назвай "На Алтае чудотворная картина помогла родить ребенка".

Што тут сказаць? Асабіста я веру, што гэта - шчырая праўда. Хаця нам не дадзена прадугадаць да канца цудадзейную моц сапраўднага мастацтва ў дачыненні да чалавецтва...

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"