Тэатр-агляд Гомельшчыны

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

Напрыканцы восені на Гомельшчыне адбыўся традыцыйны абласны агляд-конкурс аматарскіх калектываў вобласці.

 

Сёлетняе мерапрыемства, арганізаванае ўпраўленнем культуры Гомельскага аблвыканкама і Гомельскім абласным цэнтрам народнай творчасці, падарыла жыхарам Мазыра, Светлагорска, Рэчыцы і Гомеля магчымасць убачыць лепшыя дасягненні рэгіянальнай сцэны.

 У рэпертуарную афішу агляду-конкурсу ўвайшлі спектаклі "Паўлінка" і "Прымакі" Янкі Купалы, "Палачанка" Аляксея Дударава, "Лявоніха на арбіце" і "Трыбунал" Андрэя Макаёнка ды многія іншыя. Амаль усе аматарскія тэатры прадэманстравалі належны ўзровень рэжысуры і выканальніцкага майстэрства, сцэнаграфіі, музычнага вырашэння, сцэнічнай культуры.

 Аднагалосным рашэннем журы было прысудзіць дыплом лаўрэата конкурсу народнаму тэатру "Спадчына" Светлагорскага гарадскога цэнтра культуры. Спектаклі гэтага калектыву вылучаюцца глыбінёй філасофскага і сацыяльнага гучання, вобразным рэжысёрскім рашэннем. Нязменным кіраўніком народнага тэатра з'яўляецца Ада Кузьмянкова.

Дыпломы І, ІІ і ІІІ ступені атрымалі народныя тэатры Капаткевіцкага ГДК Петрыкаўскага раёна, Веткаўскага, Рэчыцкага і Рагачоўскага ГДК.

Лілія БЫЧКОВА, вядучы метадыст па тэатральным мастацтве Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці