Зроблена сёння — будзе зроблена заўтра

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Галіновая Дзяржаўная інвестыцыйная праграма Міністэрства культуры Беларусі за першы квартал сёлетняга года выканана на 100 працэнтаў. Сродкі, выдзеленыя з бюджэту на рэалізацыю праграмы, асвоены за гэты час у поўным аб’ёме. На рэканструкцыю аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны выкарыстана 17 млрд. рублёў.

Гэтыя грошы выдаткаваны на рамонт 14 аб’ектаў. Цалкам выкананы план інвестпраграмы і па капітальным рамонце ўстаноў культуры. Гэтыя лічбы агучыў на прэсканферэнцыі, якая адбылася 30 сакавіка, намеснік міністра культуры Уладзімір Грыдзюшка. Усяго ў 2007 годзе на рэканструкцыю аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ў адпаведнасці з Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмай выдзелена 116 млрд. рублёў. “Гэта ў 12 разоў перавышае сродкі, расходаваныя на рэканструкцыю ў 2003 годзе”, — адзначыў У.Грыдзюшка. Летась у рамках праграмы выдаткавана 66 млрд. рублёў.Асноўны аб’ект праграмы — будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Работы тут распачаты, як вядома, у студзені мінулага года. Па плане рэканструкцыі, на якую адведзена 36 месяцаў, тэатр павінен прыняць гледачоў у студзені 2009 года. Але будынак плануецца здаць у эксплуатацыю раней намечанага — у снежні 2008-га. Такую ўпэўненасць выказвае генеральны падрадчык ЗАТ “НВА “Эльвіра”. Сёння работы вядуцца з апераджэннем графіка, і будаўнікі не сумняваюцца, што зададзены тэмп захаваецца.
На галоўным аб’екце рэспублікі цяпер задзейнічана 20 субпадрадных арганізацый. Першапачаткова быў праведзены дэмантаж асноўных канструкцый, зазначыў намеснік міністра. Тэхнічны стан будынка аказаўся такім, што “практычна ўсё патрабавала рамонту, у тым ліку і цагляная кладка сцен”.
Будаўнікі яе рэканструявалі, умацавалі калоны, іншыя канструкцыі. За мінулы год першы пускавы комплекс будынка (адміністрацыйныя памяшканні) падведзены пад чыставую аддзелку. На працягу 2 — 3 месяцаў будуць завершаны ўсе работы, і ў адрэстаўраваных памяшканнях размесцяцца балетная трупа і трупа тэатра оперы.
Хутка пачнецца аддзелка фасада і добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі. Сёлета практычна будуць завершаны работы па глядацкай зале. Нямецкая фірма,пераможца тэндэра, займаецца цяпер вырабам сучаснага сцэнічнага абсталявання. Усяго на рэканструкцыю тэатра ў 2007 годзе будзе расходавана больш за 69 млрд. рублёў. Летась на гэтыя мэты выкарыстана 33 млрд. рублёў. Гістарычнае аблічча помніка архітэктуры мінулага стагоддзя будзе ўзноўлена, і тэатр уявіць сабой будынак, які ў свой час і спраектаваў вядомы архітэктар І.Лангбард.
У.Грыдзюшка дадаў, што на аб’екце створана дырэкцыя, якая арганізуе працу ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам. Каменціруючы заяву Камітэта дзяржаўнага кантролю аб фактах парушэння на рэканструкцыі тэатра, намеснік міністра культуры заўважыў, што цяпер ідзе планавая праверка, і вывады будуць агучаны пасля яе завяршэння.
Журналісты пазнаёміліся з ходам работ на яшчэ двух асноўных аб’ектах Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Палацава-паркавы ансамбль Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Нясвіж” сёлета будзе адкрыты для турыстаў. У бягучым годзе плануецца здаць у эксплуатацыю першы пускавы комплекс, які ўключае ўязную браму і прылеглыя памяшканні. Тут ужо выкананы агульнабудаўнічыя работы, ідзе аддзелка. Аб’ём работ, запланаваны на першы квартал бягучага года, выкананы. Дырэкцыя музея-запаведніка занята цяпер музеефікацыяй. У Нясвіжскім замку будуць абсталяваны гасцініца, рэстаран, сувенірныя крамы.
Помнік архітэктуры XVI — XX стагоддзяў — замкавы комплекс у Міры сёлета таксама зможа прымаць вялікую колькасць турыстаў. Летась добраўпарадкавана тэрыторыя ўнутранага дворыка. Цяпер добраўпарадкоўваецца знешняя частка. Госці могуць спыніцца ў гасцініцы, адпачыць у рэстаране.У мінулым годзе на рэстаўрацыю Нясвіжскага замка было расходавана 9 млрд. рублёў, Мірскага — 10. Сёлета, як дадаў У.Грыдзюшка, у Нясвіжы будзе выканана работ на 14,3 млрд. рублёў, у Міры — на 13,2 млрд.
Пасля ўзнаўлення палацава-паркавы ансамбль у вёсцы Жылічы Кіраўскага раёна Магілёўшчыны ўвойдзе ў лік найбольш цікавых гістарычных помнікаў на Беларусі. Сёлета, як паведаміў намеснік міністра, плануецца правесці праектна-вышукальныя работы. Інстытут “Белпраектрэстаўрацыя” падрыхтуе праектна-каштарысную дакументацыю. З дзяржаўнага бюджэту на гэта выдзелена 400 млн. рублёў. Пачаць рэстаўрацыю плануецца ў наступным годзе. У.Грыдзюшка дадаў, што сёлета праектная дакументацыя будзе падрыхтавана і па комплексе былога калегіума езуітаў у вёсцы Юравічы Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці.
Усе работы па рэканструкцыі аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны ідуць у адпаведнасці з графікам. Сёлета будзе завершана ўзнаўленне фрэскавага роспісу ў Архікафедральным саборы на плошчы Свабоды ў Мінску. Працягваюцца работы па ўстаноўцы ракі ў Спаса-Праабражэнскай царкве святой Еўфрасінні Полацкай у Полацку. Да чэрвеня плануецца пазалаціць купалы. Нядаўна да ўзнаўлення фрэсак XII — XIX стагоддзяў прыступілі расійскія рэстаўратары.
Гэтую складаную працу расійскія і беларускія спецыялісты будуць выконваць паэтапна, а унікальныя адлюстраванні будуць адкрыты да 2010 года. Будзе завершана рэканструкцыя памяшканняў былых саляных складаў у Віцебску. Сёлета там пройдуць асобныя мерапрыемствы “Славянскага базару”.Прадоўжыцца сёлета і рамонт Нацыянальнага мастацкага музея, палаца Пацёмкіна ў Крычаве, палаца ў Чырвоным Беразе і іншых аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны.
У верасні — кастрычніку запланавана здаць у эксплуатацыю інтэрнат Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Рэканструкцыя аб’екта распачата летась. Колькасць месцаў павялічыцца на 60: у інтэрнаце змогуць жыць 211 студэнтаў. У будынку, што вырас на тры паверхі, размесцяцца і студэнцкія аўдыторыі, майстэрні. Работы, у адпаведнасці з графікам, выконвае прадпрыемства “БелПСП”. На рэканструкцыю інтэрната сёлета накіравана каля 6,5 млрд. рублёў. Летась на гэтыя мэты расходавана 4,7 млрд. рублёў.
У.Грыдзюшка паведаміў, што сёлета запланавана правесці праектна-вышукальныя работы па будаўніцтве спартыўна-культурнага комплексу Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў (1 млрд. рублёў). Адкрыць спартыўна-аздараўленчы цэнтр плануецца ў канцы 2008 — пачатку 2009 года. Усяго на капітальны рамонт устаноў культуры сёлета запланавана затраціць 20 млрд. рублёў. Каля 5 млрд. рублёў будзе выкарыстана на набыццё абсталявання. З мясцовых бюджэтаў запланавана накіраваць на рамонт устаноў культуры ў сельскай мясцовасці і аграгарадках 48 млрд. рублёў.Падчас прэс-канферэнцыі начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі Міхаіл Казловіч распавёў журналістам пра планы работы ведамства ў красавіку. Натуральна, многія мерапрыемствы прысвячаюцца трагічнай даце — чарговай гадавіне Чарнобыльскай трагедыі.
Каля 40 канцэртаў у раёнах, пацярпелых ад катастрофы на ЧАЭС, дасць ансамбль “Купалінка” Белдзяржфілармоніі. Такі тур — традыцыйны і праводзіцца штогадова. Канцэрт “Памяці Чарнобылю”, які складаецца з дзвюх частак, пройдзе ў Вялікай зале Белдзяржфілармоніі. 26 красавіка выступіць Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі (дырыжор — Аляксандр Анісімаў) з прэм’ернай праграмай з твораў беларускіх кампазітараў. У наступны дзень аматараў нацыянальнага мастацтва парадуе камерны аркестр Рэспублікі Беларусь.
У красавіку пройдзе традыцыйны міжнародны фестываль “Мінская вясна”.Начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры Міхаіл Кажура паведаміў, што Дні культуры Рэспублікі Беларусь у Арабскай Рэспубліцы Егіпет пройдуць з 10 па 17 красавіка (сваё мастацтва егіпецкі бок прадстаўляў у Мінску ў 2005 годзе). У Егіпет накіроўваецца трупа Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра балета Рэспублікі Беларусь. У Каіры і Александрыі беларускія танцоўшчыкі пакажуць 5 спектакляў “Шчаўкунок”.
А беларускія кінематаграфісты прымуць удзел у ІІІ Міжнародным фестывалі фільмаў “Дні і вечары еўрапейскага кіно”, што адбудзецца з 20 па 26 красавіка ў горадзе Панявежысе (Літва).
З 18 па 22 красавіка ў Мінску і Магілёве ўпершыню пройдзе фестываль дацкага кіно.

Наш кар.