Пакуль бюджэт не звярстаны... або Шанц для праектаў

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

"Можна, канешне, павесіць шыльду…" і ўключыць стары мікрафон

/i/content/pi/cult/299/5048/11-1.jpg

Адраджэнне і развіццё сяла: сацыякультурны зрэз

 Гэтым разам, згодна з планам нашых паездак па рэгіёнах, выправіўся ў Крычаўскі раён Магілёўскай вобласці. Шмат гераічных старонак у гісторыю Беларусі запісала славутае паўстанне ХVІІІ ст., а найпрыгажэйшы палац Пацёмкіна, без перабольшання, - знакавая архітэктурная "перліна" ўсяго ўсходу Магілёўшчыны...

Культурнае жыццё ў раёне - насычанае і шматстайнае. Крычаўская ЦБС - адна з лепшых у вобласці, а мясцовыя культработнікі могуць пахваліцца поўнай забяспечанасцю высокакваліфікаванымі кадрамі як у клубных, так і ў бібліятэчных установах. Да таго ж, прыемнай навіной для сферы культуры сталася значнае - на пяцьдзесят працэнтаў - павышэнне сярэднямесячнага заробку ў другой палове гэтага года... Але ёсць на Крычаўшчыне і нявырашаныя праблемы. І галоўная з іх - даволі слабая матэрыяльнатэхнічная база гарадскіх і сельскіх устаноў культуры. Да таго ж, у раёне пакуль няма свайго брэндаўтваральнага фестывалю, які здольны "прапіярыць" Крычаўшчыну не толькі на ўзроўні вобласці, але і ўсёй Беларусі. Усе праблемныя пытанні ў развіцці культурнай сферы Крычаўшчыны былі абмеркаваны на райвыканкамаўскай лятучцы, ініцыяванай "К". У ёй прынялі ўдзел першы намеснік старшыні Крычаўскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей МАРОЗАЎ і начальнік аддзела культуры Марына МАКСІМАВА.

Народ пытаецца і прапануе

"Ці займеем сучаснае абсталяванне?"

 Пад час традыцыйнага апытання, праведзенага як у самім Крычаве, так і ў раёне, пераканаўся, што ў культурным жыцці гэтага рэгіёна Магілёўшчыны яшчэ хапае нявырашаных пытанняў, якія добра бачныя мясцовым жыхарам.

 Раіса Міхайлаўна, служачая, г. Крычаў:

- Будынак раённага Цэнтра культуры рамантаваўся, наколькі я памятаю, гадоў сем таму. Цяпер у памяшканнях РЦК патрэбны рамонт, ды і фасад установы культуры выглядае не надта добра. Ці будуць рамантаваць будынак і калі?..

Арцём, супрацоўнік РЦК, г. Крычаў:

- Галоўная праблема ўстановы - састарэласць наяўнай гуказапісваючай апаратуры. Ды і камп'ютар, які выкарыстоўваецца для студыйнай працы, таксама далёка не новы. Што да гукаўзмацняльнай апаратуры, дык, напрыклад, калонкі для РЦК былі куплены гадоў восем таму. А калі займеем сучасную апаратуру? Пакуль яе не набудзем, казаць пра паспяховую працу ўстановы ў наступным годзе будзе досыць складана...

 Ганна Мікалаеўна, пенсіянерка, жыхарка вёскі "Лабковічы":

- І апаратура ў нашым СДК "кволая", і новых касцюмаў для калектыву ніяк не прыдбаюць. Ды і выглядае наш Дом культуры не надта добра: патрэбны рамонт...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Сяргей Анатольевіч, як ацэньваеце дзейнасць аддзела культуры? Цяперашні начальнік Марына Максімава працуе на сваёй пасадзе адносна нядаўна - толькі год, але некаторыя папярэднія высновы зрабіць ужо, напэўна, можна...

Сяргей МАРОЗАЎ:

- Самае галоўнае, што мы закрылі тыя балючыя пытанні, якія ў нас былі з падрыхтоўкай устаноў культуры да зімовага ацяпляльнага сезона. А калі казаць пра працу аддзела культуры ўвогуле, на працягу года, дык я ёю задаволены. Усе пастаўленыя задачы выконваюцца. Напрыклад, на Крычаўшчыне цяпер у сферы - стопрацэнтная забяспечанасць прафесійнымі кадрамі, шмат супрацоўнікаў СДК, СК і бібліятэк павышаюць сваю кваліфікацыю: навучаюцца завочна або вочна ў ВНУ краіны. Ёсць у нас і стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, з года ў год павышаецца колькасць калектываў, што носяць ганаровыя званні "народны" і "ўзорны". Іх, калі не памыляюся, у нас трынаццаць.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Адразу - пытанне: усе калектывы са званнямі ў вас маюць гарадскую "прапіску". На маю думку, варта ствараць падобныя ансамблі і на сяле. Напрыклад, у Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці, дзе таксама давялося нядаўна пабываць, паставілі задачу стварыць "народны" ці "ўзорны" калектыў пры кожным аграгарадоцкім СДК або пры ДШМ...

Сяргей МАРОЗАЎ:

 - Цікавая задумка. У прынцыпе, цяпер мы плануем працаваць у гэтым кірунку. Напрыклад, у аграгарадку "Касцюшкавічы" ўзялі на працу здатнага мастацкага кіраўніка. Спадзяёмся, з цягам часу калектыў са званнем там з'явіцца. Але на ўсё патрэбны час, гэта па-першае. А па-другое - для правядзення падобнай дзейнасці патрэбны кваліфікаваныя кадры. Менавіта іх нам не стае.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Але ж, як вы казалі, кадрамі сфера культуры Крычаўшчыны забяспечана амаль на сто працэнтаў...

 Сяргей МАРОЗАЎ:

- Маю на ўвазе, што на сяле не хапае прафесіяналаў, якія змаглі б давесці працу з калектывам да звання "народны" або "ўзорны". Гэта - як у спорце: шмат "каманд", шмат "трэнераў". Але ёсць толькі адзін ці некалькі сапраўдных трэнераў-спецыялістаў, здольных прывесці каманду да перамогі ў нейкім відзе спорту. Тое ж самае - і ў сферы культуры.

Марына МАКСІМАВА:

 - Цалкам згодная. Спецыяліст, нават з вышэйшай адукацыяй, не заўсёды здольны паспяхова працаваць з калектывам. Тут, акрамя адукацыі, патрэбны яшчэ і талент арганізатара, псіхолага, настаўніка... На тое здатныя адзінкі...

Сяргей МАРОЗАЎ:

- Так. І ў гэтым плане нам яшчэ трэба працаваць. Але, паўтаруся, усе задачы, якія стаяць перад аддзелам культуры ў гэтым годзе, паспяхова выконваюцца. Маю на ўвазе і арганізацыю культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў, і працу над планам платных паслуг...

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - А чым яшчэ можа пахваліцца аддзел культуры?

Сяргей МАРОЗАЎ:

- Не магу не сказаць і пра тое, што мы сёлета змаглі павысіць тарыфныя стаўкі да 50% работнікам сферы культуры раёна ў адпаведнасці з Дэкрэтам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 29 ад 26.07.1999 г. А гэта даволі вялікія грошы. Зрабілі так таму, што да гэтага часу заробак у сферы культуры быў, на жаль, у паўтара раза меншы за агульнараённыя паказчыкі. Па выніках 10 месяцаў выйшлі на сярэднюю зарплату ў 250 долараў у эквіваленце, да канца года спрацуем прыкладна на 350 долараў. Такім чынам максімальна наблізім заробкі ў сферы культуры да агульнараённага паказчыка.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Грошы гэта, канешне, неблагія. І, увогуле, матэрыяльны складнік- надзвычай важны. Але каб маладыя спецыялісты прыязджалі да вас у раён і- галоўнае - заставаліся ў ім працаваць, гэтага не заўсёды дастаткова. Патрэбна, на маю думку, каб для тых жа высакакласных спецыялістаў існавала таксама і магчымасць праявіць сябе. А ў Крычаўскім раёне дасюль не стварылі ніякага брэндавага фестывалю абласнога ўзроўню... Вяду гаворку пра тое яшчэ і таму, што за прыкладамі п/i/content/pi/cult/299/5048/10-2.jpgаспяховай "раскруткі" хадзіць далёка не трэба: побач з вашым раёнам знаходзіцца Клімавіцкі, чыю "Залатую пчолку" ведае, не раўнуючы, уся Беларусь. Пабываў у шэрагу ўстаноў культуры Крычаўшчыны, і дазнаўся, што амаль пры кожным СДК або СК створаны музейныя куткі, дзе сабраны разнастайныя этнаграфічныя рэчы... Музейных экспазіцый даволі многа, а значыць, і праца па захаванні і зберажэнні традыцый праводзіцца на даволі высокім узроўні. Дык мо варта паспрабаваць "раскруціць", напрыклад, фестываль традыцыйнай культуры?

 Марына МАКСІМАВА:

 - Сапраўды, гэта ёсць у нашых планах. Справа ў тым, што тыя ж музейныя куткі пры СДК або СК не проста збіраюць этнаграфічныя матэрыялы, але і запісваюць фальклорныя песні, старадаўнія абрады і звычаі... Плануем з цягам часу пераводзіць гэтыя запісы ў "лічбу" і выдаваць на электронных носьбітах. Сёлета правялі раённы агляд-конкурс "Карункі роднай спадчыны". Магчыма, у наступным годзе з гэтага раённага мерапрыемства паўстане рэгіянальны фестываль традыцыйных беларускіх песень. Дарэчы, я ўжо мела папярэднюю гутарку з кіраўніцтвам упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама, і там нашу задумку падтрымалі.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Калі займацца адраджэннем народных традыцый, варта задумацца і пра стварэнне галаўной каардынацыйнай установы - Дома або Цэнтра рамёстваў. Сетка падобных устаноў вельмі добра зарэкамендавала сябе на Віцебшчыне. Тут жа можна наладзіць продаж сувеніраў, выстаўкі майстроў народнай творчасці...

Марына МАКСІМАВА:

- Сёлета, дарэчы, мы на базе нашага краязнаўчага музея, што месціцца ў Палацы Пацёмкіна, адкрылі салон-краму па рэалізацыі сувенірнай прадукцыі... Там ладзім і выстаўкі майстроў народнай творчасці...

Сяргей МАРОЗАЎ:

- І мы ўжо даўно плануем стварыць Школу або Цэнтр рамёстваў у Крычаве. Нават меркавалі, што гэтая ўстанова паўстане на базе ДК завода гумавых вырабаў, які цяпер плануецца перадаць на баланс аддзела культуры, але адмовіліся ад гэтых планаў.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- Чаму? Не стае спецыялістаў або майстроў народнай творчасці?

Сяргей МАРОЗАЎ:

 - Спецыялістаў хапае, ды і майстроў традыцыйных рамёстваў у раёне - дастаткова. Галоўная праблема тут - недахоп фінансаў на набыццё спецыялізаванага абсталявання. Напрыклад, для вырабу гліняных рэчаў патрэбна печ, ганчарныя кругі і гэтак далей. Можна, канешне, павесіць шыльду: маўляў, мы стварылі Дом рамёстваў. Але, на маю думку, калі такая ўстанова не абсталявана, дык казаць пра паспяховую працу ў галіне адраджэння традыцыйнай культуры не выпадае...

Марына МАКСІМАВА:

- Не магу не падзяліцца і яшчэ адной сваёй задумкай. Пра яе пакуль і Сяргей Анатольевіч яшчэ не ведае, але, спадзяюся, кіраўніцтва райвыканкама падтрымае мае планы. Справа ў тым, што сёлета пры Палацы Пацёмкіна мы адкрылі "Музычны салон". Раз на месяц ладзім у ім вечары камернай музыкі, бардаўскай песні... Таму і выспела ідэя ладзіць там "Пацёмкінскія вечары" - рэгіянальны фестываль камернай музыкі. Пачнём яго правядзенне таксама ў наступным годзе і запросім гасцей як з раёнаў Магілёўшчыны, так і з суседняй нам Смаленшчыны. З цягам часу, магчыма, гэты фестываль таксама можа стаць "фішкай" раёна, прычым не толькі рэгіянальнага, а і абласнога ўзроўню.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

 - Не магу не закрануць пытанне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры горада і раёна. У РЦК - састарэлая гуказапісваючая апаратура, як, дарэчы, і ў шэрагу СДК раёна, дзе давялося пабываць... Ці будзе вырашацца гэтае пытанне?

Сяргей МАРОЗАЎ:

- Ёсць патрэба ў абнаўленні тэхнічнага абсталявання, у замене гукаўзмацняльнай апаратуры... І гэта сапраўды праблема. Калі аграгарадоцкія СДК забяспечаны ў тэхнічным плане яшчэ даволі няблага, дык іншыя СДК і СК раёна гэтым пахваліцца не могуць. Ёсць пытанні і з забеспячэннем нашых дзіцячых музычных і мастацкіх школ патрэбнымі інструментамі... На жаль, пры фарміраванні раённага бюджэту пад падобныя мэты звычайна прадастаўляюцца досыць мізэрныя сродкі, альбо фінансаванне ўвогуле не прадугледжваецца...

 Марына МАКСІМАВА:

- Выйсце тут адно: закупка патрэбнай апаратуры за кошт пазабюджэтных сродкаў.

 Сяргей МАРОЗАЎ:

- Але пазабюджэтныя сродкі таксама не такія ўжо і вялікія. Да таго ж, акрамя набыцця апаратуры, выкарыстоўваем гэтыя грошы і на дробны рамонт у СК і СДК, закупку запчастак і расходных матэрыялаў, вырашэнне іншых пытанняў. А пазабюджэт, пагадзіцеся, не гумавы. Таму вырашаем пытанні паляпшэння і абнаўлення тэхнічнай базы ўстаноў культуры раёна, зыходзячы з наяўных магчымасцей.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ: /i/content/pi/cult/299/5048/10-1.jpg

- Пабываў у шэрагу ўстаноў культуры горада. У Раённай дзіцячай бібліятэцы, у РЦК патрэбны рамонт... Ды і на раёне, напрыклад, у Лабковіцкім СДК, фасад будынка выглядае не надта прывабна. Ці будуць вырашацца гэтыя пытанні?

Сяргей МАРОЗАЎ:

 - Рамонт у РЦК, дзе месціцца таксама і Цэнтральная раённая бібліятэка, праводзіўся сем гадоў таму. І, натуральна, цяпер там патрэбна абнавіць фасад, адрамантаваць шэраг памяшканняў, як і ў Раённай дзіцячай бібліятэцы, ды і ў некаторых сельскіх СДК і СК. Але ўжо два гады на капітальны і бягучы рамонт устаноў культуры грошы з раённага бюджэту не выдаткоўваліся. Бюджэт на наступны год яшчэ не звярстаны, таму казаць пра будучыя рамонтныя работы ў тых або іншых СДК яшчэ зарана. Але гэта, сапраўды, яшчэ адна наша досыць балючая праблема.

 Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ:

- У чым бачыце выйсце з гэтай сітуацыі?

 Сяргей МАРОЗАЎ:

- На маю думку, усе пытанні, звязаныя з матэрыяльнай базай, без комплекснага планавання на дзяржаўным ўзроўні не вырашыць. Патрэбна фінансаванне з абласнога або рэспубліканскага бюджэту. У гэтым плане мы вельмі спадзяёмся на новую Дзяржаўную праграму "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады. Бо, зыходзячы з уласнага вопыту на пасадзе першага намесніка старшыні райвыканкама, магу сказаць, што ў тых жа адукацыі, медыцыне прынцып комплекснага планавання праз мэтавыя праграмы дазваляе вырашаць цэлы шэраг праблем. Наколькі я ведаю, гэта першая, менавіта дзяржаўная, праграма ў сферы культуры, якая, спадзяюся, дапаможа як Крычаўскаму, так і іншым раёнам Беларусі вырашыць набалелыя пытанні як па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў культуры, так і па набыцці сучаснай тэхнічнай апаратуры і музычных інструментаў.

Дэталь да агульнай карціны

 "Бэбі-бум" у Бацвінаўцы

Летась дыскаклуб "Рэактар" Бацвінаўскага СДК заняў ІІ месца ў Рэспубліканскім аглядзеконкурсе на лепшую арганізацыю дыскатэчных маладзёжных мерапрыемстваў у сельскіх клубных установах Беларусі. Але аграгарадок "Бацвінаўка" вядомы на Крычаўшчыне не толькі з гэтай прычыны. З 2006 года пры мясцовай бібліятэцы запрацавала Школа будучых мам "Калысачка".

За гады дзейнасці гэтага аб'яднання ў "Бацвінаўцы" пачаўся сапраўдны "бэбі-бум": нарадзілася 67 дзяцей! І, як лічыць мясцовы бібліятэкар Галіна Таргонская, у гэтым, безумоўна, ёсць і заслуга Школы.

 - На пасяджэннях, якія адбываюцца раз у месяц, - патлумачыла бібліятэкар, - мы ладзім тэматычныя гутаркі, глядзім вучэбныя фільмы і, канешне ж, дзелімся досведам з маладымі будучымі мамамі...

 А для таго, каб кожная маладая маці атрымала ўсе магчымыя адказы на тыя пытанні, што яе хвалююць, у бібліятэцы ёсць шматлікая спецыялізаваная літаратура, дыскі, а на пасяджэнні "Калысачкі" прыходзяць акушэргінеколаг, педагог, сацыёлаг і нават псіхолаг.

- Школа пры ўстанове культуры вельмі патрэбна, - лічыць маці траіх дзяцей Аксана Алёнкіна-Бялова. - Бо часта бывае так, што дзяўчаты не могуць ці саромеюцца распытаць сваіх бацькоў пра тыя або іншыя пытанні, звязаныя з нараджэннем дзіцяці. А калі прыходзяць сюды, дык атрымліваюць поўную і ўсебаковую кансультацыю ад больш вопытных мам, а таксама дзякуючы той літаратуры, якая ёсць у бібліятэцы...

Каб працаваць з маладымі маці, бібліятэкар Галіна Таргонская самастойна распрацавала праграму "Каб беларусаў стала больш" на 2007 - 2011 гады. З яе дапамогай яна не толькі кансультуе маладых мам, але і прывівае любоў да чытання ў сям'і, не забываючыся, натуральна, на галоўную функцыю бібліятэчнай установы.

А ў далейшых планах бібліятэкаркі - дарэчы, маці дваіх дзяцей- адкрыць Школу будучых татаў, яшчэ адно аб'яднанне "Дзеці "Калысачкі", а таксама- пайсці ў чарговы дэкрэтны адпачынак.

Пасляслоўе да райвыканкамаўскай "лятучкі"  Начальнік упраўлення культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Анатоль СІНКАВЕЦ:

 - На Крычаўшчыне цяпер праводзіцца вельмі інтэнсіўная праца ў сферы культуры, дзякуючы, у тым ліку, і актыўнаму новаму начальніку аддзела. Адчуваецца і падтрымка з боку раённых улад пры правядзенні шматлікіх культурна-масавых мерапрыемстваў, а матэрыяльная база ў аграгарадоцкіх СДК "Бацвінаўка", "Бель", "Чырвоная Буда" - на належным узроўні.

Адзначу, што забеспячэнне РЦК, СДК якасным сучасным тэхнічным абсталяваннем - праблема не толькі Крычаўскага раёна, але і ўсёй Магілёўшчыны. На жаль, у нас, як вядома, набыць апаратуру замежнай вытворчасці практычна немагчыма. А тое абсталяванне, што прапаноўвае РУП "Светокон",- разавае, і не заўсёды добрай якасці. Гэта датычыць як праекцыйнай, светлавой, так і гукаўзмацняльнай апаратуры.

Згодны з тым, што будучая Дзяржаўная праграма "Культура Беларусі" на 2011 - 2015 гады, якая цяпер абмяркоўваецца, вельмі дапаможа кожнаму раёну Беларусі. Абласное ўпраўленне культуры заклала ў яе ўсе свае пажаданні і прапановы. Цяпер застаецца толькі чакаць прыняцця гэтага важнага дакумента.

наш спецыяльны карэспандэнт

 Мінск - Крычаўскі раён- Мінск

 Фота аўтара

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"