“Стары мамант” і крыху... вясны

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

Слуцка адкрылася выстаўка твораў двух мастакоў з Салігорска — скульптара Уладзіміра Ламейкі і графіка Валерыя Талкачова. Свой творчы тандэм яны назвалі “44+44”: сёлета кожнаму майстру споўнілася 44 гады — своеасаблівы творчы вынік сярэдзіны жыццёвага шляху. У трох выставачных залах п р а д с т а ў л е н ы прадметы дробнай пластыкі, станковыя скульптуры, жывапісныя палотны, акварэль, афорты, літаграфіі, ксілаграфіі і фотаздымкі.

/i/content/pi/cult/299/5045/7-1.jpg

 Максімальную выкладку сваёй творчасці, пачынаючы з самых ранніх работ і заканчваючы сучаснасцю, прадставіў Уладзімір Ламейка. Скульптар пачынаў творчую кар'еру з дыпломнай работы, прысвечанай народнай мастачцы са Случчыны - Алене Кіш, якая праславіла сваю зямлю дзіўнымі самабытнымі маляванымі дыванамі, што з'яўляюцца цяпер набыткам сусветнага інсітнага мастацтва.

Э к с п а з і ц ы я змяшчае цэлы раздзел станковых кампазіцый, партрэтаў і графічных работ. Мастак закранае ў сваёй творчасці хрысціянскую тэматыку ("Дзеянне", "Хрыстос і Іуда", "Сон"). Усе работы створаны з гіпсу, дрэва, бронзы. Асобнай сюітай у метале, дрэве і гіпсе экспануюцца творы ў жанры ню. Але вяршыняй мастацкага майстэрства скульптара, на мой погляд, з'яўляюцца прадметы дробнай пластыкі са слановай косці, косці маманта, бурштыну, рога буйвала і аленя, дрэва венге: яны вылучаюцца тонкай ювелірнай прапрацоўкай, дзівоснай вытанчанасцю, грацыёзнасцю. На гледача з вітрын са спецыяльнай падсветкай глядзяць "Тэсей і Мінатаўр", "Дзюймовачка", "Дракон з перлінай", "Русалачка", "Стары мамант", "Далмацінчык", "Поні-Пегас", "Царэўна-жабка".

Акрамя таго, шэраг манументальных скульптур Ламейкі ўпрыгожваюць вуліцы яго роднага Салігорска: мемарыял воінамінтэрнацыяналістам "Чорны цюльпан", манументальна-дэкаратыўная кампазіцыя "Жыццё", гарадскі фантан з медзі "Месяцовы горад". Каляровыя фотаздымкі гэтых аб'ектаў таксама ўвайшлі ў экспазіцыю.

Валерый Талкачоў прадставіў на выстаўцы жывапісныя палотны і акварэль. Выхаванец Украінскай ак/i/content/pi/cult/299/5045/7-2.jpgадэміі друку імя І.Фёдарава ў Львове, ён пачынаў свой творчы шлях з манументальных роспісаў праваслаўных храмаў і розных дзяржаўных устаноў роднага горада. Найбольш буйныя з іх - манументальныя кампазіцыі з жыцця гараджан: "Салігорск - горад шахцёраў", "Салігорск - горад будаўнікоў", "Салігорск - зямля хлебаробаў". Не менш важную ролю творца надае мастацтву акварэлі: "Пад аблокамі", "Подых вясны", "Днее". Сярод іншых работ - пейзажы Кракава, Таліна, Львова, Сынкавічаў. Ёсць і жывапісныя творы, прысвечаныя беларускім народным святам, гістарычным персанажам.

Творчы саюз У.Ламейкі і В.Талкачова склаўся даўно: яшчэ ў студэнцкія гады ў Мінскім мастацкім вучылішчы. Менавіта тады ў будучых творцаў сфарміравалася ўменне не толькі сябраваць, але і плённа працаваць. Канешне, некаторыя работы мастакоў, верагодна, успрымаюцца на выстаўцы неадназначна, але гледачу прадастаўлена права выбару адпаведна свайму густу, інтарэсам, эстэтычнаму ўспрыняццю. Верагодна, таму выстаўка выклікала вялікую цікавасць у спецыялістаў і атрымала шырокі грамадскі рэзананс у жыхароў слуцкай і салігорскай зямлі.

Ірына ЛЯВОЧКА,

старшы навуковы супрацоўнік Слуцкага краязнаўчага музея