Хто ў джынсах, а хто…

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

Як жартавалі музыканты, народны артыст Беларусі Сяргей Картэс аказаўся настолькі вынаходлівым і крэатыўным, што да ХV З’езда беларускіх кампазітараў прымеркаваў… сваё 75-годдзе.

/i/content/pi/cult/299/5043/Clip_12.jpgУ выніку спачатку ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі, а потым у Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыліся яго юбілейныя вечары. У нядаўнім эпатажным канцэрце "Гзраем у джынсах" Дзяржаўнага камернага аркестра Беларусі ўпершыню гучала яго новая цымбальная сюіта "Маскі-2" (салістка - Вераніка Прадзед). А на ХІІ музычным фестывалі "Пакроўская восень" у Новасібірску прайшла канцэртная прэм'ера яго оперы "Мядзведзь" паводле А.Чэхава.

Дзякуючы фінансавай дапамозе Міністэрства культуры Беларусі, кампазітар прысутнічаў не толькі на фестывальным выкананні ў Новасібірскай дзяржаўнай філармоніі, але і на тамтэйшых рэпетыцыях свайго твора. Новасібірскім акадэмічным сімфанічным аркестрам дырыжыраваў наш Аляксандр Анісімаў, які летась адкрыў гэтую оперу беларускай публіцы. Сваю рэжысёрскую версію прадставіў Уладзімір Калужскі, салістамі выступілі Алеся Жураўкіна, Аляксей Бажэнаў і заслужаны артыст Расіі Мікалай Ласкуткін. Опера выклікала самую жывую рэакцыю публікі, бурныя апладысменты і высокую ацэнку прафесіяналаў.

А тым часам без удзелу ў З'ездзе, але ў межах Года Францыі ў Расіі беларуская оперная прымадонна Настасся Масквіна праспявала цэнтральную партыю Любові Ранеўскай у сусветнай прэм'еры оперы "Вішнёвы сад" французскага кампазітара Філіпа Фенелона. Лібрэта паводле А.Чэхава склаў знакаміты маскоўскі музычны крытык Аляксей Парын. Учора і пазаўчора ў Вялікім тэатры Расіі прагучала напаўканцэртная версія твора, а праз нейкі час на сцэне Парыжскай оперы адбудзецца сцэнічная пастаноўка, што можа быць перанесена і ў Маскву. І ўсё гэта- "міжнародным" складам артыстаў, сярод якіх пачэсна прадстаўлена і наша краіна.

На здымку: Настасся Масквіна.

 

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"