“Перазагрузка”. Паміж тым і гэтым БСК

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

Незадоўга да Дня беларускага кіно хочацца надаць увагу арганізацыі, што павінна аб’ядноўваць усіх тых, хто служыць “дзесятай музе” ў нашай краіне. На жаль, сёння назваць Беларускі саюз кінематаграфістаў квітнеючым вельмі цяжка: БСК не мае дастатковых памяшканняў, мерапрыемстваў і… новых членаў. “Залатыя часы” элітарных паказаў, зорных візітаў і творчых сустрэч у знакамітым Доме кіно ў Чырвоным касцёле застаюцца залатым жа ўспамінам...

Выратаванне тапельцаў...

Беларускі саюз кінематаграфістаў быў заснаваны ў 1962 годзе, напярэдадні самага значнага ўздыму айчыннага кінамастацтва. Прынамсі, тагачасныя ўмовы існавання БСК сёння выглядаюць цалкам цяплічнымі, балазе сур'ёзных канкурэнтаў кіно тады не існавала. Увага грамадства была сканцэнтравана на кінематаграфістах і іхніх творах; не будзе памылкай сказаць, што Дом кіно на тагачаснай плошчы Леніна быў адным з самых папулярных месцаў у Мінску.

Але галоўную выгаду ад дзейнасці БСК атрымлівалі самі кінематаграфісты. Саюз даваў магчымасць адчуць сябе часткай агульнага цэлага, адчуць сваю прыналежнасць да прэстыжнай прафесіі. А тое, што актыўная дзейнасць БСК спрыяла гэтаму прэстыжу, - бясспрэчна.

На сённяшні дзень казаць, што здымаць кіно - не модна, ужо не даводзіцца. Сотні, калі не тысячы, маладых людзей мараць аб працы ў кіно, спрабуюць паступіць у творчыя ВНУ на адпаведныя спецыяльнасці, а пэўная іх колькасць у хуткім часе звязвае жыццё са здымачнай пляцоўкай і мантажным пакоем. Але дзейнасць БСК у апошнія гады ішла неяк паралельна айчыннаму кінапрацэсу, абмяжоўваючыся некалькімі мерапрыемствамі ў год ды дапамогай для сваіх членаў. На жаль, самае большае, што можа Саюз зрабіць для сваіх членаў,- дапамагчы сімвалічнай сумай у самых экстрэмальных выпадках.

 Невясёлае становішча Саюза красамоўна ілюструюць некалькі фактаў. Апошнія паўтара года БСК кіраваў не старшыня, а выконваючы абавязкі - акцёр і рэжысёр Віктар Васільеў, бо пасля вымушанага зыходу з пасады па стане здароўя Юрыя Цвяткова члены Саюза не здолелі сабрацца ў патрэбнай колькасці, каб выбраць новага старшыню. Другі факт: на дзверы памяшкання БСК у сталічным кінатэатры "Дом кіно" была накладзена пячатка, бо Саюз быў вінен грошы за арэнду. І тое, што старшыня быў усё-такі абраны на сходзе ў лістападзе, а пячатка нарэшце знікла, нічога не змяніла: будучыня БСК пакуль туманная.

 

 ...у руках саміх тапельцаў

- На жаль, сёння даводзіцца казаць толькі пра выжыванне нашай, некалі слыннай, арганізацыі, бо яе дзейнасць зведзена да мінімуму,- кажа рэжысёр, член Праўлення БСК Сяргей Сычоў. - А выжыванне гэтае будзе залежыць ад нас, кінематаграфістаў. Апафеозам і сімвалам ганебнай сітуацыі стала пячатка на пакоі, які займае праўленне, і тыя словы, што даводзілася чуць пад час апошняга кінафестывалю "Лістапад": нашых членаў на ўваходзе ў фестывальныя залы наўпрост пыталі: "А вы хто такія?.."

Горкія думкі творцы аб падзенні аўтарытэту Саюза кінематаграфістаў і абставіны выбараў новага старшыні, у якіх прыняло ўдзел толькі крыху больш за палову членаў БСК, наводзяць на заканамернае пытанне: а ці патрэбна кінематаграфістам сваё асобнае аб'яднанне? Не сакрэт, што ў новых рыначных умовах існавання кожны з творцаў вымушаны зарабляць паасобку, вольнага часу для працы на грамадскіх пачатках на карысць сваёй арганізацыі амаль не застаецца. Але ўсім добра вядома, што ліквідаваць шэраг праблем, якія існуюць у нашым кінамастацтве, можна толькі агульнымі высілкамі. Дарэчы, шмат хто гэта разумее, напрыклад, члены Гільдыі акцёраў беларускага кіно, якая ніколі не прыпыняла сваю працу і таксама, як і БСК, існуе на дапамогу спонсараў.

- Лічу, Беларускаму саюзу кінематаграфістаў вельмі пашкодзіла рознагалоссе, што існавала ў арганізацыі па прынцыповых пытаннях цягам апошніх дзесяцігоддзяў,- мяркуе старшыня Гільдыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сухавей. - Трэба разумець, што адзіны шлях выхаду з крызісу - павага адно да аднаго, адстойванне агульных інтарэсаў. Напрыклад, цяпер у нашай парламенцкай Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе ў Палаце прадстаўнікоў разглядаецца новая рэдакцыя Закону аб аўтарскіх правах - аднаго з самых складаных і спрэчных законаў для любой краіны. Зразумела, усе кінематаграфісты зацікаўлены ў тым, каб патэнцыйныя прыбыткі ад нашай дзейнасці размяркоўваліся па справядлівасці, і актыўная дзейнасць членаў БСК можа быць тут вельмі важнай.

- Калісьці Саюз быў надзейнай гаванню для ўсіх кінематаграфістаў, - вобразна выказвае сваю думку рэжысёр і аператар Дзмітрый Зайцаў. - А сучасны Саюз нагадвае мне човен у бязмежным акіяне, цалкам адарваны ад берагоў... Раней кожны з нас ведаў: у любы момант можна было зайсці ў Дом кіно, атрымаць інфармацыю, пуцёўку на адпачынак, проста пагутарыць з калегамі. У тыя часы кінематаграфісты адчувалі сябе не паасобку, а часткай агульнай вялікай справы. Безумоўна, гэтае самаадчуванне таксама спрыяла творчасці. Наступілі часы з зусім іншым стаўленнем да творчасці, таму нам, кінематаграфістам, як ніколі патрэбна актыўная дзейнасць БСК. Справа ў тым, што галоўнай асобай у сучасным кінапрацэсе паступова становіцца прадзюсар. Пры гэтым, пры стварэнні твора кінамастацтва на першы план выходзяць эканамічныя, а не творчыя чыннікі. Даходзіць да такіх выпадкаў, калі рэжысёра і іншых аўтараў трэба бараніць ад дыктату грошай. Гэтую функцыю павінна выконваць такая арганізацыя, як Саюз кінематаграфістаў: каму як не творчай арганізацыі адстойваць творчыя планы сваіх членаў?..

Гукарэжысёр Дзмітрый Шункевіч лічыць, што БСК мог удзельнічаць і ў падборы кандыдатуры мастацкага кіраўніка для Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм":

- Шмат якія праблемы нашай студыі ўзнікаюць з-за таго, што няма агульнага нагляду за творчымі пытаннямі, часцяком яны адыходзяць на другі план. З'яўленне агульнага мастацкага кіраўніка, рэкамендаванага, у тым ліку, БСК, можа дапамагчы сітуацыі.

 

Зарабляць на новы дом самастойна

- Мэты існавання Беларускага саюза кінематаграфістаў застаюцца ранейшымі, - кажа акцёр Віктар Васільеў, які некалькі тыдняў таму стаў паўнавартасным старшынёй БСК. - Галоўнае - справа па захаванні і развіцці лепшых традыцый нацыянальнага кіно. У 2009 - 2010 годзе Саюз папоўніўся 11 новымі членамі, але, на вялікі жаль, шэраг нашых членаў пайшоў за гэты час з жыцця... Што да нашай дзейнасці, то мы, як і раней, займаемся арганізацыйнымі, выдавецкімі справамі, праводзім творчыя вечары, прэм'еры, сумесна з Нацыянальнай кінастудыяй выдалі ўнікальны на абшарах былога СССР даведнік "Беларускае кіно. Персаналіі", дзе ёсць даныя пра ўсіх творцаў, у тым ліку тых, хто не жыў на Беларусі, але быў звязаны з нашым кіно. Я хачу ўсім давесці: БСК існуе і працуе, у цяжкіх абставінах, але - працуе. Канешне, галоўнай праблемай з'яўляюцца грошы: тых узносаў, што плацяць нашы члены, хапае толькі на самае неабходнае, кшталту аплаты арэнды памяшкання і паслуг бухгалтара, які вядзе рахунак арганізацыі.

Што да фінансавання: пакуль творчыя саюзы маюць той самы юрыдычны статус, што і звычайныя грамадскія аб'яднанні, зарабляць грошы самастойна БСК не будзе мець магчымасці. Адзінае выйсце- стварэнне пры БСК камерцыйнай структуры, з дапамогай якой можна будзе зарабляць. Але, зразумела, для гэтага неабходны пэўныя рэсурсы, у тым ліку чалавечыя: займацца такой структурай на грамадскіх пачатках згодзіцца не кожны... А далучаць да дзейнасці БСК людзей з грашыма, якія не маюць дачынення да кіно, будзе досыць рызыкоўна. Справа можа змяніцца пасля надання творчым саюзам асобага статуса самастойнай эканамічнай дзейнасці, але гэта пакуль толькі ў перспектыве.

- Члены БСК, як і іншых творчых саюзаў, павінны быць больш актыўнымі, у тым ліку ў эканамічных пытаннях, - лічыць першы намеснік міністра культуры нашай краіны Уладзімір Карачэўскі. - Магчымасць зарабіць на існаванне ёсць заўсёды, не трэба чакаць толькі прамой дапамогі з боку дзяржавы, а самім імкнуцца арганізоўваць запатрабаваныя публікай мерапрыемствы - тыя ж самыя канцэрты зорак айчыннага кіно. Трэба таксама актыўна цікавіцца становішчам спраў: шмат якіх прапаноў, што выказваліся на апошнім сходзе БСК, былі неактуальнымі, бо Міністэрства культуры ўжо вырашыла звязаныя з імі праблемы, зрабіла неабходныя захады, у тым ліку прапановы па ўнясенні змяненняў у дзеючае заканадаўства. Але асабіста мяне вельмі ўсцешыла, што выступленні кінематаграфістаў на сходзе былі вельмі эмацыйныя, гэта значыць, што ў БСК ёсць шанцы, калі яго члены неабыякавыя да лёсу сваёй арганізацыі.

Да ўсяго сказанага можна дадаць толькі старую прымаўку аб тым, што "не месца ўпрыгожвае чалавека, а чалавек - месца". Большая частка членаў БСК дасюль настальгіруе па ўтульных пакоях старога Дома кіно. Колішняя страта свайго будынка, безумоўна, паўплывала на становішча ў БСК, але, будзем шчырымі, з таго моманту прайшло амаль два дзесяцігоддзі. Да таго ж, утрымліваць новы Дом кіно за кошт асабістых сродкаў членаў Саюза на сённяшні дзень немагчыма. Але галоўнае пытанне - у тым, якімі імпрэзамі будзе напоўнены той Дом? Былы сталічны кінатэатр "Партызан" з новай-старой назвай "Дом кіно" належыць гораду і зарабляе грошы кінапаказамі сучаснага рэпертуару, аднак па першым патрабаванні прадстаўляе сваю залу для мерапрыемстваў Саюза. Нешта падказвае, што калі гэтых мерапрыемстваў будзе болей, а зала на іх будзе цалкам запоўнена гледачамі, то чаканая "перазагрузка" БСК адбудзецца хутчэй...