Між намі, “акадэміямі”

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Першы красавіцкі тыдзень для айчынных тэатралаў азнаменаваўся шырокамаштабнымі абменнымі гастролямі паміж дзвюма вядучымі тэатральнымі “акадэміямі” краіны: Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Янкі Купалы завітаў са сваімі спектаклямі на коласаўскую сцэну ў Віцебску, а Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа сваё майстэрства прадставіў сталічным гледачам на купалаўскай сцэне. Гастролі гэтыя, пазначаныя і прысвечаныя 125-годдзю з дня нараджэння знакамітых беларускіх песняроў Янкі Купалы і Якуба Коласа, далі магчымасць тэатрам пазнаёміць гледачоў з творчымі здабыткамі сваіх славутых калектываў.

Большасць з прывезеных купалаўцамі ў Віцебск спектакляў — найновыя прэм’еры тэатра. Гэта “Чычыкаў” паводле “Мёртвых душ” Мікалая Гогаля ў рэжысуры мастацкага кіраўніка тэатра Валерыя Раеўскага — эпічнае палатно на маральна-”гандлёвыя” тэмы, “Маэстра” Марыі Ладо ў пастаноўцы Аляксандра Гарцуева, у якім “камерная” гісторыя, што разыгралася ў межах аднаго аркестра, выяўляе праблемы ўсяго нашага сучаснага грамадства. А поруч з гэтымі буйнамаштабнымі пастаноўкамі, у якіх занята большая частка купалаўскай трупы, — “Вечар” Аляксея Дударава — лаканічна-сканцэнтраваны спектакль “на траіх”, які ў рэжысёрскай інтэрпрэтацыі Валерыя Раеўскага вырастае да касмічных маштабаў асэнсавання чалавечага існавання і ператвараецца ў “рэквіем па добрых людзях”.
Коласаўцы ж, для якіх сёлетні год пазначаны, да ўсяго, і 80-гадовым юбілеем тэатра, прадставілі сталічным гледачам ажно сем спектакляў, створаных мастацкім кіраўніком тэатра Валерыем Баркоўскім.
Іх дыяпазон надзвычай шырокі. Гэта і пранізліва псіхалагічны “Бацька” Аўгуста Стрындберга, дзе ў галоўных ролях заняты народная артыстка Беларусі Святлана Акружная і Валянцін Салаўёў; і “Дакрануцца вуснамі да нябёсаў” паводле “Старога квартала” Тэнесі Уільямса — спектакль вытанчана-нерэальны і ў той жа час надзвычай “балючы”; “І смех, і слёзы, і любоў” паводле “падзеі” Уладзіміра Набокава…
На малой сцэне гледачы маглі ўбачыць эксперыментальныя пастаноўкі коласаўцаў: спектакль “Тузы” Урса Відмера, які на фестывалі сучаснай нямецкамоўнай драматургіі ў Мінску (2002 год) быў адзначаны галоўным прызам, і трагікамедыю “Мадам Боншанс” Уладзіміра Драздова — другую частку трылогіі пра жыццё і лёс сусветна вядомых мастакоў, што нарадзіліся на беларускай зямлі, прысвечаную асобе Хаіма Суціна.
“Абмяняліся” два тэатры і драматургічным матэрыялам: і коласаўцы, і купалаўцы прадставілі гледачам свае версіі спектакляў паводле п’есы Аляксея Дударава “Чорная панна Нясвіжа” ( у віцебскім варыянце спектакль мае назву “Чорная нявеста”). Абедзве гэтыя пастаноўкі, дарэчы, ужо не адзін год з поспехам трымаюцца ў рэпертуары тэатраў.
Але, бадай, самай яркай “разынкай” абменных гастроляў дзвюх тэатральных “акадэмій” сталася тое, што купалаўцы прывезлі ў Віцебск Коласавага “Сымона-музыку”, а коласаўцы ў Мінск — Купалаў “Сон на кургане”. І спектаклі гэтыя сталіся своеасаблівымі падарункамі нам, гледачам, а таксама — знакам пашаны да творчасці слынных беларускіх песняроў.

Таццяна КОМАНАВА

На здымку: сцэна са спектакля “Бацька” Нацыянальнага
акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.
Лаура — Святлана Акружная, Бацька — Валянцін Салаўёў.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА