Дынарый ад мецэната

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

Незвычайная падзея днямі адбылася ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь. У межах аднадзённага выставачнага праекта грамадскасці прадставілі ўсяго адзін экспанат, ды і той неабходна было разглядаць праз павелічальнае шкло.

/i/content/pi/cult/299/5038/Clip_7.jpgНекалькі тыдняў таму фонды Нацыянальнага гістарычнага папоўніліся рэдкай сярэбранай манетай часоў вялікага князя Вітаўта, адзіны аналаг якой захоўваецца ў Нацыянальным музеі Літвы. Па звестках даследчыкаў, манета ручной чаканкі датуецца 1380 -1400 гг. Аднак пакуль не ўстаноўлены змест кірылічнага надпісу, выкананы па крузе.

Як аказалася, дынарый выпадкова знайшлі летась у ваколіцах Навагрудка. Дзякуючы айчынным нумізматам інфармацыя пра яго існаванне і магчымасць набыцця трапіла ў музей. Пасля прыняцця экспертнага заключэння міжнароднай групы спецыялістаў, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Беларусі, Літвы і Расіі, было вырашана набыць манету. Цягам года ішлі перамовы з адным з беларускіх банкаў, у выніку чаго сёння каштоўны дынарый захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Як адзначыў міністр культуры нашай краіны Павел Латушка пад час урачыстай прэзентацыі манеты, гэтая падзея чарговы раз засведчыла, што мы краіна з багатай гісторыяй, цікавым сённяшнім днём і яшчэ лепшай будучыняй. І пацвярджае, што наш бізнес рэальна дапамагае айчыннай культуры. "Падобныя праекты не былі б рэалізаваны, калі б не было падтрымкі людзей, якія разумеюць: культура мусіць развівацца не толькі пры падтрымцы дзяржавы, але і праз прыватную ініцыятыву", - адзначыў міністр.

Па словах Паўла Латушкі, Міністэрства культуры працуе над шэрагам нарматыўных актаў, якія стварылі б новы падыход у заканадаўстве для большага спрыяння ў развіцці мецэнацтва і спонсарства ў сферы культуры нашай краіны. Тым больш, Прэзідэнтам краіны канцэптуальна адобраны гэты падыход.

 "Мы працуем над нарматыўным актам, які створыць сістэму апякунскіх саветаў пры вядучых установах культуры нашай краіны. Гэты нарматыўны дакумент знаходзіцца ў канчатковай фазе яго ўзгаднення. Ім таксама прадугледжваецца стымуляванне ўкладання прыватных сродкаў у культуру", - зазначыў міністр культуры.

 

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"