Абмяркуюць на Савеце

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

Дату першага пасяджэння нядаўна створанага Рэспубліканскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь вызначаць на наступным тыдні.

"Гэта будзе вельмі значнае для нашых дзеячаў культуры фарміраванне: да іх меркаванняў прыслухаюцца пры распрацоўцы новых законапраектаў", - паведаміў першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Карачэўскі.

 Рэспубліканскі савет уключае работнікаў культуры і мастацтва з усёй краіны: гэта навукоўцы, даследчыкі, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў і творчых саюзаў, навучальных устаноў, музеяў ды іншыя, як даволі маладыя творцы, так і працаўнікі на ніве культуры з вялікім досведам. Узначаліць гэты орган міністр культуры Павел Латушка.

"Творчая інтэлігенцыя можа даць слушныя парады: многія з членаў Савета як ніхто іншы ведаюць праблемы знутры, - працягвае першы намеснік міністра.- Цяпер- час рэформ у Міністэрстве, і шляхам абмеркаванняў у іх можна ўносіць вартыя ўвагі папраўкі. Некаторыя з прапаноў, магчыма, стануць асновай для значных змен у той або іншай сітуацыі".

Пастанова ўрада аб стварэнні Савета прынята 24 лістапада, і галоўнымі яе мэтамі было наданне нацыянальнай культуры новага імпульсу, больш мэтанакіраванага развіцця. Ён будзе кансультатыўным органам, які забяспечыць узаемадзеянне Савета Міністраў Беларусі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, арганізацый культуры і мясцовых аб'яднанняў.

 Членам новага Савета стала дырэктар Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка Вольга Бародзіч. На яе погляд, орган, які будзе стваральным і дзейсным, паклапоціцца аб захаванні спадчыны і будзе ўяўляць з сябе брацтва людзей, што дбаюць аб развіцці культуры. "Думаю, што праз два-тры месяцы мы ўжо зможам казаць аб нейкіх канкрэтных высновах нашай сумеснай працы", - дадала яна.

Мастацкі кіраўнік Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Цітовіча, народны артыст краіны Міхась Дрынеўскі вызначыўся з канкрэтнай тэмай для абмеркавання і ўвасаблення ў жыццё: "Беларускае слова, беларускія песні і танцы павінны з'яўляцца часцей не толькі на сцэне, але і ў побыце, у культуры кожнага асобнага чалавека. Сваю мэту бачу ў тым, каб знайсці шляхі прыцягнення да народнай творчасці як мага большай колькасці людзей".