Культурная сталіца Садружнасці

№ 49 (969) 03.12.2010 - 10.12.2010 г

Адзін з гарадоў, які знаходзіцца ў Беларусі ці Расіі, стане Культурнай сталіцай Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Але вядомы ён будзе прыкладна напрыканцы будучага года. Пра новы праект СНД паведамілі карэспандэнту “К” у прэс-службе Выканаўчага камітэта Садружнасці.

Праграму "Культурная сталіца Садружнасці" распрацоўвае Міждзяржаўны савет, што складаецца з прадстаўнікоў міністэрстваў культуры краін СНД, і незалежныя эксперты ў галіне культурнай палітыкі кожнай з краін. Пасяджэнне, дзе эксперты разглядалі шэраг пытанняў наконт горада, праводзілася ў Мінску на гэтым тыдні. На ім дапрацоўвалі Палажэнне аб праекце, абмяркоўвалі дакументы і фарміравалі план мерапрыемстваў, якія неабходна ажыццявіць, каб сталіца апраўдала сваё званне.

Культурнай сталіцай кожны год будзе называцца адзін з гарадоў дзяржаў - удзельніц СНД на падставе конкурсу (краіны вызначаюцца ў алфавітным парадку). Ён павінен быць гістарычным, культурным і турыстычным цэнтрам, мець развітую інфраструктуру. На сёння вядома, што канцэпцыя ўключае чатыры групы праектаў, якія будуць рэалізаваны ў Культурнай сталіцы: праекты краін Садружнасці, нацыянальныя, інфраструктурныя і гасцявыя праекты.

Некалькімі тыднямі раней беларускі бок прапаноўваў для надання такога статуса Нясвіж, пазней, на пасяджэнні экспертаў з СНД, быў названы Гомель. Аднак канчаткова горад будзе вызначаны значна пазней, калі праграма стане дакладна акрэсленай.