Выстаўка прэзентуе работы і дасягненні майстэрні глыбокага друку пад кіраўніцтвам старшага прафесара Акадэміі мастацтваў г. Катавіцэ Яна Шматлоха. Экспазіцыя складаецца з дзвюх частак: першая - рэтраспекцыя пейзажных твораў самога майстра (афорт), другая частка - работы ягоных колішніх студэнтаў, а цяпер - вядомых у Польшчы мастакоў, якія атрымалі прызнанне ў многіх краінах Еўропы. Вось што расказвае пра сваю майстэрню і пра сябе сам прафесар Шматлох:
- Майстэрня глыбокага друку ў структуры кафедры графікі Акадэміі выяўленчага мастацтва ў Катавіцах заўсёды займала асаблівае месца. Пра гэта сведчылі выдатныя прафесары і мастакі. Поспехі выхаванцаў, якія разам стварылі яе графічны набытак, ужо шмат гадоў упісваюцца ў сучасны пейзаж польскай графікі. Гэтым яны садзейнічаюць стварэнню ў Катавіцэ графічнага асяроддзя, што знаходзіць пацвярджэнне ў арганізацыі Трыенале польскай графікі. Катавіцкая школа стала аўтаномнай, прынцыпова паўплывала на ўмовы і якасць адукацыі.
Майстэрня глыбокага друку рэалізуе сваю праграму, абапіраючыся на класічныя графічныя тэхнікі. Пазнанне і атрыманне практычнага вопыту ў майстэрні, нягледзячы на свой пятнаццацігадовы радавод, і надалей застаюцца для студэнтаў захапляльным сродкам мастацкага выказвання. Аднак нашай мэтай з'яўляецца іх падрыхтоўка да самастойнай творчай працы, рэалізаванай у гэтай майстэрні ў тэхніках медыярыту, мецатынты, сухарыту, афорту, аквацінты, мяккага лаку. Канешне, рыгарызм традыцыйных тэхнік не выключае эксперыменту і прымянення так званых уласных тэхнік. Вельмі часта ў студэнцкіх работах з'яўляюцца дзіўныя спалучэнні, што аб'ядноўваюць між сабой абсалютна розныя плыні. Урэшце, самым важным у гэтым працэсе з'яўляюцца пошук і выпрабаванне "ўласных слядоў", неабходных пры стварэнні індывідуальнай мовы графікі, якая, у сваю чаргу, дазваляе смела рэалізаваць мастацкую індывідуальнасць.