Свая “разыначка”

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Якія яны — партрэты “глебаўцаў”?

/i/content/pi/cult/298/5030/pic_55.jpgВыстаўка жывапісу навучэнцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага вучылішча імя А.К. Глебава адкрылася ў сталічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты і аўтапартрэты аўтарства выпускнікоў вучылішча і сённяшніх студэнтаў. На вернісажы сабралася і шмат юных мастакоў, якія толькі ў гэтым годзе пачалі навучанне.

Першакурснікі выяўляюць свой творчы характар па-рознаму: хтосьці строга перадае гарманічныя прапорцыі твару, іншы жартаўлівы аўтар імкнецца змяшаць мітуслівыя колеры і намеціць характар асобы, якую выбраў для партрэта, некаторыя шукаюць асяроддзе, дзе раскрываюць сябе... Мо ў нечым грубаватыя цяжкія мазкі, залішне яркія фарбы, спрошчаныя рысы твару і дэталі адзення вылучаюць пачаткоўцаў. Аднак ёсць у экспазіцыі і не па ўзросце "дарослыя", сур'ёзныя работы: гэта, напрыклад, жаночы партрэт, выкананы другакурсніцай Марыяй Кошалевай, у якім - і колеравая гармонія, і добрая прафесійная падрыхтоўка, і свая "разыначка".

Вельмі добра падрыхтаванымі падаліся графікі. Нельга не адзначыць малюнкі Варвары Выбаравай ды іншых аўтараў. Некаторым з іх работа алоўкам даецца значна лягчэй, чым пэндзлем. Аднак у іх наперадзе - гады навучання.