І дырэктар, і выкладчык

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Ці маюць права дырэктары дзіцячых школ мастацтваў займацца і выкладчыцкай працай? Ці маюць магчымасць дырэктары дзіцячых школ мастацтваў, тарыфікаваныя як выкладчыкі, скончыць навучальны год, працуючы 9 педагагічных гадзін у свой асноўны працоўны час?

Адказвае Наталля ШМАКАВА, начальнік упраўлення навучальных устаноў і кадраў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь:
— Выкананне выкладчыцкай працы дырэктарамі дзіцячых школ мастацтваў можа ажыццяўляцца на ўмовах штатнага сумяшчальніцтва (Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, артыкул 255, Закон Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”, артыкул 17). Яна выконваецца за межамі працоўнага часу па асноўнай працы і складае не больш паловы нормы выкладчыцкай працы на стаўку. Яна можа выконвацца пры ўмове, што яе ажыццяўленне адбываецца не на шкоду асноўнай працы.

— Праца па сумяшчальніцтве звыш 0,5 стаўкі не практыкуецца ні ў сістэме Міністэрства адукацыі, ні ў сістэме Міністэрства культуры, паколькі гэта можа негатыўна адбіцца на ўзроўні адукацыйнага працэсу. Адначасова паведамляем, што Міністэрства культуры не мае права выдаваць нарматыўна-прававыя акты, якія тычацца пытання сумяшчальніцтва, таму што гэтыя палажэнні прапісаны ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь.Зараз Міністэрствам адукацыі сумесна з зацікаўленымі бакамі прапрацоўваецца пытанне аб прадастаўленні кіраўнікам устаноў адукацыі, іх намеснікам і іншым работнікам права выконваць выкладчыцкую працу ў працоўны час кіраўніка па грамадзянска-прававой дамове ў аб’ёме не больш 360 гадзін за навучальны год па асноўным месцы працы.
У сувязі з гэтым упраўленням культуры аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама неабходна ў кароткія тэрміны прывесці ў адпаведнасць з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь нормы педагагічнай працы дырэктараў і намеснікаў дырэктараў дзіцячых школ мастацтваў.