Абсалют “колеру музыкі”

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

У сталічнай галерэі “Мастацтва” ідзе сумесная выстаўка жывапісных твораў Ігара і Алены Бархатковых.

/i/content/pi/cult/298/5029/pic_54.jpgТой, хто хоць аднойчы меў магчымасць пазнаёміцца з чароўнымі, гарманічнымі краявідамі гэтых віртуозаў пэндзля, згодзіцца: сузіраць іх карціны Прыроды заўсёды прыемна і лёгка - адна асалода! Яны дораць безліч станоўчых думак і эмоцый уважліваму гледачу. Перад намі - не штучны, рукачынны мастакоўскі "выраб"-артэфакт, а, хутчэй, - нейкае цудадзейнае вонкавае люстэрка неабсяжнага свету "жывой" натуры ў багетным абрамленні. У любым выпадку, ілюзія адлюстравання навакольнай прасторы, святла, рэчаў, колераў у іх палотнах - узрушальная, абсалютная.

Цікава, што традыцыі "першаснай", даўняй "неўміручай" класікі натуральна захаваліся ў сям'і Бархатковых - "генетычна", спадчынна. Ігараў бацька, Антон Стэфанавіч, знаны беларускі пейзажыст-лірык - лепшы вучань В.К. Бялыніцкага-Бірулі.

Ужо раннія, яшчэ са студэнцкай пары, самастойныя творы Ігара і Алены ўпрыгожвалі многія буйныя мастацкія выстаўкі, а ў 1990-я - 2000-я гг. годна прадстаўлялі незалежную Беларусь за яе межамі, дзе паўсюдна карысталіся нязменным поспехам.

 З 1993 г. Бархатковы жывуць і плённа працуюць /i/content/pi/cult/298/5029/pic_53.jpgу загараднай майстэрні ў вёсцы Харужы (непадалёк ад маляўнічых мясцін мемарыяльнай сядзібы В.Дуніна-Марцінкевіча), дзе з натхненнем, самааддана вывучаюць, назіраюць, слухаюць, апяваюць праз фарбы "першародныя" рытмы, непаўторную прыгажосць роднай беларускай зямлі. Бліскучы харужанскі цыкл лаўрэата спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за 2009 г. Ігара Бархаткова пад назвай "Мая Айчына" - найбольш змястоўная, па-філасофску разважлівая, ідэйна завершаная аўтарская работа-споведзь за апошнія гады.

Алена і Ігар - неўтаймаваныя па характары мастакі, якія знаходзяцца ў няспынным творчым пошуку, штодзень упарта пішуць з натуры, год за годам удасканальваючы сваё майстэрства і адначасова ўзбагачаючы ўласны жыццёвы вопыт, мастакоўскі погляд на свет. Дарэчы, аб гэтым сведчыць іх чарговая "справаздачная" цікавая экспазіцыя, дзе галоўнымі з'яўляюцца тэмы повязі мінулага з сучаснасцю, гарманічнага суіснавання Чалавека і Прыроды. Іншымі словамі, выстаўка стала жыццесцвярджальным гімнам Прыгажосці навакольнага свету праз мілагучныя і пяшчотныя пералівы-мелодыі фарбаў дарагой сэрцу Беларусі...

Аляксандр РУНЕЦ