“Дошкі” ад кафедры

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

29 лістапада завяршаецца ХХІІІ Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC). Сярод удзельнікаў гэтага буйнога форуму — шэсць беларускіх калектываў, у тым ліку тэатр сучаснай харэаграфіі “D.O.Z.SK.I.”, якому нядаўна споўнілася пяць гадоў, і праект БДУКіМ, кафедра харэаграфіі якога адсвяткавала 15-годдзе.

Без "абы-як"

 Галоўнай заслугай кафедры харэаграфіі БДУКіМ з'яўляецца, на мой погляд, не толькі падрыхтоўка высокапрафесійных спецыялістаў, але і развіццё ўсіх магчымых напрамкаў сучаснага танца. Вялізная ўвага надаецца, вядома, народна-сцэнічнаму танцу, працягу фальклорных традыцый. Але гэта не перашкаджае паспяхова развіваць бальны кірунак, эстрадны і самыя разнастайныя адгалінаванні мадэрна.

Нягледзячы на такую полістылёвасць, юбілейны канцэрт да 15-годдзя кафедры праляцеў, як і штогадовыя справаздачныя выступленні, на адным дыханні. Бо хаця сярод лепшых нумароў мінулых гадоў і быў "Мастак абы-як", ніводнай кампазіцыі, зробленай абы-як, педагогі і студэнты сабе не дазваляюць. Таму і канцэрт быў складзены адно з сапраўдных перлін, годных паказу на любым узроўні.

Ды ўсё ж такія канцэрты - толькі частка вялізнага айсберга таго, што робіць кафедра. Пацвярджэннем паспяховасці абранага шляху з арыентацыяй на сучаснае харэаграфічнае мастацтва ва ўсіх яго праявах становіцца далейшая праца выпускнікоў. А яны сёння - не толькі працуюць ва ўсіх рэгіёнах Беларусі, узначальваюць аматарскі танцавальны рух і змалку рыхтуюць дзяцей, з'яўляюцца артыстамі вядучых прафесійных калектываў, але і свядома развіваюць сучасную харэаграфію, якая яшчэ некалькі гадоў таму была прадстаўлена ў нашай краіне хіба лічанымі аматарамі. Сёння ж выхаванцы БДУКіМ стаяць на чале эксперыментальных калектываў, уваходзяць у іх склад - рухаюць айчыннае мастацтва наперад.

 

/i/content/pi/cult/298/5028/pic_52.jpgШто пастаўлена на "Дошкі"?

На творчым рахунку тэатра сучаснай харэаграфіі "D.O.Z.SK.I." - перамогі на прэстыжных міжнародных танцфорумах, удзел у Міжнародным танцавальным кірмашы "Tanzmesse" ў Дзюсельдорфе, дзе беларускія харэографы выступілі ўпершыню, гасцявой праграме Усерасійскага тэатральнага фестывалю "Залатая маска", паказ лепшых работ на сцэне Варшаўскай Нацыянальнай оперы, удзел у цырымоніі адкрыцця дзіцячага "Еўрабачання-2010". Дый адразу пасля цяперашняга IFMC ў Віцебску тэатр рушыць на гастролі ў Мазыр, а 1 снежня ўпершыню пакажа ў Мінску свой балет "Мухі на сонцы", сусветная прэм'ера якога адбылася год таму на Міжнародным фестывалі танцавальных тэатраў "Zavirovanne" ў Варшаве. І ўсё гэта - пасля нядаўняга юбілейнага вечара, што з'яднаў лепшыя ранейшыя кампазіцыі са шматлікімі прэм'ерамі.

Той паказ зрабіў відавочнай вялізную творчую эвалюцыю калектыву. Калі яго дэбютныя пастаноўкі набліжаліся да стылістыкі пластычнага спектакля, дык сёння тэатр далучаецца да самых розных кірункаў сучаснай харэаграфіі, прычым робіць гэта па-мастацку дасканала і вельмі творча. Адну з прычын такой рознабаковасці многія бачаць у тым, што калектывам плённа і зладжана кіруюць адразу два мастакі, прычым з рознай адукацыяй і творчай індывідуальнасцю: выпускнік БДУКіМ Дзмітрый Залескі і Вольга СкварцоваКавальская, якая скончыла Акадэмію мастацтваў. Іхняе "адзінства супрацьлегласцей" - гэта парытэт рэжысуры і харэаграфіі, арганічны сінтэз харэаграфічнага і тэатральна-драматычнага мыслення, заходніх тэхнік танца і ўласнага мастацкага "слоўніка", вобразна-канцэптуальнай метафарычнасці, асацыятыўнасці і, у той жа час, яснасці.

Тут і кантактная імправізацыя - тэхніка спантаннага невербальнага дыялога, што быццам нараджаецца "тут і зараз" (мініяцюра "Трыа"), і фольк-мадэрнбалет ("Сталасць"), - і неакласічная пастаноўчая стылістыка, блізкая да работ сусветна вядомага чэшска-галандскага харэографа Іржы Кіліяна ("Homo sapience"), і мінімалізм, кінетычны канструктывізм пластычнага малюнка, заснаваны амерыканцам Уільямам Фарсайтам ("Жукі" - дуэт-урывак з балета "Мухі на сонцы").

Яшчэ адзін крок да новай танцавальнай стылістыкі - прэм'ерны твор "Нізкая частата", прапанаваны на конкурс IFMC. Самадастатковасць лексічнага выказвання, абстрактна-асацыятыўная логіка пабудовы харэаграфічнай формы, мінімалізм сцэнічных сродкаў выразнасці, медытатыўнае разгортванне драматургіі, кантыленнае чаргаванне поз"стоп-кадраў" - усё гэта стварае няўлоўна адчувальны вобраз часу, яго несупыннай пульсацыі. Цэнтральнай візуальнай і сэнсавай "кропкай" дзеяння становіцца пластычны вобраз арэляў - сімвал "няўстойлівай раўнавагі" чалавечага лёсу ў абшары Сусвету.

Дбаючы пра сваю будучыню, тэатр заснаваў і ўласную школу-студыю, дзе яго артысты "гадуюцца" і вучацца не толькі размаўляць на мове сучаснага танца, але і мысліць яго лексікай ды граматыкай. Так "D.O.Z.SK.I." робяць амаль немагчымае: у сталіцы, дзе моцныя традыцыі вялікага акадэмічнага балета і народна-сцэнічнага мастацтва, свядома развіваюць і папулярызуюць сучасны танец, прычым у яго інтэлектуальна-аўтарскім, а не толькі эстрадна-забаўляльным абліччы.

Надзея БУНЦЭВІЧ,

Святлана УЛАНОЎСКАЯ

На здымку: сцэна з мініяцюры "Homo Sapiens"

Фота Аляксандра ЖДАНОВІЧА