Пачытаць. З інтанацыяй аўтара…

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

У Магілёўскім абласным драматычным тэатры распачаўся новы творчы праект пад назвай “Чытанні”. Штомесяц у драмтэатры будуць адбывацца адкрытыя чыткі п’ес сучасных беларускіх драматургаў.

/i/content/pi/cult/298/5026/pic_48.jpgПраект задумала і распачала новы галоўны рэжысёр Магілёўскага тэатра Кацярына Аверкава. "Сучасная п'еса для сучаснага тэатра" - у гэтым слогане, агучаным ёю перад першай чыткай, добра бачна, што прыйшла яна ў тэатр з уласным бачаннем мастацтва, якое хоча данесці і да іншых.

Невыпадкова для прэм'еры была абрана п'еса Мікалая Рудкоўскага. Заўзятыя наведвальнікі Міжнароднага тэатральнага фестывалю "М.@rt.кантакт" памятаюць, як некалькі гадоў таму ў рамках Лабараторыі маладой драматургіі менавіта Аверкавай удалося знайсці дакладныя ноты гучання п'есы Рудкоўскага "Ана і ананас", якія нават у кароткім прэзентацыйным кавалачку ўразілі і выпадковых гледачоў, і прафесійных крытыкаў. За тыдзень рэпетыцый у Аверкавай з магілёўскімі акцёрамі атрымалася стварыць яскравую, парадаксальную дзею. І было шкада, што тая чытка так і не займела лагічнага працягу ў выглядзе спектакля. Але гэтыя паўтара года "чакання" ўсё ж прынеслі свой плён - "Бога казытання".

П'еса складаецца з частак, кожная з якой носіць назву вядомай казкі або міфа, напрыклад, "Чырвоны Каптурык" альбо "Самсон і Даліла". Рэжысёр уводзіць у дзею Апавядальніка (Алена Крыванос), што зачытвае рэмаркі, спрабуе кіраваць дзеяй, наколькі яму дазваляюць самі персанажы. Тэматычна твор выглядае вельмі агрэсіўна і напружана: нелюбоў некаторых дарослых да ўласных дзяцей, працоўная іміграцыя, СНІД. Аўтар прызнаўся потым, што пісаў п'есу на замову для замежнага праекта. Не выпадкова на абмеркаванні гледачы казалі пра шок, які выклікаў твор, асабліва- першы акт дзеі. Але, на дзіва, тыя ж самыя гледачы зазначалі і тое, што гісторыя "трапіла" ў іх, пра сваё атаясамленне з персанажамі і пра тое, што ўрэшце ў аўтара атрымалася напісаць п'есу пра пачуццёвасць, адзіноту, адказнасць і пакаранне.

Зрэшты, самая жорсткая спрэчка на абмеркаванні разгарэлася не наконт тэм (хіба толькі адна заўвага была выказана аўтару: маўляў, яму не баліць пра тое, што ён піша), а наконт жанру дзеі. Рэжысёр Яўген Карняг, які прыехаў з Масквы спецыяльна, каб падтрымаць сваю калегу Кацярыну Аверкаву, зазначыў, што, маўляў, для жанру чыткі артысты занадта шмат выкладваліся і перажывалі. Бо, на яго думку, для адэкватнага ўспрыняцця менавіта тэксту такое існаванне на сцэне толькі перашкаджае. Ды гледачы і стваральнікі спектакля ўзяліся шчыра абараняць падобную форму працы. І сам драматург Мікалай Рудкоўскі сказаў, што яму бліжэй акурат такі фармат чыткі - у выглядзе своеасаблівага міні-спектакля, бо ён дае магчымасць не проста прачытаць тэкст, а- адчуць яго інтанацыю, аўтарскі "подых".

Калі пад час падвядзення вынікаў традыцыйнай Лабараторыі маладой рэжысуры на "М.@rt.кантакце" галоўным дакорам было тое, што гледачам прапаноўваліся рэжысёрскія "эскізы" п'ес, створаныя на падставе ўрыўкаў, а не тэксту цалкам, то новыя "Чытанні" гэта поўнасцю выпраўляюць. Знайшлася форма, якая на паверку задаволіла і творцаў, і гледачоў. І - прывяла да думкі, што падобныя творчыя імпрэзы, асабліва ў абласных гарадах, не настолькі багатых, у параўнанні са сталіцай, на разнастайныя творчыя падзеі, з'яўляюцца добрай нагодай сустрэцца і пагутарыць аб важных праблемах. А наступная сустрэча на "Чытаннях" - у сярэдзіне снежня.

Аляксей СТРЭЛЬНІКАЎ