“Дзікае паляванне” ў драматургічным гарсэце

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Ягонае слова — як чыстае паветра, якое зусім нячутна ўліваецца ў кроў, дазваляе адчуць хараство і багацце нашай мовы, культуры і гісторыі. Нездарма і Магілёўскі абласны тэатр лялек вырашыў звярнуцца да бессмяротнага твора генія нашага слова Уладзіміра Караткевіча — “Дзікае паляванне караля Стаха”.

/i/content/pi/cult/298/5025/pic_46.jpgУ сваёй літаратурна-сцэнічнай версіі рэжысёр Вячаслаў Коранеў істотна скараціў гісторыю пана Беларэцкага. Выкрыццё ўдзельнікаў дзікага палявання адбываецца ў спектаклі надзвычай проста: рэжысёр ужо па-за кадрам разблытвае клубок загадак, так што дэтэктыўная гісторыя становіцца проста аповедам аб тым, як старонні чалавек асмеліўся абараніць ад плётак дзяўчыну. Зрэшты, і лінія кахання, у параўнанні з літаратурнай асновай, таксама спрошчана: у спектаклі Беларэцкі адкрывае ў сабе пачуцці да Яноўскай амаль адразу, без доўгіх філасофскіх разваг. Знікае ў інсцэніроўцы таксама шэраг персанажаў, сярод якіх - і Свеціловіч: яго сумны лёс не змясціўся ў жорсткі драматургічны гарсэт.

З прычыны такой значнай літаратурнай перапрацоўкі сам твор, адаптаваны да малой сцэны, страціў сваю маштабнасць, але пры гэтым набыў новыя, нечаканыя рысы. Прынамсі, цікавым і эфектным стала рэжысёрскае зліццё ў адзін вобраз старой Кульшы і маладой жабрачкі з дзіцем: перад намі паўстала жанчына, даведзеная дзікім паляваннем да вар'яцтва і крайняй беднасці. Наталля Бачкарова ўвасабляе сваю гераіню дзівачкай з саламянай лялькай у руках, якую пастаянна кліча Ясікам, так што вобраз атрымліваецца да слёз кранальным. І ўспрымаецца своеасаблівым папярэджаннем, адлюстраваннем і ўзорнай ахвярай усіх тых жахаў, якія наканавана сустрэць на сваім шляху Беларэцкаму. Ягоную ролю ў спектаклі выконвае Сяргей Сяргеенка, ролю Надзеі - Таццяна Зэлікава.

Але найбольшай выразнасцю вылучаюцца работы старэйшых акцёраў тэатра: Ахмістрыня Наталлі Бачкаровай, якая сваёй сквапнасцю і дурнотай выклікае адно толькі агіду і жаль, а таксама Дубатоўка і Берман-Гацэвіч - у выкананні Мікалая Сцешыца. Ды і лялькі мастака Галіны Ігнацьевай перадаюць нам акурат тыя рысы і адметнасці, прычым не толькі знешнія, якія вылучаў у сваіх героях і сам Караткевіч.

Алеся САБЕЛА

Магілёў

На здымку: сцэна са спектакля "Дзікае паляванне караля Стаха".