Баль з эксперыментам

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Што і казаць, круглыя даты — рэч прыемная. Асабліва калі да іх прыходзіш з пэўнымі набыткамі і перспектыўнымі планамі. Днямі Гродзенскі абласны тэатр лялек адзначыў сваё 30-годдзе, якое ён сустрэў абсалютна “недзіцячым” творчым узроўнем.

/i/content/pi/cult/298/5024/pic_44.jpgУдвая больш прыемна гродзенскім лялечнікам адзначаць гэты "дзень нараджэння" яшчэ і таму, што, шчыра кажучы, спробы стварыць у горадзе прафесійны тэатр лялек рабіліся неаднойчы, першы раз - яшчэ сем дзесяткаў гадоў таму, аднак па самых розных прычынах яны так і не знаходзілі свайго далейшага працягу. І толькі з трэцяга разу ўсё адбылося.

Як і іншыя беларускія тэатры лялек, гродзенскі калектыў, створаны ў 1980 годзе выпускнікамі Ленінградскага дзяржаўнага інстытута тэатра, музыкі і кінематаграфіі і Гродзенскага культасветвучылішча, напачатку ставіў выключна дзіцячыя спектаклі. Першай пастаноўкай іх быў "Людвіг і Тута" У.Богача і С.Хрыстоўскага рэжысёра Сяргея Юркевіча, які на той час узначальваў калектыў. Паступова акцёрскі і творчы патэнцыял тэатра ўзрос настолькі, што трупа адной з першых у краіне пачала актыўна асвойваць драматургію, адрасаваную даросламу гледачу. Сярод знакавых пастановак гродзенцаў - "Самазабойца" М.Эрдмана, "Лекар мімаволі" Ж.-Б. Мальера, "Тутэйшыя" Янкі Купалы, "Стрыптыз. Караль" С.Мрожака, "Прыхадзень" М.Эйроля, "Цуд святога Антонія" М.Метэрлінка рэжысёра Мікалая Андрэева, а пазней- шэкспіраўскія "Трагедыя аб Макбеце", "Сон у летнюю ноч", "Зімовая казка", "Паэма без слоў" паводле купалаўскага "Сна на кургане" Я.Купалы, "Русалачка" і "Каралева снягоў" Г.-Х. Андэрсена, разам з "Кошчыным домам" С.Маршака, "Шляхам да Батлеему", "Піліпкам і ведзьмай" і "Магічным люстрам пана Твардоўскага" С.Кавалёва - у пастаноўцы цяперашняга галоўнага рэжысёра тэатра Алега Жугжды. Усё гэта стала магчымым дзякуючы нястомнаму эксперыменту гродзенскіх лялечнікаў у пошуку новых форм сцэнічнай выразансці, спалучэння прыёмаў тэатра лялек і драматычнага, асваенню самых розных сістэм лялек, пачынаючы ад трысцявых і заканчваючы марыянеткамі.

Думаецца, святкаванні падарылі гродзенцам мноства/i/content/pi/cult/298/5024/pic_45.jpg віншаванняў з самых розных куточкаў свету, бо тэатр гэты добра вядомы ў прасторы "брацтва лялечнікаў". Гродзенскі абласны неаднойчы гастраляваў і прымаў удзел у міжнародных фест ы в а лях у Расіі, Літве, Украіне, Нарвегіі, Польшчы, Балгарыі, Чэхіі, Італіі і шэрагу іншых краін, адкуль практычна кожны раз вяртаўся з высокімі ўзнагародамі. Сярод іх ёсць нават "Хрустальны кубак" за лепшую рэжысуру Сусветнага фестывалю лялек у Празе ў 2004 годзе! Не выпадкова, што гэткае заўважнае міжнароднае жыццё калектыву было адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва.

Гродзенскім лялечнікам пашанцавала яшчэ і ў тым, што іх трупа месціцца ў адным са старэйшых будынкаў Гродна - тэатры, пабудаваным яшчэ ў канцы ХVІІІ стагоддзя тагачасным старастам Антоніем Тызенгаўзам. Думаецца, гэты адметны факт стварае дадатковую творчую атмасферу, што апаноўвае не толькі акцёраў тэатра, але і ўсіх тых наведвальнікаў, якія запаўняюць залы на самых розных спектаклях трупы. А яна, у сваю чаргу, не стамляецца радаваць сваіх прыхільнікаў самымі рознымі, часам вельмі нечаканымі, тэатральнымі эксперыментамі і сюрпрызамі. Так да свайго 30-годдзя тэатр прадставіў прэм'еру- "Пікавую даму" А.Пушкіна з музыкай П.Чайкоўскага. Рэжысёр спектакля - Алег Жугжда, сцэнограф - Ларыса Мікіна-Прабадзяк, ну а ў ролях заняты літаральна ўсе акцёры тэатра. Што ж, юбілейны "баль" віншаванняў і шчырых пажаданняў сустракае баль пушкінскі, з заўсёдным прадчуваннем цуду і містычнага складніка ўсяго таго, што адбываецца навокал нас.

На здымках: сцэны са спектакляў "Трагедыя аб Макбеце" і "Магічнае люстра пана Твардоўскага".