Чаму менавіта беларускі скульптар, а не хто-небудзь з расійскіх творцаў увасобіў у бронзе сучасніка Пушкіна, сябра Гогаля? Пачалося ўсё з таго, што Іван Якімавіч яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя выканаў надмагільны помнік кампазітару Сяргею Аксакаву - унуку пісьменніка. Той доўгі час жыў і працаваў у Мінску, быў пахаваны на Усходніх могілках. Пра гэта згадалі арганізатары Міжнародных Аксакаўскіх дзён, якія штогод праводзяцца ва Уфе і яе ваколіцах пачынаючы з 1990-га. А ў 2008-м запрасілі Івана Міско з паэтам-песеннікам Фёдарам Баравым на гэтае свята. Госці з Беларусі прывезлі ў дар Музею Аксакава арыгіналы партытур музычных твораў унука пісьменніка, якія адшукаліся ў фондах нашага Дзяржаўнага архіва. На ўрачыстым вечары выступіў Іван Якімавіч і нечакана для ўсіх... прапанаваў стварыць помнік Сяргею Аксакаву ў яго родавым маёнтку - сяле Надзеждзіна, дзе месціцца філіял Уфімскага музея пісьменніка. Ходзячы па яго залах, мастак звярнуў асаблівую ўвагу на адмысловае старадаўняе крэсла: у ім, паводле слоў экскурсавода, любіў сядзець за працай гаспадар дома. Папрасіў вынесці крэсла на панадворак, сфатаграфаваў яго з усіх бакоў. У галаве ўжо спела задума: пісьменнік будзе сядзець якраз вось тут, як гаспадар, каля яго ног утульна ўляжацца ягоны любімы паляўнічы сабака, а яшчэ адно, нікім не занятае, крэсла будзе служыць госцю, які завітае ў сядзібу: кожны ахвотны зможа пасядзець у ім побач з Аксакавым.
Вярнуўшыся ў Мінск, скульптар неўзабаве стварыў эскіз помніка паводле сваёй задумы. Якраз у гэты час прыехаў у Мінск і наведаў майстэрню Івана Міско ініцыятар і нязменны ўдзельнік надзеждзінскіх святаў, дырэктар Уфімскага мемарыяльнага дома-музея Сяргея Аксакава, старшыня Аксакаўскага фонду, пісьменнік Міхаіл Чванаў. Ён ухваліў эскіз, паведаміў, што прынята рашэнне фінансаваць усе работы, якія будуць звязаны са стварэннем і ўстаноўкай помніка, а адкрыццё яго прымеркавана да правядзення ХХ-га свята ў гонар пісьменніка. Там жа, у майстэрні, госць апавядаў многа цікавага пра Аксакава, перадаў копіі нешматлікіх прыжыццёвых малюнкаў-партрэтаў пісьменніка са збораў Аксакаўскага музея. Вядома, самай лепшай выявай Сяргея Цімафеевіча па праве лічыцца ягоны партрэт пэндзля Івана Крамскога. Скульптар не мог не ўлічваць, што якраз з ім будуць параўноўваць воблік аўтара "Пунсовай кветачкі", які ён увасобіць у бронзе. І ўсё ж Міско хацеў стварыць сваё бачанне пісьменніка: вобраз-характар псіхалагічнага напаўнення, вобраз магутнага, мудрага чалавека таго далёкага часу.
І такая задума за вельмі кароткі тэрмін была рэалізавана бліскуча. Прыйшоў час, калі ў цэх Мінскага скульптурнага камбіната завітала прапраўнучка пісьменніка, якая жыве ў сталіцы, Наталля Валер'еўна. Яна аўтарытэтна засведчыла: "Гэта ён, мой прапрадзед. Вельмі падобны".
Бронзавую адліўку па прапанове зямляцтва беларусаў у Казані вырашылі зрабіць там. І гатовыя формы адвезлі ў Казань, дзе ў ліцейні аднаго з прыватных прадпрыемстваў, якім кіруе наш зямляк Сяргей Марудэнка, помнік быў адліты ў бронзе. Міско ездзіў у Казань двойчы: спачатку даводзіў да ладу формы перад адліўкай, зрабіў прапрацоўку ў воску, а потым - яшчэ і аўтарскую прапрацоўку скульптуры перад устаноўкай. Ён выканаў і функцыю архітэктара скульптурнай кампазіцыі: пабываў у Надзеждзіне, вызначыў месца ўстаноўкі, памеры гранітнай пліты-падножжа, паказаў, дзе павінен паўстаць трохметровы помнік, дзе размясціць сабаку... Паводле яго задумы, Аксакаў не павінен сядзець на высокім п'едэстале - ён будзе сярод людзей.
Выступаючы на адкрыцці помніка, Іван Якімавіч сказаў: "Вось перад вамі Сяргей Цімафеевіч Аксакаў. Доўга ён дабіраўся сюды. Свой шлях ён пачаў у Мінску, праехаў па Беларусі, па Расіі, палюбаваўшыся іх прыгажосцю і багаццем, даехаў да Казані, "забранзавеў", і вось прызямліўся тут, у Надзеждзіне, на гранітным п'едэстале..." Да помніка ўсклалі кветкі. І што асабліва расчуліла скульптара: сабаку тут жа абселі дзеці, а дарослыя госці свята фатаграфаваліся поруч з Аксакавым, як з жывым. Землякі пісьменніка адразу прынялі яго. "Здаецца, што ён быў тут заўсёды", - сказаў адзін з іх.
З Башкартастана Іван Міско вярнуўся з ганаровай граматай за стварэнне помніка Аксакаву і дыпломам Міжнароднага фонду славянскага пісьменства і культуры.
Міхась КЕНЬКА
На здымку: помнік у Надзеждзіне.