Дом “АА”

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Гэты архітэктурны помнік знаходзіцца ў сённяшнім цэнтры Хойнікаў. Да нядаўняга часу тут размяшчаўся аддзел адукацыі райвыканкама, цяпер жа будынак і прылеглы да яго парк пера- твораны ў гісторыка-культурны комплекс.

/i/content/pi/cult/298/5021/pic_41.jpgСфарміраваны ён быў на пачатку XX ст. Дата "1912" на галоўным фасадзе сядзібы, відавочна, абазначае год, калі было завершана ўзвядзенне дома, а літары "АА" на фасадзе і на пілонах уязной брамы - крыптонім імені і прозвішча ўладальніка сядзібы, купца Андрэя (Міхайлавіча) Аўраамава. Палацык, паводле доктара архітэктуры Анатоля Кулагіна,- помнік эклектычнай архітэктуры, уяўляе з сябе двухпавярховы, прамавугольны ў плане мураваны будынак, да якога асіметрычна прыбудавана квадратная вежа. Пры галоўным уваходзе - тамбур і тэраса. На чырвоным фоне цагляных сцен (cёння яны атынкаваныя) вылучаліся дэталі архітэктурнага дэкору (ліштвы, карнізы, руст і інш.).

У пластыцы фасадаў выкарыстаны ўтрыраваныя формы класіцызму (франтоны, калонкі, сухарыкі), рэнесансу (арачныя нішы з ракавінамі), матывы сярэднявечнай замкавай архітэктуры (зубчастыя парапеты, байніцы). Планіроўка - калідорная, з вылучэннем параднай групы памяшканняў. Міжпаверхавая лесвіца знаходзіцца ў цэнтральным, квадратным у плане, вестыбюлі.

 Парк жа мае пейзажна-рэгулярную планіроўку. Прамавугольная сетка алей абмяжоўвае паркавыя курціны. Растуць тут мясцовыя пароды дрэў: асіна, ліпа, клён, лістоўніца. Некаторыя з іх дасягалі ўнушальных памераў. Уязная алея была вылучана чатырохпілоннай (сёння - трохпілоннай) брамай.

Сяргей БЕЛЬСКІ

Хойнікі

На здымку: пілоны ўязной брамы.