Граф лёхамі праехаў…

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Коні і карэты ў палацы Тызенгаўза

/i/content/pi/cult/298/5020/pic_38.jpgУ архітэктурнай перліне Паставаў - палацы Тызенгаўза - у наступным годзе размесціцца краязнаўчы музей і з'явіцца шэраг цікавых экспазіцый.

Як вядома, гісторыя гэтага помніка архітэктуры досыць пакручастая. Палац, пабудаваны па замове рэфарматара, асветніка і аматара мастацтваў Антонія Тызенгаўза ў другой палове XVIII стагоддзя, зведаў на працягу свайго жыццяпісу як часы росквіту, так і заняпаду.

У Рэчы Паспалітай тут дзейнічалі тэатр і музычная школа, дзе вучыліся дзеці з навакольных вёсак, існавала балетная школа... У першай палове XIX стагоддзя Канстанцін Тызенгаўз - унучаты пляменнік Антонія - стварыў у палацы своеасаблівы мастацкі музей. Сярод карцін, якія тут можна было пабачыць, - творы Леанарда да Вінчы, Петэра Рубенса, Альбрэхта Дзюрэра, Пітэра Брэйгеля... Таксама ў шматлікіх пакоях было прадстаўлена звыш трох тысяч іншых экспанатаў, сярод якіх - больш за тысячу чучалаў птушак і звыш пяцісот птушыных яек ад амаль двухсот пяцідзесяці відаў...

Але, як і ў чалавечым жыцці, былі ў гісторыі палаца і чорныя дні. Пад час Вялікай Айчыннай вайны тут месцілася стайня для нямецкіх коней, пасля- вайсковая частка... Шматлікія экспанаты або згубіліся, або былі вывезены... А з 1944 года ў гэтым гістарычным аб'екце размясцілася Пастаўская цэнтральная раённая бальніца, два аддзяленні якой знаходзяцца тут да сёння...

Але ў 2011-м усё мае змяніцца. Ужо цяпер будуе/i/content/pi/cult/298/5020/pic_39.jpgцца яшчэ адзін корпус Цэнтральнай раённай бальніцы, куды плануецца перавесці названыя аддзяленні. І тады ў адным з крылаў гістарычнага будынка "прапішацца" Пастаўскі краязнаўчы музей.

А з цягам часу, магчыма, і ўвесь знакаміты будынак будзе перададзены на баланс аддзела культуры райвыканкама. А супрацоўнікі Пастаўскага краязнаўчага музея вельмі чакаюць пераезду. Справа ў тым, што цяпер установа культуры месціцца ў невялікім будынку ў цэнтры горада, і, канешне ж, у ім цесна як супрацоўнікам, так і шматлікім экспанатам.

Па словах намесніка старшыні Пастаўскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Алы Кейзік, у планах мясцовых улад - узнавіць дух тых часоў, якія панавалі ў палацы пры Тызенгаўзах. Неўзабаве ў будынку, акрамя Краязнаўчага музея, размесцяцца карцінная галерэя і арніталагічная экспазіцыя.

Але ўжо сёння наведвальнікі архітэктурнай цікавосткі Паставаў могуць пабачыць у двух пакоях будынка невялікую экспазіцыю, якая апавядае пра гісторыю палаца. А адчуць сябе старадаўнімі графамі і графінямі можна, спусціўшыся ў падвальнае памяшканне, дзе месціцца рэтракафэ "У Тызенгаўза".

Дарэчы, як распавяла дырэктар Пастаўскага краязнаўчага музея Раіса Курачэнка, менавіта ў падвальных памяшканнях палаца раней размяшчаліся майстэрні, дзе рамантавалі і рабілі дыліжансы, фаэтоны, карэты... Да таго ж, з будынка можна было раней прайсці лёхамі, напрыклад, да касцёла. Па адным з гэтых "лазаў" можна было праехаць нават на кані... І гэта - зусім не легенда!..

У тым, што сёння палац Тызенгаўза выглядае, не раўнуючы, як і два стагоддзі таму,- немалая заслуга гарадскіх улад. Бо пачынаючы з 1970-х гадоў мінулага стагоддзя палац пачаў паступова разбурацца: на фасадзе з'явіліся шматлікія расколіны, ападала тынкоўка... І доўгі час рамонтныя работы ў гістарычным будынку рабіліся за кошт сродкаў раёнага бюджэту, без дапамогі з абласнога або рэспубліканскага бюджэтаў...

/i/content/pi/cult/298/5020/pic_40.jpgАле, канешне ж, калі весці гаворку пра ўсю рамонтную "эпапею" ў палацы, нельга не згадаць галоўнага "лакаматыўшчыка" справы адраджэння архітэктурнай цікавосткі Паставаў - галоўнага ўрача раённай бальніцы Уладзіміра Чэкавага. Ён прыйшоў на сваю пасаду на пачатку 1990-х гадоў і з таго часу нязменна паспяхова "выбіваў" грошы на аднаўленне палаца. Менавіта дзякуючы яго намаганням прыкладна дзесяць гадоў таму на рамонт гістарычнага будынка быў атрыманы грант UNESСO (пра гэта "К" неаднаразова пісала). За гэтыя грошы было праведзена ацяпленне, заменены водаправоды, вокны і дзверы, зроблены ўнутраны рамонт памяшканняў, а сцены - абшыты металічнай сеткай...

І справа па адраджэнні ды аднаўленні былой велічы палаца не спыняецца і сёння. Па словах намесніка старшыні Пастаўскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Алы Кейзік, цяпер наладжана сувязь з Рокішкскім раёнам Літвы, дзе знаходзіцца яшчэ адзін падобны аб'ект архітэктуры, які таксама раней належаў Тызенгаўзам. Паводле праграмы Еўрапейскага Саюза "Памежнае супрацоўніцтва", у 2011 годзе чакаецца яшчэ адзін грант на аднаўленне гэтых палацаў як у Беларусі, так і ў Літве. Аб тым, ці выдаткуе пад гэтыя мэты грошы ЕС, стане вядома ўжо да канца бягучага года.

На здымках: помнік Канстанціну Тызенгаўзу: палац у Паставах; лёхі старадаўняга будынка.

 

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"