Беларусь — Масква: абсяг культкантактаў

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Другога красавіка першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка і намеснік старшыні Камітэта па культуры Масквы Ганна Папова падпісалі Пратакол аб супрацоўніцтве ў галіне культуры паміж нашай краінай і сталіцай Расіі на 2008 — 2009 гады.

— Нашы стасункі, — зазначыў на прэс-канферэнцыі з нагоды падзеі У.Рылатка, — маюць даўнія традыцыі. Мы штогод падпісваем планы супрацоўніцтва ў музычным, тэатральным мастацтве, музейнай і бібліятэчнай справе. Праведзена шмат агульных акцый: фестываляў, гарадскіх свят. На “Славянскім базары ў Віцебску” леташні Дзень Масквы быў адзначаны маштабным гала-канцэртам, які прызнаны лепшай праграмай міжнароднага форуму… А сёння ў нашым Нацыянальным мастацкім музеі адкрываецца цудоўная выстаўка “Масква і масквічы” з фондаў Музея-сядзібы “Астанкіна” і Музея Васілія Трапініна…24 мая на Міжнародны дзень славянскай пісьменнасці і культуры чакаем дэлегацыі з Масквы. 25 мая ў нашых абласцях і ў Мінску распачнуцца Дні культуры Масквы. І нас, беларусаў, заўжды чакаюць у сталіцы Расіі сардэчнасць, разуменне, падтрымка ва ўсіх нашых пачынаннях. І вельмі сімвалічна, што падпісанне Пратакола адбылося менавіта ў Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі…
У сістэме Камітэта па культуры Масквы, паведаміла Г.Папова, амаль тысяча ўстаноў, а гэта — 34 тысячы работнікаў культуры. І ў кожнай маскоўскай установы — трывалыя і даўнія сувязі з Беларуссю. Г.Папова запрасіла калег з Беларусі паўдзельнічаць у маскоўскіх праектах: міжмузейным форуме, які праводзіцца кожнай восенню (летась у яго рабоце бралі ўдзел музейныя работнікі Віцебска), канферэнцыі маладых бібліятэкараў. Сёлета Масква святкуе 860-годдзе, у верасні на ўсіх канцэртных пляцоўках горада знойдзецца пачэснае месца для выканаўцаў і творчых калектываў Беларусі.
Дырэктар Маскоўскага музея-сядзібы “Астанкіна” Генадзь Удовін адзначыў высокі прафесійны ўзровень беларускіх музейшчыкаў, падкрэсліў, што Беларусь — краіна з важкімі музейнымі традыцыямі. Новы будынак Нацыянальнага мастацкага музея, яго экспазіцыі — яскравы таму доказ. Дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, падкрэсліваючы неперарыўнасць культурніцкіх стасункаў з расіянамі, узгадаў, як Г.Удовін два гады таму, рыхтуючы ў Мінску выстаўку “Анталогія рускага жывапісу”, прымаў самы актыўны ўдзел у суботніках па ўзвядзенні музейнай прыбудовы. Г.Удовін прапанаваў беларускаму боку дзейсную дапамогу ў рэстаўрацыі Мірскага парку, бо “Астанкіна” мае ў гэтым значны досвед — тут знаходзіцца штаб-кватэра Міжнароднага саюза ландшафтнага дызайну.
На прэс-канферэнцыі ішла гаворка пра кнігаабмен (некалькі тысяч найменняў самых розных маскоўскіх выданняў трапяць у сельскія бібліятэкі нашай краіны), пра абменныя гастролі лепшых дзіцячых калектываў (гэты год мэр Масквы абвясціў Годам дзіцяці), пра больш актыўныя ўзаемадзеянні беларускіх і расійскіх пісьменнікаў.
Намеснік дырэктара Міжнароднага культурнага цэнтра Ілля Рэзіс, працягваючы гаворку пра канкрэтыку падпісанага Пратакола, паведаміў, што сёлетні год стане адметным на самыя разнастайныя мастацкія падзеі. У планах — гастролі маскоўскіх тэатраў у Беларусі, у тым ліку МХАТа. Сюрпрызы з расійскага боку чакаюцца і на сёлетнім “Славянскім базары ў Віцебску”. Масквічы, у сваю чаргу, сустрэнуць у сябе Купалаўскі тэатр, прадстаўнікоў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. 

Андрэй СТАРЖЫНСКІ
Фота Юрыя ІВАНОВА