Богданаўская “святыня думання” Фердынанда Рушчыца

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

...Толькі Беларусі належаў целам і душой

/i/content/pi/cult/298/5019/pic_36.jpgВось як пісаў пра Рушчыца, чыё 140-годдзе з дня нараджэння адзначаецца 10 снежня, слынны Уладзімір Караткевіч у сваёй "Зямлі пад белымі крыламі": "І, урэшце, калі пераходзіць ужо часткова ў ХХ ст., - вялікі мастак Ф.Рушчыц, карціны якога можна разглядаць гадзінамі. Уся зямля Беларусі - у іх. Тая ж "Зямля" і шэрыя камяні замка ў Крэве, і бялюткія, каравыя ад старасці яблыні на ільснянай чорнай раллі. І млыны над чорнай вадою лясных ручаін, і натоўп, што вясною прысеў ля касцёла пад сінім-сінім прамытым небам, і бледнае асенняе сонца на дошках тэрасы. Гэта - здорава! Калі давядзецца быць у Вішневе ля Валожына - паглядзіце роспісы ў тамтэйшым касцёле. Гэта таксама Рушчыц..."

...Паўтара года таму ў Дзяржаўным музеі выяўленчых мастацтваў імя А.С. Пушкіна ў Маскве адкрылася выстаўка польскага мастацтва "Сімвал і форма", дзе было прадстаўлена, сярод іншых, шмат твораў Фердынанда Рушчыца (з музейных збораў Варшавы і Кракава). У вернісажы ўдзельнічалі міністры культуры Польшчы і Расіі, прадстаўнікі культурнай грамадскасці абедзвюх краін. Аднак, як ні дзіўна, ніхто не сказаў ні слова пра прыналежнасць Рушчыца да Беларусі. І практычна ва ўсіх крыніцах творца і сёння фігуруе як "польскі мастак". Што тут здзіўляцца, калі на сваёй Радзіме, у Беларусі, дзе ён нарадзіўся і скончыў свае дні, ягонае імя доўгія гады было аддадзена забыццю. Мне могуць запярэчыць: маўляў, Рушчыц сам называў сябе палякам і пісаў па-польску. Але ў тыя часы, калі Беларусь пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай стала часткай Расійскай імперыі, так называлі сябе многія ўраджэнцы Беларусі... 

У адносінах да Рушчыца вядома іншае. Напрыканцы жыцця ён пільна цікавіўся сваёй генеалогіяй, і, вывучаючы яе, выявіў беларускія карані сваіх продкаў - праваслаўных шляхцічаў, якія ў час росквіту Рэчы Паспалітай прынялі каталіцтва. Прозвішча продкаў Рушчыца было "Рошчыч", потым яно ператварылася ў "Рушчыц" (трансфармацыя гэтага слова ў польскім вымаўленні: Roszczyc- Ro'szczyc - Ruszczyc).

У пачатку XVI ст. род валодаў маёнткам Кадэнь, які неўзабаве прадалі Сапегам, пасля чаго сям'я пераязджае ў маёнтак Зберэчы на Мухаўцы, але ў 1568 годзе змяняе яго на Макраны, што непадалёк ад Кобрына. У Кобрынскім павеце продкі Рушчыца жылі да канца XVIII ст.

У 1836 годзе дзед Рушчыца, адвакат, таксама Фердынанд, набыў на аўкцыёне маёнтак Богданаў непадалёк ад Валожына, які і стаў больш чым на 100 гадоў родавым гняздом Рушчыцаў. Гэта былі вельмі маляўнічыя мясціны. Цэнтральная алея даўжынёй у 240 метраў вяла да сядзібнага двухпавярховага мураванага дома праз браму. Тут была цудоўная бібліятэка, архіў, шмат твораў жывапісу і скульптуры, творчая майстэрня. Але Рушчыцы тут фактычна не жылі, бо побач быў другі дом з лістоўніцы, які абкружалі кусты бэзу, ружы, півоні, а за домам, з паўночнага боку,- фруктовы сад, гаспадарчыя пабудовы, кароўнік, сыраварня і г. д. Побач - парк у чатыры гектары, праз які працякаў ручай (прыток Альшанкі) з аднаарачным мосцікам. Была тут і сажалка з востравам для баброў - любімае месца мастака для працы. 12 мая 1896 года творца пісаў: "Сярод зеляніны, сонечнага святла, хмельнага водару квітнеючай прыроды, пры шчабятанні птаства ў свята апафеозу вясны - у дзень "Зялёных святак" - сяджу ў нашай богданаўскай "святыні думання"..."

Заходні ўезд у сядзібу таксама быў аформлены алеяй, якая вяла да фамільных могілак і далей - у поле. Паблізу стаяў невялічкі касцёл Святога Міхаіла Архангела - выдатны ўзор беларускага драўлянага дойлідства ІІ паловы XVII ст. (быў знішчаны пажарам у час Другой сусветнай вайны). Менавіта гэты касцёл і стаў "мадэллю" для мастака ў знакамітай карціне "Ля касцёла". Летам збіраліся шматлікія госці, і калі не хапала месца ў драўляным доме, перабіраліся ў мураваны, які зімой звычайна пуставаў, але ў цеплыню ажываў ад гоману сяброў сям'і...

Пасля смерці дзеда Богданаў перайшоў у спадчыну сярэдняму сыну Эдуарду і ягонай жонцы Альбіне. Яны нарадзілі чатырох дачок і сына - будучага мастака Фердынанда. Сярод іншага, існуе шэраг фактаў аб тым, што жывапісец усяляк імкнуўся падкрэсліць сваю прыналежнасць менавіта да беларускай зямлі. Так, скажам, ён пастаянна збіраў і вывучаў беларускае народнае прыкладное мастацтва. Напрыклад, у 1925 годзе пры яго непасрэдным удзеле ў Варшаве выйшаў часопіс "Wies ilustrowana", прысвечаны менавіта беларускай фальклорнай творчасці. А як цудоўна ён ведаў таямніцы нашых старажытных камяніц, пакінуўшы ў гэтым сэнсе ўнікальныя даследчыя творы! І не віна мастака, што пасля Брэсцкага міру ён "афіцыйна" апынуўся за мяжой. Гульня лёсу, які разлучыў Рушчыца з Беларуссю, зрабіла яго ў нас замежнікам. Дык і сёння ён часцяком лічыцца толькі польскім мастаком, "пейзажыстам польскага сімвалізму", што, напрыклад, падкрэслена і ў фундаментальнай кандыдацкай дысертацыі Наталлі Калеснікавай "Нацыянальна-рамантычны пейзаж канца XIX - пачатку XX стст. у творчасці Фердынанда Рушчыца" (Санкт-Пецярбург, 2004 год). Праўда, сустракаюцца мастацтвазнаўцы, якія прылічваюць Рушчыца да "рускіх перадзвіжнікаў" або "польска-літоўскіх мастакоў". Дык хто ж такі Фердынанд Эдуардавіч Рушчыц, калі за аснову браць яго духоўнае і мастацкае дачыненне да той зямлі, дзе ён нарадзіўся, якую ўсё жыццё маляваў і дзе скончыў свае дні?

/i/content/pi/cult/298/5019/pic_37.jpgУ Нацыянальным мастацкім музеі ёсць яго вышэйзгаданая карціна "Ля касцёла" - адзіная ў Беларусі з вялікай творчай спадчыны мастака. Памятаеце? Фасадзік старэнькага касцёла, перад якім у чаканні тоўпяцца людзі; гракі на голых галінках дрэў; экспрэсіўныя бела-ружовыя аблокі, надзвычайная блакітная пранізлівасць неба, а ўдалечыні - сінія ўзгоркі. І- невыказны сум... Хаця карціна была намалявана яшчэ даволі маладым мастаком, яе я лічу адным з лепшых твораў ва ўсёй жывапіснай спадчыне Фердынанда Рушчыца.

Калі не памыляюся, у 1991 годзе ў Мінск завітала з Варшавы Барбара Рушчыц - дачка мастака. Яна прабыла на радзіме бацькі амаль тыдзень. Егіптолаг па прафесіі, жанчына кожны год выязджала на раскопкі ў краіны Блізкага Усходу і Афрыку, але ў Беларусі не была цягам паўстагоддзя. Яна пазнаёмілася з Мінскам, завітала ў вёску Багданава Валожынскага раёна і яе ваколіцы, а таксама Заслаўе, Ракаў, Івянец, Мір і Нясвіж. Канешне, наведала і наш Саюз мастакоў, дзе мне давялося крыху пагутарыць з ёй (з польскай мовы перакладаў Сямён Герус). Яна распавяла, што бацьку свайго памятае, асабліва- у канцы ягонага жыцця: ёй тады было каля 10 гадоў, а бацьку - за 65 (прыкладна 1935 - 1936 гады). Запомнілася, як ён у Богданаве на Вербную нядзелю ўпрыгожваў так званую "пальмачку": на маладую галінку чапляў кветкі і стракатыя стужачкі. І яшчэ сказала, што добра памятае той самы касцёл, які - на карціне "Ля касцёла", і характэрны абрыс узгорка з палатна "Зямля", што захоўваецца ў Варшаўскім музеі, таксама згадала.

У сям'і Рушчыцаў было шасцёра дзяцей, і ў Варшаве, сказала яна, жывуць самы малодшы яго сын і ўнук - таксама Фердынанд (сёння ён з'яўляецца дырэктарам Варшаўскага нацыянальнага музея). Высветлілася, што пані Барбара захавала ўнікальны дзённік бацькі, марыла, каб ён быў апублікаваны ў Беларусі. Шмат чаго цікавага распавяла яна і на вечарыне, спецыяльна прысвечанай Фердынанду Рушчыцу, у Каміннай зале Дома літаратара, дзе сабраліся мастацтвазнаўцы, мастакі, журналісты, студэнты. Гэта быў, здаецца, апошні дзень яе прабывання ў Беларусі...

Што казаць? Фердынанд Рушчыц быў асобай выдатнай. У гісторыю, скажам, рускага мастацтва ён увайшоў разам з А.Рыловым, М.Рэрыхам, К.Багаеўскім, С.Жукоўскім, В.БялыніцкімБірулем, В.Пурвітам - як "куінджыст", як "чалавек артыстычнага тэмпераменту, які заўсёды бярэцца за новыя паэтычныя задачы". Так, у Пецярбургу ён як мастакоўская асоба фарміраваўся ў майстэрнях спачатку Івана Шышкіна, а потым бліскучага Архіпа Куінджы. Менавіта, у "пецярбургскі перыяд" і адразу пасля яго былі створаны такія шэдэўры, як "Зямля", "Вечар. Вілейка", "Млын", "Эмігранты", "Мост зімой", "Пан", "Асенні вечар. Пустэча", "Выгнаннікі"... Дарэчы, кожнае лета малады жывапісец наязджаў з Пецярбурга на радзіму, у Богданава, дзе з асалодай пісаў эцюды, якія пазней ператвараліся ў кампазіцыйныя пейзажы-карціны.

Напрыканцы XIX ст. Рушчыц запісаў: "Як я мару, перш за ўсё, быць добрым сынам сваёй Радзімы, для яе працаваць, араць. І калі штосьці вырасце, аддаць ёй у падарунак увесь плён, бо я люблю яе сэрцам і толькі ёй належу целам і душой..." Але не толькі жывапіс быў яго палкай любоўю. У той час, калі мастак - амаль 13 гадоў - жыў і выкладаў у Вільні, ён стварыў і дэкарацыі для некалькіх спектакляў Віленскага тэатра, не кажучы ўжо пра шматлікія работы ў галіне часопіснай графікі.

А пачынаў сваё творчае жыццё Фердынанд у Мінску, дзе вучыўся ў гімназіі. Менавіта тут ён сустрэў педагога К.Ермакова, у якога і атрымаў першаасновы мастацкай адукацыі. Аднак перш чым канчаткова выбраць нялёгкі шлях мастака, Рушчыц пэўны час правучыўся на юрыдычным факультэце Пецярбургскага ўніверсітэта. Але справа не пайшла: любоў да мастацтва перамагла юрыспрудэнцыю, і юнак падаў прашэнне ў Акадэмію мастацтваў аб залічэнні яго "вольнаслухачом па аддзеле жывапісу". А неўзабаве, у 1892-м, ён ужо стаў паўнапраўным студэнтам-акадэмістам! Яшчэ праз пяць гадоў, атрымаўшы высокую ацэнку самога Рэпіна за каларыстычны дар, Рушчыц вяртаецца на радзіму. Менавіта тут ён і піша свае першыя творы, сярод якіх, - вядома ж, "Зямля": агромністае неба з пераднавальнічнымі свінцовымі хмарамі, што навіслі над плаўна закругленым карычневым полем, якое запоўніла ніжнюю частку палатна; і- адзінокі селянін, выбіваючыся з апошніх сіл, імкнецца хутчэй узараць сваё поле на валах... Карціну "Эмігранты" я бачыў калісьці ў Літоўскім мастацкім музеі. Дзівосная, хоць і крыху дэкаратыўная, рэч: знясіленыя людзі, пакідаючы радзіму, ідуць у чужы край у пошуках лепшай долі; ззаду застаюцца старыя дарогі, беларускія бярозавыя прысады, аблокі... Можа, задума гэтага палатна была навеяна з'явай эміграцыі беларусаў у Амерыку на самым золку ХХ стагоддзя?..

Увогуле, пейзажам Рушчыца ўласціва востра індывідуальная своеасаблівасць; малюнак заўсёды выразны, пластыка аб'ёмаў "аголена". У такіх палотнах, як "Мост зімою", "З берагоў Вілейкі", "Зімовая казка", "Старыя яблыні", выразна адчуваецца свядомае прынцыповае жаданне мастака адысці ад празаічнага эмпірызму пейзажаў-эцюдаў, што запаўнялі ўсе выстаўкі на рубяжы стагоддзяў. І ў гэтым ён годны вучань А.Куінджы, па сутнасці, блізкі да свайго аднагодкі і сябра Аркадзя Рылова: "Мінск зімой", "Вясна", цыкл работ пра млыны. Пейзаж "Млын" - смарагдава-зялёны з чырванаватымі адценнямі, напісаны нібы з вышыні птушынага палёту. Вельмі беларуская рэч! Неба няма - толькі зямля, вада, рака з плацінай і драўляным колам, якія прымушаюць рухацца жорны. Але як гэта ўсё зроблена!

(Заканчэнне будзе.)

 

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"