Калумб!

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Анатоль ВЕРАБЕЙ, дацэнт кафедры беларускай літаратуры БДУ, кандыдат філалагічных навук, крытык, літаратуразнаўца:

- Я даследую творчасць Уладзіміра Караткевіча цягам 32 гадоў, быў з ім асабіста знаёмы. Рыхтаваў разам з паплечнікамі неўзабаве пасля яго смерці збор твораў, выдаў тры кнігі паэзіі і прозы класіка. Час ад часу сустракаемся з "караткевічазнаўцамі", стараемся сабраць і вярнуць спадчыну пісьменніка з замежных архіваў - калі не арыгінальныя матэрыялы, дык хаця б копіі, каб працавалі даследчыкі. Менавіта сябрам пісьменніка аддаюць дакументы ўласнікі прыватных архіваў. Мне думаецца, што Караткевіч - геній. Патлумачу, чаму: па ўвасабленні ў сваіх творах беларускай гісторыі некалькіх стагоддзяў, па далучанасці да сусветнай культуры, па прыродных здольнасцях... Ён быў чалавек энцыклапедычных ведаў, выключны эрудыт, выдатны апавядальнік, таленавіты спявак, акцёр, мастак, вандроўнік... Гэты пісьменнік вельмі шмат зрабіў для абуджэння нацыянальнай самасвядомасці і гістарычнай памяці беларусаў. Некалі ў 1950-х ён пісаў: "Я хачу беларусам адкрыць Беларусь, як некалі Калумб адкрыў Амерыку". Ён ажыццявіў такую гістарычную місію, якую для англійскай літаратуры выканаў Вальтэр Скот, для польскай - Генрык Сянкевіч ды іншыя еўрапейскія класікі. Ён зрабіў гэта на высокім мастацкім узроўні: такімі творамі можа ганарыцца любая літаратура. Ён глыбоканацыянальны і, у той жа час, пісьменнік сусветнага ўзроўню.