Міхаіл ФІНБЕРГ, народны артыст Беларусі: “Я быў знаёмы з Караткевічам”

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Там кожнае слова — сімфонія

/i/content/pi/cult/298/5011/pic_16.jpgНацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі на чале з народным артыстам краіны, прафесарам Міхаілам Фінбергам стаўся адным з самых апантаных папулярызатараў паэзіі Уладзіміра Караткевіча. Сваю першую песенную праграму на вершы У.Караткевіча аркестр і яго салісты падрыхтавалі яшчэ да 75-годдзя з дня нараджэння вялікага пісьменніка, яна гучала на Нацыянальным фестывалі беларускай песні і паэзіі "Маладзечна-2005". Цяпер, да 80-годдзя Караткевіча, на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі быў ажыццёўлены ўжо другі творчы праект калектыву, прысвечаны творчасці зусім, здавалася б, не "песеннага" аўтара.

Сапраўды, рыхтуючы абедзе гэтыя праграмы, аркестр на чале з маэстра выступіў не толькі выканаўцам напісаных песень, але і галоўным ініцыятарам самога іх стварэння. На прапанову адгукнуўся народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі, і цяпер наша краіна мае караткевічаўскі песенны вянок.

- Я быў знаёмы з Уладзімірам Караткевічам асабіста, - распавядае Міхаіл Фінберг. - Шкада толькі, што наша сяброўства пачалося занадта позна... Гэтага чалавека заўсёды будзе не хапаць і ўсёй нашай нацыянальнай культуры, і кожнаму, хто яго памятае... Калі ён трапіў у шпіталь, я наведваў яго, мы шмат гутарылі пра літаратуру, стаўленне да нашага мінулага, да ўсяго таго культурнага і духоўнага скарбу, што застаўся нам ад продкаў, перадаваўся з пакалення ў пакаленне. Мяне вельмі кранала, што чалавек нават на шпітальным ложку хвалюецца не столькі за сябе, колькі за лёс Айчыны. Яго любоў да Беларусі была бязмежнай, усеахопнай. І засноўвалася яна не на сляпым пакланенні мінуламу, а на грунтоўных ведах. Невыпадкова, што гэтай любоўю Караткевіч ахопліваў усіх навокал: ён жа не стамляўся расказваць пра тое, што многія з нас тады не ведалі. Гэта, да ўсяго, быў яшчэ адзін доказ: патрыятызм, любоў да роднага краю пачынаюцца з ведаў пра яго гісторыю, прыроду, людзей, нават з ведаў кожнага чалавека пра сваю ўласную сям'ю і яе вытокі.

Я вельмі рады, што новая праграма, прысвечаная 80годдзю з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча, сталася адной з лепшых у творчасці нашага аркестра. На канцэрце прысутнічаў міністр культуры краіны Павел Латушка, ён вельмі высока ацаніў зробленае калектывам. Сапраўды, гэта не забаўляльнае шоу, а сур'ёзныя песні, дзе кожнае слова - цэлая сімфонія. Я не перабольшваю! Бо тэрмін "сімфонія" ў яго першасным сэнсе азначае "сугучча". А што, як не дзівосныя сугуччы, сплеценыя ў глыбока змястоўныя повязі ці карункі, сама паэзія Караткевіча! Шкада толькі, што гэтая праграма не гучала пакуль на радыё і тэлебачанні. Такія песні яднаюць народ і красамоўна сведчаць: "Беларусь - гэта мы!".

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"