Высокая адзнака Егіпта

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

30 сакавіка ў сценах Нацыянальнага мастацкага музея РБ адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне беларускіх пераможцаў Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка. Дваццаць юных мастакоў былі ўзнагароджаны медалямі і сертыфікатамі якасці, якія ім уручыў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Арабскай Рэспублікі Егіпет ў Рэспубліцы Беларусь Іззат Саад Эль Сайед пад віншаванні намесніка міністра культуры РБ Валерыя Гедройца і намесніка дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея РБ Надзеі Усавай.

У конкурсе, прысвечаным Егіпту, бралі ўдзел 33 краіны свету: гэта каля пяці тысяч дзяцей ва ўзросце ад 4 да 18 гадоў, якія летась даслалі свае конкурсныя малюнкі ў Каір. Сёння, калі ўжо вядомы ўсе пераможцы, можна скласці своеасаблівы хіт-парад.
Так, першую прыступку заняла Славакія, якая забрала 10 залатых медалёў, 8 срэбраных і 22 сертыфікаты якасці. На другім месцы апынулася Інданезія з адпаведнымі паказчыкамі 6— 5—21, на трэцім— Германія. На высокай прыступцы стаіць і Беларусь: 1 залаты медаль, 5 срэбраных і 14 сертыфікатаў якасці атрымалі вучні з Беларусі. Наш залаты медаліст, 12-гадовы Уладзімір Муравіцкі, а таксама яшчэ шасцёра ўзнагароджаных, сярод якіх два — “срэбрам”, навучэнцы адной ізастудыі — пры Астрашыцкім сельскім Доме культуры.
— Вы вельмі адораныя дзеці, — звярнуўся да мастакоў-пачаткоўцаў Пасол Егіпта, — і мне прыемна быць тут з вамі. І сённяшняя падзея важная не толькі для вас асабіста, але і для нашых міжнародных стасункаў, культурных сувязей, якім мы надаём вялікае значэнне. У бліжэйшы час мы падпішам двухбаковыя дакументы, якія будуць рэгламентаваць нашы адносіны на наступныя тры гады.

Наш кар.
На здымку: падчас узнагароджання.
Фота Юрыя ІВАНОВА