“Каласы…” з натуры

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Турыстычны даведнік па мясцінах, дзе “Дняпро п’е Друць”

/i/content/pi/cult/298/5009/pic_10.jpgГарады асацыіруюцца ў нас з пэўнымі адметнасцямі- або своеасаблівымі "брэндамі". Па шчырасці, да нядаўняга часу Рагачоў у мяне ніякіх асаблівых асацыяцый не выклікаў (знакамітая згушчонка, вядома, не ў лік). Выбітных помнікаў архітэктуры там не захавалася, і пра восем з лішкам стагоддзяў гісторыі горада нагадвае хіба ўзгорак замчышча. Але варта памятаць, што адметнасці - гэта не толькі будынкі...

У чатырохгадзінны шлях да Рагачова я выправіўся толькі таму, што мясціны, дзе "Дняпро п'е Друць", называў найпякнейшым кутком Беларусі сам Уладзімір Караткевіч. Ягонае сцвярджэнне было зусім не галаслоўным: як вядома, пісьменнік аб'ездзіў родны край уздоўж ды ўпоперак і таму меў з чым параўноўваць.

Яшчэ зусім нядаўна пра "рагачоўскі перыяд" у творчасці Караткевіча на вуліцах горада, забудаваных тыповай савецкай архітэктурай, не сведчыла нічога. Нават і самой вуліцы, названай у гонар класіка, у Рагачове не было. Юбілей стаўся добрай нагодай для вяртання памяці пра пісьменніка ў яго ўлюбёныя мясціны. Ці, дакладней, - толькі пачатку вяртання. Бо, зважаючы на мэтанакіраванасць мясцовых улад, не выпадае сумнявацца ў тым, што юбілейныя імпрэзы - гэта не фармальная "даніна памяці", а- перадусім- пасыл на перспектыву. 

 

Дняпро ўсё ж перамог

"Груша цвiла апошнi год... Дняпро падбiраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнiк".

Пачатак рамана "Каласы пад сярпом тваім" памятаюць, не раўнуючы, усе. Але мала хто ведае, што гэтая насычаная драматычнымі алегорыямі замалёўка, падобна на тое, рабілася з натуры.

- Вось тут, у вёсцы Азярышча, на высокай строме па-над ракой,/i/content/pi/cult/298/5009/pic_11.jpg і бярэ пачатак знакаміты раман, - упэўнена сцвярджае заўзяты краязнаўца, навуковы супрацоўнік Рагачоўскага музея народнай славы Аляксандр Рыкуноў. - Дый саму тую грушу я добра памятаю. Літаральна колькі гадоў таму Дняпро да яе ўсё ж дабраўся і зрынуў у свае воды...

І сапраўды, няспешны рокат магутнай воднай стыхіі нібы падмацоўвае гэтую гіпотэзу (на Рагачоўшчыне, яна, зрэшты, даўно ўспрымаецца як аксіёма). Для аматараў такой музыкі прыроды тут зусім нядаўна былі ўсталяваны лавачкі, а побач - прышрубавана да валуна металічная пліта, якая аднаўляе ў памяці радкі знакамітага твора. Атрымалася цудоўнае месца для сузіральнага адпачынку і "думак пра вечнае". Тое, што паўстагоддзя таму адсюль падоўгу ўглядаўся ў Дняпро Караткевіч - гэта ўжо не гіпотэза, а гістарычны факт.

- Звярніце ўвагу на гэтыя балоты, - кажа Аляксандр Рыкуноў па дарозе ў Рагачоў. - Нічога не нагадвае? Але ж іх апісанні ў адной з аповесцяў Караткевіча - літаральна "з натуры"!

Машына спыняецца проста пасярод дарогі. Паабапал яе - зарослая травой зыбкая багна. Краявід трохі вусцішны, і змрочных вершнікаў караля Стаха ўяўленне малюе на даляглядзе само сабою. Як чалавек сучасны адразу ж адзначаю: цудоўны сюжэт для анімацыйнай турпраграмы!

 

"Той самы" стол

/i/content/pi/cult/298/5009/pic_12.jpgНа ціхай рагачоўскай вуліцы стаіць зграбны драўляны дамок, збудаваны яшчэ да рэвалюцыі. Калісьці ён належыў дзядзьку пісьменніка, які ставіўся да літаратурнага таленту пляменніка з вялікай пашанай. Уладзіміра Караткевіча тут заўсёды чакаў асобны пакой са сціплай мэбліроўкай: ложак, пара крэслаў ды пісьмовы стол. Пляменнік ахвотна карыстаўся з такой гасціннасці.

- Ён пачаў прыязджаць сюды, мусіць, яшчэ са студэнцкіх часоў,- згадвае цяперашні гаспадар хаты Сяргей Грынкевіч, які даводзіцца пісьменніку стрыечным братам. - І пачуваўся тут як дома...

Калі заходзіш у пакой пісьменніка, у пэўны момант падаецца, быццам Уладзімір Караткевіч яшчэ нядаўна быў тут і неўзабаве зноў вернецца са сваіх бясконцых вандровак па ваколіцах, абтрасаючы аб парог брудныя боты... Гэта заслуга гаспадароў хаты, якія захавалі інтэр'ер своеасаблівага кабінета ў некранутым выглядзе.

Самы каштоўны яго прадмет - гэта, вядома, пісьмовы стол. Яму сёння папраўдзе цаны няма: менавіта за ім былі напісаны многія старонкі самых знакамітых твораў Караткевіча: "Каласы пад сярпом тваім", "Нельга забыць", "Ладдзя роспачы", "Сівая легенда", "Дзікае паляванне караля Стаха"...

 - Уладзімір працаваў падоўгу, і ў гэты час у ягоны пакой мог заходзіць толькі спаніэль, - распавядае сённяшні гаспадар дома. - Мы з бацькам стараліся яму не перашкаджаць. А вось у побыце ён быў рахманы і ні на кога звысоку не глядзеў. Нармальны чалавек, без усялякай "зорнай хваробы", - кажа стрый пісьменніка.

Без сумневу, ад магчымасці трапіць у гэты пакой не адмовіцца ніводзін прыхільнік творчасці Караткевіча. Але... Пакуль што такую магчымасць турыстам ніхто гарантаваць не можа. Дом працягвае выконваць сваю першачарговую функцыю - прыватнага жытла.

Як адзначыў дырэктар Рагачоўскага музея народнай славы Міхаіл Ларычкаў, мясцовыя ўлады ўжо неаднойчы выступалі з ініцыятывай ператварыць стары дом у музей, прапаноўвалі гаспадару кватэру на замену... Але Сяргей Грынкевіч наадрэз адмаўляецца пакідаць "родавае гняздо". Стаўленне ж да гасцей нярэдка залежыць ад ягонага раскладу дня і настрою.

Зрэшты, гэта права гаспадара - і юрыдычнае, і маральнае. Самае важнае тое, што цяпер гэты дом стаіць на вуліцы Караткевіча (яшчэ зусім нядаўна яна насіла імя Валерыя Чкалава). А ў самым хуткім часе - яшчэ да канца юбілейнага года - запланавана і ўсталяванне мемарыяльнай дошкі ў гонар класіка.

 

Выліваха - гэта...

Зрэшты, дом дзядзькі - гэта не адзінае "Караткевічава" месца ў Рагачове. Іх тут - не пералічыць. Пісьменнік любіў працаваць і ў "пленэрных" умовах: прытуліўшыся дзесь на ганачку проста пасярод вуліцы. Так на старонкі ягоных твораў траплялі нават выпадковыя мінакі. Чытаючы кнігі Караткевіча, жыхары Рагачова са здзіўленнем пазнавалі ў іх героях сваіх суседзяў. А часам - і сябе.

- Памятаеце такога персанажа, як Кірдун Халява? - пытае Аляксандр Рыкуноў. - Не так даўно адзін знаёмец распавёў мне, адкуль ён узяўся. Караткевіч любіў пісаць ля "забягалаўкі" з народнай назвай "Бабчыны слёзы". І вось, неяк яны з маім прыяцелем перастрэліся, паразмаўлялі... Той бачыць знаёмага мужыка і кажа: вунь Кірдун Халява ідзе. Пісьменнік пытае: а чаму ён так завецца? І чуе ў адказ: "Кірдун- гэта сапраўднае прозвішча, а Халява... Бо любіць задарма закласці за каўнер".

Праз колькі хвілін сакавітая мянушка была перанесена з рагачоўскай вуліцы наўпрост на старонкі "Каласоў". Ды і прататып галоўнага героя рамана, як сцвярджаюць адмыслоўцы, таксама родам адсюль: гэта мясцовы шляхціч Томаш Грыневіч- арганізатар паўстання 1863 года на Рагачоўшчыне. Караткевіч лічыў яго сваім продкам па матчынай лініі.

Звестак пра шляхціча захавалася небагата, але сярод іх - і адзін ягоны верш, прычым з яўнымі "беларусізмамі". Удзел у паўстанні меў для яго трагічны фінал: Грыневіч быў схоплены і расстраляны.

- Пасля расстрэлу яго магіла была зраўнавана з зямлёй, але трохі пазней, калі жарсці ўлягліся, хтосьці з мясцовых жыхароў усталяваў на тым месцы крыж,- распавядае Аляксандр Рыкуноў. - Гадоў пятнаццаць таму ён яшчэ стаяў на старых могілках - вялізны, замшэлы...

Могілкі на самым беразе Дняпра- адно з нешматлікіх ацалелых сведчанняў рагачоўскай даўніны. Непадалёк ад капліц-спачывальняў з пахіленымі макаўкамі- магіла бабулі Уладзіміра Караткевіча. Сёлета на ёй быў усталяваны новы помнік. Прычым грошы на яго сабралі энтузіясты, адгукнуўшыся на заклік прэсы.

А вось рагачоўскі шляхцюк XVI стагоддзя Гервасій Выліваха рэальнага прататыпа ў гісторыі не меў - ці, прынамсі, ён пакуль не выяўлены. Літаратурнага героя кожны можа ўяўляць па-свойму: вобраз - рэч нематэрыяльная. Але неўзабаве Выліваха мае паўстаць і ў "манументальнай" версіі.

- Усталёўваць вулічныя скульптуры сёння модна, і Рагачоў ад гэтай тэндэнцыі таксама не адстае,- кажа Міхаіл Ларычкаў. - Але навошта ўвасабляць у бронзе нейкіх абстрактных лазеншчыкаў або паштальёнаў, калі ў нас ёсць такі яскравы герой?

Мастакі прапанавалі тры аўтарскія версіі вобраза Вылівахі. Выбар найлепшай з іх адбываецца самым дэмакратычным шляхам: кожны наведвальнік музея можа прагаласаваць за ўпадабаны варыянт. Як адзначыў Міхаіл Ларычкаў, у апытанні чынны ўдзел бяруць не толькі жыхары Рагачова, але нават і турысты з Расіі, якія адпачываюць у мясцовым санаторыі.

Цэнтральнай падзеяй святкавання юбілею Караткевіча на Рагачоўшчыне стала імпрэза ў раённым Доме культуры. Але, як адзначыў начальнік аддзела культуры райвыканкама Міхаіл Зайцаў, гэта толькі адно з ладнага шэрагу юбілейных мерапрыемстваў. Сярод іх - пленэр, выстаўка, вечарыны ў навучальных установах... У гарадской гімназіі падрыхтоўка да юбілею была ў самым разгары. У фае ўжо ўсталявалі планшэты для выстаўкі, прысвечанай пісьменніку, а вучні завяршалі рэпетыцыю вельмі своеасаблівай пастаноўкі.

- Яе ідэя - Караткевіч гутарыць з людзьмі, - распавядае намеснік дырэктара ўстановы Аляксандр Алейкін. - Мы зрабілі нарэзку з розных інтэрв'ю пісьменніка, і на сцэне будзе ўвасоблены своеасаблівы дыялог, з пытаннямі і адказамі. Пакажам і сяміхвілінны фільм "Яго натхнялі гэтыя мясціны", які нядаўна быў намі створаны. А потым - прэзентацыя факсімільнага выдання рукапісу "Ладдзі Роспачы", што нядаўна выйшла ў Мінску...

Таксама ў праграме пазначана пешая экскурсія па мясцінах Караткевіча. Як адзначыў дырэктар музея, ахвотных у горадзе знайшлося вельмі шмат.

Невялічкі буклет "Рагачоўшчына Караткевіча" быў выдадзены па заказе райвыканкама Нацыянальным агенцтвам па турызме яшчэ два гады таму. Так, пакуль для стварэння паўнавартаснага маршруту відавочна бракуе "напаўнення" - канкрэтных аб'ектаў паказу і, галоўнае, крэатыву. Але ў тым, што такі маршрут папраўдзе можа існаваць, сумнявацца не выпадае. Балазе ён можа існаваць у самых розных фарматах - не толькі пехатой і не толькі па зямлі. Чарцяжоў ладдзі Роспачы ў архівах, вядома, не знойдзеш, але...

Адным словам, ідэі тут не давядзецца высмоктваць з пальца.

 

■ ■ ■

Акурат напярэдадні камандзіроўкі ў Рагачоў пачуў ад свайго калегі па рэдакцыі Юрыя Іванова адзін невялічкі эпізод яго стасункаў з Караткевічам. Калі хтосьці назваў беларускі Мсціслаў "другім Суздалем", пісьменнік ускліўнуў:

- Юрый, у гэтым свеце не можа быць нічога другога! Бо ўсё - унікальнае!

Напэўна, гэта тычыцца кожнага беларускага горада - нават тых, якія мы як найхутчэй імкнёмся прамінуць транзітам. Іх жыхарам застаецца толькі знайсці (альбо, ва ўсялякім выпадку, нават стварыць) свае адметнасці, праявіць іх, зацікавіць гасцей і... у першую чаргу, саміх сябе. У выпадку з Рагачоўшчынай, шукаць тыя ўтоеныя ад няўважлівага старонняга вока "брэнды" ўвогуле не выпадае - справа хіба ў іх раскрутцы. Найлепшым турыстычным даведнікам па гэтым краі з'яўляюцца творы Караткевіча. А больш яркія і прывабныя вобразы і сюжэты, здатныя прымусіць нас убачыць яго ў новым святле, наўрад ці знойдзе нават самы прасунуты піяршчык.

Мінск - Рагачоў - Мінск

Фота аўтара