Бацькі мае ўзгадваюць: калі мы жылі на вуліцы Карла Маркса і дом Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча быў за тры хвіліны хады, сем'ямі гасцявалі адно ў адных вельмі часта. Ад нашага старога дома засталіся ў памяці высокія прыступкі ў пад'ездзе, вялізныя падаконнікі, затухлы камін, цвіценне клёнаў за вакном ды яшчэ нейкія напаўпразрыстыя, аселыя ў памяці фрагменты ранняга дзяцінства... Калі мы пераехалі ў звычайную хрушчоўку ў Заводскім раёне, усё гэта здавалася вялікай экзотыкай. Але менавіта праз маленькую неардынарную падзею ў новай кватэры і захаваўся мой першы ўспамін пра Караткевіча... ...Мне пяць гадоў, і я хварэю. У госці да бацькі прыходзіць дзядзька Валодзя. Ён бачыць мой настрой, сядае побач і пачынае маляваць. З-пад хуткага пяра вылятаюць смешныя персанажы папулярных мульцікаў ды нейкіх прыдуманых гісторый, і ўся гэтая сітуацыя здзіўляе мяне надзвычайна: вялікі добры дзядзька малюе мне, маленькай дзяўчынцы...
Неўзабаве выйшла кніжка дзіцячых казак Уладзіміра Караткевіча. У ёй з'явіліся ўжо яго ўласныя героі: Беларус Янка з яго захапляльнай гісторыяй пра чорта, котку і мядзведзя, птушыны суд, які ўражваў сваімі сюжэтамі і мудрай жыццёвай філасофіяй... Сёння, калі я сутыкаюся з фразай "Караткевіч - прарок", міжволі згадваю яго маленькае прадказанне, якое тычылася майго ўласнага лёсу... На тытульным аркушы гэтай кнігі казак Караткевіч пакінуў аўтограф: "Даражэнькай Алесі Чарняўскай (Бяляўскай - па галоўцы). Дзядзька Чорт" (ад подпісу спіральная стрэлачка вядзе да малюнка хітрага чарцяняці). Калі праз дваццаць пяць гадоў пры ўзяцці шлюбу мяне запытваюць, ці буду змяняць сваё прозвішча Чарняўская на мужава - Белявец, - не змагу парушыць наканаванага Караткевічам...
А малюнкі... Я знайшла іх ужо падлеткам у тым месцы, дзе з пашанай схавалі іх бацькі (з аўтографам усё ж!). У той час я і мае сябры зачытваліся раманам "Каласы пад сярпом тваім". Кніга прымушала плакаць і верыць у лёс герояў, іх гісторыі...
І менавіта тады, параўноўваючы дзядзьку Валодзю, якога я ведала, і ягоны твор, пачынала прадчуваць сутнасць мастацтва. Я магла хваліцца: "Ведаю чалавека, які напісаў гэтую кнігу!", але насамрэч не ведала пра яго - аўтарскае - існаванне. Калі ва ўласным кабінеце ён апранаў чыстую кашулю і садзіўся за стол са стосам белай паперы, то пераставаў быць знаёмым, сябрам, мужам або сынам. А станавіўся творцам - далёкім, недасягальным, адзінокім, моцным, праўдзівым...
Алеся БЕЛЯВЕЦ
На здымках: малюнкі, зробленыя рукой Уладзіміра Караткевіча; з пісьменнікам у грыбах (1979 г.).