Дванаццаць рэдакцый “Жыцця…”

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Мінскі “Фанфан-цюльпан”

Не былі экранізаваны ў свой час творы Караткевіча, напісаныя для экрана. Гэта кінараманы "Леаніды не вернуцца на зямлю", "Легенда пра беднага д'ябла". Не пабачыў аўтар на экране і кінасцэнарыя "Гневное солнце, палящее". Гэта рваўся здымаць Ігар Дабралюбаў... А гэты фільм - рэкардсмен савецкага кіно па "ляжанні на паліцы": 22 гады! Гаворка - пра "Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка". Стужка зведала дванаццаць рэдакцый! Сведкам лёсу карціны стаў кінарэжысёр Уладзімір Арлоў, што ўпершыню надрукаваў у "Культуры" сенсацыйныя дакументы пра яе выпуск.

- Тады, у 1960-я, Караткевіч адзін ведаў пра Беларусь, пэўна, як цэлы інстытут! Гэта ад яго мы ўпершыню чулі тады прозвішчы Радзівілаў, Скірмунтаў, Хаткевічаў, Пацаў, Храптовічаў; ад яго дазнаваліся пра хмяльны напой "Трыс дзівінірыс"- тройчы па сем; пра кубак Вялікага Арла; пра ўменне адным ударам шаблі рассячы ворага з галавы да сядла; пра змену характару подпісу пракурора на справе Каліноўскага: ад размашыстага ў ордэры на арышт - і да сціплай загагулінкі на смяротным прысудзе...

У напружанай атмасферы нараджаўся ў Мінску вясёлы фільм "Хрыстос прызямліўся ў Гародні"... Але вось урэшце- з а к р ы т ы прагляд першага варыянта. У маленькай зале- здымачная група і мінскія акцёры. Усе разумелі, што прысутнічаюць пры нараджэнні выдатнага твора - мудрай гарэзлівай кінапрытчы, - і віншавалі рэжысёра, аўтара, аператара. А далей...

Лексіка пратаколаў: "...неакрэсленая ідэйная канцэпцыя..."; "выключыць цалкам сцэны..."; "істотна пераасэнсаваць..."; "...рэкамендаваць пракансультавацца..." - называлася прозвішча гісторыкамарксіста. Але хто мог тут што падказаць энцыклапедысту Караткевічу, калі лепей за яго ніхто не ведаў гісторыю Беларусі і- галоўнае! - ніхто больш сумленна яе не трактаваў! Фільм "вытрымліваў" рэдакцыю за рэдакцыяй. Урэшце ў Мінску яго прынялі.

Масква ж паставілася да фільма больш прыдзірліва. Адтуль прыйшоў, за подпісам старшыні Дзяржкіно СССР Раманава, загад: ануляваць акт прыёмкі, "...указаць старшыні Дзяржкіно БССР тав. Паўлёнку на адсутнасць належнага кантролю..."; "...вынесці вымову дырэктару "Беларусьфільма" тав. Паўцову за незабеспячэнне кантролю за працай здымачных груп..."; "...у трохдзённы тэрмін дапрацаваць..."; "...прадоўжыць тэрмін вытворчасці без павелічэння каштарысных асігнаванняў..."; "...накласці матэрыяльныя санкцыі ў адносінах да работнікаў, што вінаватыя ў стварэнні фільма нізкага ідэйна-мастацкага ўзроўню..."

Ратуючы фільм, рэжысёр Уладзімір Бычкоў ішоў на кампраміс: пераздымаў сцэны, пераагучваў, прасіў аўтара тэрмінова - да раніцы! - дапісаць некалькі "ідэйных" рэплік. Назаўтра працавіты Караткевіч прыносіў - амаль штодня! - замест правак з двух-трох сказаў два - тры аркушы, спісаныя дробным почыркам. Чытаў натхнёна, нараспеў. Лічылі, што ён не здолеў напісаць каротка, ёміста. Аўтар і рэжысёр пераставалі разумець адзін аднаго. І хаця Літва была побач, не выклікаць жа адтуль пасля кожнага ўказання на даздымку рэплік Баніёніса! Тады аператар Анатоль Забалоцкі зняў ксяндзоў, да якіх чапляліся "інстанцыі", так, што не было відно іх артыкуляцыі: то твары - у паўцемры, то рот "перакрыты" свечкай - кладзі тэкст, які заўгодна!

 Але справа, канешне ж, была не ў дапісванні выратавальных рэплік. Прысутныя не ўсведамлялі, што ім чытаюць старонкі іншага твора, што нараджаецца вялікі раман: па вобразнасці, гумары, новых ведах, сакавітасці мовы - верагодна, лепшая беларуская проза. Гэта быў унікальны выпадак: літаратурны твор стаўся вынікам фільма...

Савецкі глядач быў зачараваны французскай камедыяй "Фанфан-цюльпан" з яе іранічным закадравым тэкстам, прачытаным Зіновіем Гердтам. Засвяцілася надзея: можа, такі тэкст выратуе фільм? Дырэктар карціны Сямён Тульман узгадаў, што, працуючы ў Маскве на фільме "Першыя выпрабаванні", я пісаў смешныя мініяцюры для Аркадзя Райкіна. Мяне запрасілі дапамагчы, можа, пасля сёмай "рэдакцыі" фільма, можа, пасля дзесятай. З абодвума "Валодзямі" я ўжо быў знаёмы, а з Караткевічам - дастаткова блізка. Уважліва вывучыў карціну, напісаў каментарый, прынёс пісьменніку ў ягоную двухпакаёвую кватэру па вуліцы В.Харужай, 48.

 Ён ухваліў тэкст і для беларускага варыянта фільма сам зрабіў пераклад. "Зямля ў тыя далёкія часы была яшчэ нерухомай і плоскай, таму ў кожным балоце, у кожным бары можна было лёгка сустрэцца з чортам, прывідам ці - горш за тое! - з рабаўніком..." Калі цяпер у анталогіі "Усе беларускія фільмы" чытаем: "Закадравы голас з іранічнай урачыстасцю распавядае пра..." - гэта камплімент мне.

Але ні закадравы тэкст, ні - быццам бы сімвалічны - стоп-кадр у фінале замест "Нагорнай казані" не ўратавалі карціну. Урэшце знайшлося "выйсце": пакласці яе на паліцу!

...У 1989-м стужку дазволілі-такі выпусціць на экран - для гледача ўжо зусім іншай эпохі. Сядзім у кіназале - рэшткі здымачнай групы, пісьменнік Янка Брыль, сам Бычкоў,- бачым на экране Караткевіча ў эпізодзе: ён у патлатым перуку грызе сцягно, вяндліну... А самога Валодзі ўжо пяць гадоў няма на свеце... Па праглядзе Бычкоў кажа: "Давайце падумаем, параімся: можа, нешта можна дарабіць у фільме? У нас ёсць час". Мудры Брыль уздыхнуў: "Спяшайцеся. Бо нам ужо не раз казалі, што "ў нас ёсць час"..."

 

Якім сцэнарыстам быў Караткевіч?

 Уладзімір Арлоў: "Сцэнарый Валодзі быў, можа, крыху недапрацаваны і вялікі- 94 старонкі. Але якой асалодай ужо было чытаць яго! Незвычайна ўражвала ўжо першая старонка: яна, бы ў п'есе, прадстаўляла дзейных асоб, ды яшчэ з гарэзлівымі характарыстыкамі: "Юрась Братчик из Пьяного Двора, он же Христос: школяр-недоучка, за доброту и сомнения в вере изгнанный из Мирского коллегиума; Иосия бен Равуни, он же Иуда: бывший медных дел мастер, бывший ювелир, бывший толкователь Талмуда - бывший бедняк вследствие этого. За те же, что и Юрась, качества изгнан из Слонимского кагала..."