Вынік гісторыка-краязнаўчай працы

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

У Грамадскім прэс-цэнтры Дома прэсы 3 сакавіка адбылася прэзентацыя кнігі “Мы — вместе!” літаратара, дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва”, лаўрэата прэміі “За духоўнае адраджэнне” Алеся Карлюкевіча.

У прэзентацыі прынялі ўдзел першы сакратар грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Анатоль Аўруцін, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ала Ралькевіч, начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы Ірына Наркевіч, скульптар, загадчык кафедры скульптуры БДАМ, старшыня секцыі скульптуры грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” Уладзімір Слабодчыкаў, архітэктар, доктар культуралогіі Ігар Марозаў і іншыя госці.
Прадстаўляючы сваю кнігу, Алесь Карлюкевіч адзначыў, што “Мы — вместе” выйшла ў выдавецтве “Міжнародны цэнтр інтэграцыйнай інфармацыі. Грамадскі прэс-цэнтр Дома прэсы” ў 2006 годзе пры фінансавай дапамозе Саюзнай дзяржавы. У выданні сабраны інтэрв’ю, нарысы, эсэ, прысвечаныя дзеячам культуры і мастацтва, цікавым асобам дзвюх краін — Беларусі і Расіі. У большасці сваёй матэрыялы ўпершыню былі надрукаваны на старонках беларуска-расійскай газеты “Союз”, а таксама ў часопісе “Союзное государство”.“Мы — вместе!” мае дзве часткі. У першай, пад назвай “Абвяшчэнне прыгажосці”, змешчаны інтэрв’ю з дзеячамі культуры і мастацтва. У многіх з суразмоўцаў аўтара — асабістае дачыненне да Беларусі. Мастак Давід Габерман нарадзіўся ў Мінску на пачатку ХХ стагоддзя. У 1929 годзе ён прыняў удзел у Другой Усебеларускай мастацкай выстаўцы, якая праходзіла ў Мінску. Карціны трынаццацігадовага жывапісца дэманстраваліся побач з творамі вядомых майстроў Саламона Юдовіна і Эля Лісіцкага. Расійскі літаратар Барыс Дубровін, які ваяваў у складзе Першага Беларускага фронту і вызваляў Беларусь, мае беларускія карані. Не менш цікавыя лёсы іншых герояў выдання. У другую частку кнігі, названую “Душа Айчыны”, увайшлі гісторыка-краязнаўчыя эсэ, нарысы, прысвечаныя розным мясцінам Беларусі, людзям, якія там нарадзіліся. Разам з ілюстрацыямі ў кнізе прадстаўлены паштоўкі з калекцыі вядомага філакартыста Уладзіміра Ліхадзедава.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА