Фармат версіі “для мільёнаў…”

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Экранізацыя твора Караткевіча можа стаць першым нацыянальным кінапраектам

/i/content/pi/cult/298/4999/5-1.jpg

Пачатак ХХІ стагоддзя прынёс Уладзіміру Караткевічу-пісьменніку яшчэ большую славу, асабліва - з боку моладзі: аўтар "Дзікага палявання караля Стаха" на сёння, безумоўна, самы папулярны нацыянальны класік, якога чытаюць дзеля задавальнення, а не толькі ў межах школьнай або ўніверсітэцкай праграмы. Відавочна, што выкарыстанне творчай спадчыны Караткевіча ў якасці драматургічнага матэрыялу можа паспрыяць паляпшэнню сітуацыі з так званай сцэнарнай праблемай у сучасным беларускім кіно. Да таго ж, сярод буйных твораў пісьменніка застаўся адзін, да якога кінематаграфісты нават не прымерваліся. Раман "Каласы пад сярпом тваім", як вядома, займае ў творчасці Караткевіча асаблівае месца. Стужка менавіта па гэтай кнізе, зыходзячы з самой сваёй ідэі, вельмі добра падыходзіць для стварэння нацыянальнага кінапраекта, планы наконт якога даўно выношваюць айчынныя кінатворцы.

 У першай палове гэтага года СМІ поўніліся чуткамі пра тое, што пастаноўка "Каласоў..." не за гарамі, а ажыццявіць яе мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін. Сам рэжысёр яшчэ год таму заяўляў, што мае намер прыступіць да гэтай працы. Напярэдадні юбілею класіка айчыннай літаратуры карэспандэнт "Культуры" вырашыў даведацца, ці могуць беларусы спадзявацца на хуткае з'яўленне герояў "Каласоў..." на экране.

Сцэнарый - справа адказная

"Так, праца над праектам "Каласы пад сярпом тваім" ідзе на ўзроўні ўзгаднення сцэнарыя", - паведамілі карэспандэнту "К" на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм". Адказная праца была даверана самаму паспяховаму беларускаму сцэнарысту найноўшага часу - Аляксандру Качану, аўтару сцэнарыяў да стужак Андрэя Кудзіненкі "Акупацыя. Містэрыі" і "Масакра", "Павадыр" Аляксандра Яфрэмава. Апошнія гады Качан стала жыве і працуе ў сталіцы Украіны, але адгукнуўся на прапанову перавесці прозу Караткевіча ў драматургічную форму. Па словах супрацоўнікаў кінастудыі, неўзабаве сцэнарый Аляксандра Качана будзе прадстаўлены для канчатковага зацвярджэння на пасяджэнні мастацкага савета кінастудыі і экспертнага савета Міністэрства культуры краіны. А пакуль з ім працуюць літаратуразнаўцы і гісторыкі. Што і казаць, мат э р ы я л для экранізацыі не самы просты: васемсот старонак рамана, які аўтар не паспеў завяршыць, трэба ўвасобіць на некалькіх дзясятках старонак кінасцэнарыя. Мова кіно, як вядома, вельмі спецыфічна ўспрымае экранізацыі: адмоўных прыкладаў тут куды больш, чым станоўчых. Тым не менш, усё - за тое, што "Каласы..." пабачаць свет, і адбудзецца гэта, хутчэй за ўсё, не раней чым праз два гады.

 - Лічу, што Аляксандру Качану ўдалася яго няпростая задача: напісаць сцэнарый па Караткевічы,- зазначае галоўны рэдактар кінастудыі "Беларусьфільм" Наталля Сцяжко. - Пакуль зарана раскрываць падрабязнасці, але можна ўпэўнена сцвярджаць, што наш драматург здолеў захаваць сам дух пісьменніка, той настрой, з якім Караткевіч ствараў свой галоўны твор. Мяркуйце самі. Раман Караткевіча - вельмі аб'ёмны, у ім фактычна адсутнічае неабходны кожнаму экраннаму твору ярка выражаны драматургічны канфлікт. Да таго ж, Караткевіч не паспеў скончыць сваю эпапею - мы маем толькі самае агульнае ўяўленне, як павінна была завяршыцца гісторыя Алеся Загорскага. Праца над сцэнарыем ішла некалькі месяцаў, першапачатковы варыянт быў дапрацаваны пасля заўваг з боку прадстаўнікоў мастацкага савета. Можна спадзявацца, што ў хуткім часе гэтая версія будзе зацверджана і прынята да пастаноўкі... З тым, што "Каласы пад сярпом тваім" няпростыя ў сэнсе экранізацыі, згодзен кінакрытык Андрэй Расінскі, які меў магчымасць адсочваць працу Аляксандра Качана над напісаннем сцэнарыя. "Гэты раман Караткевіча вельмі каштоўны ў плане адлюстравання гістарычнай мінуўшчыны, добра перадае дух эпохі, але яго сюжэтныя лініі відавочна "правісаюць". Аляксандр Качан паспрабаваў вылучыць іх з агульнага масіву твора, зрабіў больш лагічнымі, тым не менш, вельмі ашчадна ставіўся да агульнай атмасферы рамана. Апошняе слова ўсё роўна будзе за рэжысёрам праекта, - упэўнены крытык.- Менавіта ад яго залежыць канчатковы выгляд канцэпцыі будучага твора. Калі ж разглядаць кандыдатуры, то, на мой погляд, лепшым кандыдатам на ролю пастаноўшчыка з'яўляецца Мікалай Пінігін".

З кандыдатурай Пінігіна згодны і на студыі. Больш за тое: гатовы ўлічваць яго мастацкае кіраўніцтва ў Купалаўскім. Аднак зразумела, што здымкі такой маштабнай стужкі будуць патрабаваць ад пастаноўшчыка поўнай самааддачы і ахвяравання іншымі праектамі.

Задача-максімум

Мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін вядомы большасці як тэатральны дзеяч, але да экраннай культуры мае непасрэднае дачыненне: па адукацыі ён рэжысёр тэлебачання з вопытам тэлевізійных праектаў. Аб намеры паставіць "Каласы..." у кіно рэжысёр распавёў у інтэрв'ю "Культуры" яшчэ напрыканцы мінулага лета. Нічога ў планах не змянілася, падцвярджае Мікалай Мікалаевіч і сёння:

- Так, Караткевіч па-ранейшаму ў маіх планах. Мне вельмі падабаецца сцэнарый, я пільна сачыў за яго стварэннем і карэкціроўкай пэўных момантаў. Працу Аляксандра Качана ацэньваю высока: яму ўдалося захаваць галоўныя лініі рамана, зрабіць годны фінал. Яго падрабязнасці раскрываць вельмі рана, - няхай гэта застанецца таямніцай да выхаду стужкі на экраны. Пакуль магу сказаць, што стужка мае быць зроблена ў выглядзе чатырохсерыйнай тэлевізійнай карціны, якая, аднак, будзе мець кінаверсію. У якой паслядоўнасці іх убачаць гледачы - справа прадзюсараў. Галоўнае цяпер асабіста для мяне - знайсці "акно" ў сваім працоўным графіку. І "акно" гэтае павінна быць памерам не менш як у год: менавіта столькі, па папярэдніх падліках, будзе доўжыцца праца над стужкай. Не трэба забываць і пра грошы: бюджэт карціны патрабуе значных інвестыцый. Мяркуйце самі: падзеі рамана разгортваюцца ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя, што вымагае адпаведных касцюмаў і дэкарацый. Калі ж разглядаць натурныя пляцоўкі, то адразу паўстае праблема: падыходзячых па сцэнарыі сядзіб і палацаў у належным стане на Беларусі зусім не шмат...

Праблему матэрыяльнага забеспячэння будучых здымак падцвердзілі "Культуры" ў Дэпартаменце па кінематаграфіі. Ужо сёння зразумела, што такі буйны праект, як "Каласы пад сярпом тваім", можа адбыцца толькі пры адпаведным фінансаванні. Але час патрабуе ад нацыянальнага кінематографа большай акупнасці, таму спадзявацца толькі на дзяржбюджэт было б саманадзейна. У дадзены момант вядуцца пошукі партнёраў у іншых краінах, якія маглі б стаць сапрадзюсарамі праекта і адначасова наладзіць пракат стужкі за мяжой. Адпаведна, карціна, апрача беларускай, будзе мець іншыя моўныя версіі. Пакуль размова ідзе пра супрацоўніцтва з польскім бокам, але ў перспектыве магчыма разлічваць на ўдзел расійскіх і заходнееўрапейскіх кампаній.

Зразумела, пры гэтым у праект могуць быць унесены пэўныя змены: сапрадзюсар, у адпаведнасці з фінансавым укладам, часцей за ўсё мае права на сваё бачанне канцэпцыі праекта. Таму чакаць, што "Каласы пад сярпом тваім" будуць цалкам гатовы да запуску ў бліжэйшыя месяцы, пакуль не даводзіцца. Самы аптымістычны варыянт - канец 2011 года, паведамілі "К" на студыі. У такім выпадку першыя гледачы пабачаць стужку не раней за 2013-ы.

Серыял як панацэя

Тое, што самая лепшая форма для экранізацыі рамана - тэлевізійная, упэўнены ўсе эксперты, да якіх мы звярнуліся.

- Прыкладаў паспяховых экранізацый, якія на сто працэнтаў перадавалі б задуму аўтара літаратурнай першакрыніцы, у гісторыі кіно не так шмат - іх можна пералічыць па пальцах, - кажа Андрэй Расінскі. - Адэкватна перадаць раманную форму найлепшым чынам можна ў выглядзе тэлевізійнага серыяла. Тое, што сцэнарый Аляксандра Качана напісаны ў разліку на чатыры серыі, вельмі добра. Зрэшты, беларускаму кіно не прывыкаць ствараць стужкі спецыяльна для тэлебачання: згадайма вельмі паспяховыя прыклады карцін "Уся каралеўская раць" і "Руіны страляюць". Іншая справа - наколькі сённяшні стан нашай кінавытворчасці гатовы для такіх здымак.

- Фармат чатырохсерыйнага тэлевізійнага кіно, у прынцыпе, падыходзіць для паказу па тэлеканалах, на сённяшні дзень ён запатрабаваны, тое ж тычыцца і гістарычнай тэматыкі, - кажа Ларыса Малахава, дырэктар Дырэкцыі ліцэнзійных праграм і кінапаказаў Белдзяржтэлерадыёкампаніі. - Калі вытворцы стужкі здолеюць знайсці замёжных партнёраў і паралельна падрыхтуюць іншамоўную версію для паказу ў іншых краінах, то шанцы на камерцыйны поспех іх праекта значна павялічацца. Што да беларускіх вытворцаў, то ў найноўшай гісторыі можна ўзгадаць толькі адзін прыклад гістарычнага серыяла: "Пракляты ўтульны дом" Уладзіміра Арлова па рамане Стэфана Жаромскага. Але гэтая шматсерыйная стужка, знятая ў сярэдзіне 1990-х, на жаль, не адпавядае сучасным тэлевізійным фарматам, у тым ліку па працягласці адной серыі. Таму аўтарам фільма па рамане Караткевіча трэба будзе ўлічыць і гэты момант.

 Нацыянальнаму праекту - зялёнае святло

 - Можна толькі парадавацца намеру нашых кінематаграфістаў экранізаваць "Каласы пад сярпом тваім"!- упэўнена даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча, доктар філалагічных навук Галіна Шынкарэнка. - Гэты твор вельмі актуальны для ўсіх беларусаў менавіта таму, што апошняя кропка ў ім так і не была пастаўлена. Вобраз Алеся Загорскага, галоўнага героя "Каласоў...", - на ўсе часы, таму, лічу, ён выкліча цікавасць сучаснага гледача, наперш - маладога...

Пытаннем, хто з беларускіх акцёраў можа выканаць галоўную ролю ў будучым кінапраекце, задаецца і патэнцыйны пастаноўшчык.

- Твор Караткевіча - узнёсла-рамантычны, таму і выконваць ролі ў яго экранізацыі павінны акцёры адпаведнага тыпажу,- мяркуе Мікалай Пінігін.- А вось хто гэта будзе канкрэтна - пакуль сказаць вельмі цяжка. Бясспрэчна адно: аднымі беларусамі абысціся будзе складана...

Да слоў рэжысёра дадамо, што патэнцыйныя замежныя ўдзельнікі могуць таксама ўнесці карэктывы ў падбор выканаўцаў. Практыка, пры якой суінвестары вылучаюць сярод умоў удзел ў кінапраекце сваіх акцёраў,- вельмі распаўсюджаная. Важным момантам можа аказацца менавіта нацыянальны статус будучай пастаноўкі. Замежныя ўнёскі ў агульны бюджэт - гэта, зразумела, вельмі добра, але тое, што "Каласы пад сярпом тваім" павінны быць у першую чаргу беларускім праектам, падаецца, не варта і абмяркоўваць: у ім сыходзяцца асноўныя запыты айчыннай глядацкай аўдыторыі. Аб даследаваннях і меркаваннях на гэты конт "Культура" неаднойчы пісала. Большасць апытаных наведвальнікаў кінатэатраў хацела б бачыць нацыянальны "блокбастэр", прысвечаны тэме айчыннай гісторыі. Аб гэтым сведчыць таксама касавы поспех такіх стужак, як "Анастасія Слуцкая" і "Масакра". Калі ўлічваць высокую папулярнасць Уладзіміра Караткевіча як пісьменніка, то прадукт "Беларусьфільма" "Каласы пад сярпом тваім" - самы верагодны кандыдат на званне буйнога нацыянальнага кінапраекта, аб якім даўно ідзе гаворка ў краіне. Спадзяёмся, ён дазволіць перайсці айчыннаму кінематографу сапраўды на новы ўзровень існавання і глядацкай увагі.

Спадчына Уладзіміра Караткевіча, як вядома, вельмі цесна звязана з кінамастацтвам. Яшчэ ў 1962 годзе пісьменнік скончыў Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве: кіно, відавочна, прыцягвала яго як самае масавае мастацтва. І нам добра вядомая фраза Караткевіча пра тое, што "раман прачытаюць дзесяткі тысяч - стужку паглядзяць мільёны".


 Дарэчы, а якое ваша бачанне герояў Караткевіча на экране? Дасылайце свае меркаванні на паштовы і электронны адрасы рэдакцыі. Абяцаем, што ўсе ідэі будуць перададзены здымачнай групе "Каласоў...".