Малады “еўрааркестр”

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

Учора ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі пры ўдзеле польскага дырыжора Павела Котлы завяршыўся адбор музыкантаў у склад Маладзёжнага сімфанічнага аркестра “I, Culture Orchestra”.

/i/content/pi/cult/298/4994/2-3.jpgУ гэты калектыў будуць сабраны лепшыя струннікі, духавікі, ударнікі не толькі нашай краіны, але і Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Казахстана, Малдовы, Польшчы, Расіі, Украіны. Рэпетыцыі калектыву пройдуць улетку 2011-га, а ўвосень аркестр праедзе з гастролямі па Еўропе.

Пробны праект, што з'яднаў творчую моладзь Польшчы і Украіны, адбыўся ўжо сёлета. Увогуле ж, сумесныя маладзёжныя аркестры - адна з прыкмет часу. Маладыя музыканты яднаюцца, сябруюць, рэпеціруюць і адпачываюць, атрымліваюць майстар-класы ад вядучых спецыялістаў свету і самі скараюць сваім мастацтвам свет.

"I, Culture Orchestra" ствараецца па падабенстве Маладзёжнага аркестра Еўрапейскага Саюза і іншых сумесных калектываў. Ініцыятарам цяперашняй акцыі выступае Інстытут Адама Міцкевіча ў Варшаве, а прыезд на праслухоўванні артыстычнага дырэктара новага калектыву курыруе, адпаведна, Польскі Інстытут у Мінску. Супрацоўнічаць з аркестрам ужо далі згоду такія вядучыя музыканты, як Сэр Нэвіл Марынер і Юлія Фішэр.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"