Тры туры не толькі вальса

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі пачаліся праслухоўванні Міжнароднага конкурсу піяністаў “Мінск-2010”. У ім удзельнічаюць 60 маладых музыкантаў з васьмі краін свету.

Як і ранейшыя падобныя спаборніцтвы, што праходзілі ў нас у 1996, 2000 і 2005 гг., цяперашні конкурс пройдзе ў тры туры. Але праграма штораз удасканальваецца. Сёлета яна максімальна накіравана на раскрыццё творчых індывідуальнасцей. І гэта тычыцца не толькі трэцяга тура, для якога прапанаваны надзвычай шырокі разгорт канцэртаў для фартэпіяна з аркестрам (ад Моцарта да Пракоф'ева, Шастаковіча, Гершвіна і беларускіх кампазітараў), не толькі другога тура, дзе прадугледжана вольнае выступленне, абмежаванае часавымі рамкамі канцэртнага аддзялення, але і першага - з яго абавязковай праграмай.

Упершыню для гэтага этапа прапанаваны такі аб'ёмны спіс беларускіх твораў - ажно дзевяць, на адным з якіх кожны ўдзельнік павінен спыніць свой выбар. Тут ёсць па дзве кампазіцыі з "партфеля" Галіны Гарэлавай ("Востраў тысячы храмаў", "Графіці"), Уладзіміра Дарохіна ("Белая вежа", "Тры гульні"), Алега Хадоскі ("Успамін пра вальс", Таката), а таксама "Італьянскія ўспаміны пра Сяргея Пракоф'ева" Дзмітрыя Лыбіна, "Віртуоз" Уладзіміра Кур'яна і Таката Ларысы Мурашка. Так што першы конкурсны тур можна без перабольшвання лічыць "працягам" канцэртаў ХV З'езда беларускіх кампазітараў, якія таксама праходзяць у гэтыя дні. Да таго ж, каб выбраць адну п'есу з пералічаных, перагледзець трэба ўсе.

Вынікі конкурсу будуць вядомы толькі 9 снежня. Пачаўся ж ён 25 лістапада з іспыту для журы: у Першым канцэрце Шапэна, які да 200-годдзя з дня нараджэння польскага класіка выконваўся асабліва часта, з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам Беларусі (дырыжор- Андрэй Галанаў) саліравала народная артыстка Казахстана, прафесар Жанія Аубакірава. Ну, а сольныя выступленні нязменнага старшыні журы, народнага артыста Беларусі, прафесара Ігара Алоўнікава наша і замежная публіка чуе рэгулярна.