Гомель, Брэст, Мінск…

№ 48 (968) 27.11.2010 - 03.12.2010 г

“Беларусь — гэта мы!”

 

Культурна-грамадская акцыя "Беларусь - гэта мы!", дзякуючы праекту тэлеканала АНТ, ахапіла ўсіх тэлегледачоў краіны. Сёння ўвечары можна будзе ўбачыць "справаздачу" Гомельшчыны, праз тыдзень - Брэстчыны. 11 снежня - фінальны канцэрт праекта ў сталічным Футбольным манежы.

- "Беларусь - гэта мы!" - настолькі шырокая і ўсеахопная культурна-грамадская акцыя, якая павінна закрануць кожнага жыхара нашай краіны, што наш тэлеканал не мог не падключыцца да яе правядзення, - расказала Анжаліна Мікульская, дырэктар Дырэкцыі спецыяльных праектаў тэлеканала АНТ. - Таму нарадзіўся гэты спецыяльны праект, у межах якога мы арганізоўвалі канцэрты ва ўсіх абласных цэнтрах з іх далейшай трансляцыяй. Не толькі ўсе арганізацыйныя моманты, але і запрашэнне артыстаў, складанне праграмы, сцэнаграфія і ўласна сцэна (мы яе перавозілі з адной вобласці ў другую) - усё вырашалі і рабілі самі.

 Калі хто глядзеў ранейшыя выпускі, дык звярнуў, пэўна, увагу на тое, што ў тэлеверсіі мы дэманстравалі не толькі сам канцэрт, але і ўласныя фільмы, знятыя пра кожны рэгіён. Вядома, такі аб'ём работы не мог адолець адзін чалавек - працавала вялікая каманда, у тым ліку трое рэжысёраў (двое з іх рабілі відэаверсіі), чацвёрты займаўся фільмамі пра вобласці. Мы былі ўражаны, з якой цеплынёй гледачы адгукаліся на кожны нумар. Заўважна было, як зала імкнецца падтрымаць пачаткоўцаў, як добра рэагуе на кожную новую песню. Такія праекты папраўдзе яднаюць нацыю!