Заўтра — Вялікдзень!

№ 14 (780) 07.04.2007 - 13.04.2007 г

Хрыстос васкрос!.. Усюды радасць, Усё глядзіць смялей, святлей; Вялікі Мучальнік, здаецца, Абняў ўсіх ласкаю сваей. Янка Купала

Васковы “батык” па альховым чарненні 

Велікоднае яйка — традыцыйны сімвал гэтага свята. Але яшчэ з дахрысціянскіх часоў яйка ўвасабляла народныя ўяўленні аб жыццёвых сілах прыроды. Менавіта таму яго часта выкарыстоўвалі ў веснавых народных абрадах. 
Здаўна ў нас на Гродзеншчыне займаліся дэкарыраваннем велікодных яек. Існавалі самыя розныя віды святочнага роспісу — “пісанкі”, “маляванкі”, “пісанкі-васкаванкі”. Яйкі ўпрыгожвалі непасрэдна перад асвячэннем на ўсяночнай у царкве ці ў касцёле, пасля чаго іх дарылі гасцям, раздавалі дзецям і валачобнікам.
Некалі найбольш распаўсюджанай у нашых мясцінах была тэхніка васкавання ці бацікавання, бо, па сутнасці, гэта добра вядомая сёння тэхніка батыка. Яшчэ напрыканцы мінулага стагоддзя ў гэтай тэхніцы распісвалі яйкі такія майстрыхі Гродзенскага раёна, як С.Карасевіч, Я.Пушкевіч, Г.Максімюк і інш.
Але найбольш знакамітай майстрыхай у нашай вобласці па васковым роспісе, як, дарэчы, і па вырабе выцінанак, была Алена Геранімаўна Зайко з Сапоцкіна. Пры васкаванні яна на паверхні яйка шпількай, іншы раз цвіком наносіла ўзор з растопленага воску. Потым фарбавала яйкі ў адвары шалупіння цыбулі, розных зёлак. Афарбоўка ў чорна-карычневы колер атрымлівалася настоем альховай кары і ржавага жалеза.
У выніку на каляровым фоне ўзнікалі белыя васковыя ўзоры: матыў з дубовых лісточкаў, паяскі, геаметрычныя ўзоры. Найбольш улюбёны матыў Алены Геранімаўны — традыцыйны круг-разетка, якая стварае прыгожую кампазіцыю са звернутымі вастрыямі да цэнтра кропелек. Часцей за ўсё майстрыха размяшчала дзве разеткі па канцах яйка.
Падчас работы Алена Геранімаўна трымала яго двума пальцамі і па крузе наносіла кропелькавы ўзор. Менавіта кропелькі і іх разнастайнае камбінаванне — у аснове дэкаратыўных матываў яе роспісу: ланцужкоў, кветак, стылізаваных зааморфных і антропаморфных малюнкаў, шматпялёсткавых разетак. Былі ў Алены Зайко і “пісанкі-васкаванкі” з выявамі птушак. Прытым аднолькавыя ўзоры васковага роспісу рэдка сустракаліся нават у адной майстрыхі. Бо вялікі ўплыў на характар арнаментаў мелі самыя розныя фактары: велічыня шпількі ці мечкі-пісала, якасць пакрыўнога матэрыялу. Талент, яскравая індывідуальнасць Алены Зайко адчуваюцца ў жывым малюнку яе кампазіцый, у разнастайнасці абраных матываў, у нейкай асаблівай адухоўленасці яе пісанак.
Сёння на Гродзеншчыне адрадзілася традыцыя вырабу велікодныхяек, але, на жаль, тэхніка васкавання адыходзіць у нябыт. Сапраўдныя, традыцыйныя “пісанкі-васкаванкі” можна ўбачыць у калекцыі Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі, у прыватных збіральнікаў. Тэхніку васкавання паступова выціснулі самыя розныя яе імітацыі, іншыя прыёмы аздаблення яек — аплікацыя саломкай, карункапляценне, бісерапляценне і інш.

Алена ХРАМКОВА
Гродна