Этна + турмаршрут…

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Вёска Казлы Ельскага раёна, у якой на сённяшні дзень пражывае ўсяго 27 чалавек, знакамітая, між тым, на ўсю Гомельшчыну, ды, бадай, і на ўсю краіну. А ўсё таму, што песні аматарскага калектыву Казлоўскага сельскага клуба летась атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыкакультурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

/i/content/pi/cult/297/4985/14-1.jpgУ складзе калектыву на сёння - сем чалавек. Гэта Марыя Аляксандраўна Хамутоўская, Марыя Дзмітрыеўна і Марыя Адамаўна Козел, Піонія Міхайлаўна Сугак, Надзея Аляксандраўна Каваленка, Валянціна Фядотаўна Ляўкоўская. Узначальвае гурт Соф'я Іванаўна Шаціла - самая маладая ўдзельніца ансамбля, якой сёлета споўнілася пяцьдзесят пяць гадоў.

Прыкладна пяцьдзесят песень, якія прысвечаны традыцыйна-абрадаваму цыклу беларускага народнага календара, складаюць рэпертуар самадзейнага калектыву. Дваццаць з гэтых каштоўных музычных кампазіцый запісаны і выдадзены сёлета на дыску супрацоўнікамі Ельскага раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы. Кружэлка карыстаецца попытам як у мясцовых жыхароў, так і ў заезджых гасцей. Каштуе яна ўсяго чатыры тысячы рублёў, і таму яе з ахвотай купляюць.

 Даволі часта фальклорны гурт вёскі Казлы ўдзельнічае ў рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемствах, мае шмат узнагарод. Паглядзець на бабуль прыязджаюць турысты не толькі з Беларусі, але і з суседніх краін, далёкага замежжа. Менавіта таму кіраўніцтва аддзела культуры хоча зрабіць сустрэчу з гэтым калектывам абавязковым пунктам будучага этнаграфічна-турыстычнага маршруту, які распрацоўваецца. А тое, што знаёмства з калектывам Казлоўскага сельскага клуба будзе цікавым турыстам, не выклікае сумнення.

Юрась ГАРЧАК