Мотальскія стырны

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Вёска Моталь, што ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці, знакамітая не толькі тым, што тут, скажам, штогод ладзіцца фестываль “Мотальскія прысмакі”. Знакавая фігура гэтай палескай вёскі — мастак Янка Рамановіч.

/i/content/pi/cult/297/4984/12-5.jpg

 

 Ягоны шлях у мастацтва пачаўся з таго, што маладая школьная настаўніца заўважыла ў вясковага вучня задаткі мастака і ўгаварыла бацькоў адпусціць Янку на экзамены ў Рэспубліканскую школу-інтэрнат імя Івана Ахрэмчыка. Так у адзінаццаць гадоў хлопец апынуўся ў сталіцы, паспяхова здаў экзамены і пачаў паступова засвойваць акадэмічную школу беларускага жывапісу. Наступным лагічным крокам на гэтым шляху было паступленне ў Тэатральна-мастацкі інстытут. Пасля заканчэння ВНУ Рамановічу раілі паступаць у аспірантуру, але ён вырашыў вярнуцца на Палессе. У Іванаве ён працаваў у ДШМ, а у Моталі займеў памяшканне для першай майстэрні...

"Мотальскія святы", "Рэха мінуўшчыны", "Беларуская Атлантыда", "Вяковы акварыум" - гэта толькі невялікі пералік серый карцін, якія за гэты час паспеў стварыць Рамановіч.

 - Я лічу сябе выхаванцам беларускай мастацкай школы, - падкрэслівае мастак з Моталя. - Мае работы - гэта сінтэз некалькіх стыляў, да таго ж, мне падабаюцца эксперыменты з колерам, кампазіцыяй. Галоўнае - захаваць і перадаць у творах самабытнасць палескай вёскі і яе жыхароў...

 Сёння Янка Рамановіч мае каля дваццаці персанальных выставак. У 28 гадоў яго прынялі ў Беларускі саюз мастакоў, ён - удзельнік шматлікіх пленэраў, а ягоныя работы, пазначаныя крыптонімам "ЯР", разышліся далёка за межы краіны.

І сёлета мастак з Моталя таксама прымаў удзел у некалькіх пленэрах. Напрыклад, не так даўно вярнуўся з Віцебшчыны, дзе маляваў прыгожыя Браслаўскія азёры.

 ...А ў хаце творцы, дзе мне давялося пабываць, усюды - карціны. І нават там, дзе іх не адразу заўважыш.

-Стараюся эканомна задзейнічаць кожны куток сваёй майстэрні, - кажа Янка Рамановіч, - таму выкарыстоўваю для сваіх заняткаў нават... столь.

І сапраўды: падымаю галаву - і перад вачыма паўстаюць Ісус Хрыстос, Багародзіца, Святы Мікалай - новая "сакральная" серыя мастацкіх работ Янкі Рамановіча. Па словах мастака, задума распачаць серыю карцін на рэлігійную тэматыку прыйшла да яго летась. Частка твораў выканана на палатне, а для другой у якасці асновы абраны драўляныя стырны ад старых калаўротаў. Перад пачаткам працы аўтар звярнуўся да мясцовага святара па блаславенне, і толькі пасля гэтага ўзяўся за пэндзаль.

 Сакральная серыя Янкі Рамановіча налічвае 20 работ і ўпершыню была экспанавана ў Познані. Стырны з лікамі хрысціянскіх святых высока ацанілі польскія мастацтвазнаўцы, прызнаўшы іх самымі лепшымі на калектыўнай выстаўцы беларускіх мастакоў. Па словах Янкі Рамановіча, серыя пакуль што яшчэ не скончана, але абавязкова будзе прадоўжана.

 Іна ДЗЯМІД

 Пінск