Мадэль для “Тоскі”

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Як “сабраць” спектакль за тыдзень?

/i/content/pi/cult/297/4980/pic_12.jpgПрэм'ера "Тоскі" Дж.Пучыні ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі суправаджалася "круглым сталом" адразу пасля першага прэм'ернага спектакля. Ідэя правядзення такіх сустрэч музыказнаўцаў і кампазітараў краіны з пастаноўшчыкамі была прапанавана самім тэатрам і падтрымана ў Міністэрстве культуры і Міністэрстве інфармацыі краіны.

У Камернай зале імя Л.Александроўскай сабраліся першы намеснік генеральнага дырэктара тэатра Уладзімір Рылатка, які выступіў ініцыятарам сустрэчы, начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Казловіч, галоўны рэжысёр тэатра Міхаіл Панджавідзэ, галоўны дырыжор Віктар Пласкіна, галоўны мастак Аляксандр Касцючэнка, намеснік генеральнага дырэктара па вытворчых пытаннях Аляксандр Прахарэнка, загадчык літаратурнай часткі тэатра Таццяна Тэадаровіч, кандыдаты мастацтвазнаўства Алена Куракіна, Наталля Ганул, Алена Лісава, кампазітар Алег Хадоска, рэдактар аддзела часопіса "Мастацтва", паэтэса Таццяна Мушынская, рэдактар аддзела газеты "Культура" Надзея Бунцэвіч.

У.Рылатка падкрэсліў, што "Тоска"- заўсёды іспыт на сталасць тэатра, і цяперашняя пастаноўка акрэслівае новы этап у яго развіцці. Прысутныя не занялі месцы па розныя бакі барыкад, а, як заўважыла Н.Ганул, сабраліся для роздуму на тэму оперы. Параўноўваючы склады, Т.Мушынская адзначыла, што калі на прагоне панавала "маладосць і эмацыйнасць" (Кацярына Галаўлёва, Эдуард Мартынюк, Уладзімір Громаў), дык на прэм'еры - "сталасць і прафесіяналізм" (Ніна Шарубіна, Сяргей Франкоўскі, Уладзімір Пятроў).

Партытура "Тоскі" - найскладаная, і вытрымаць яе выканаўцам - няпроста. Ды цяперашні спектакль ніяк не паўтарае ранейшыя. У.Рылатка перадаў прысутным словы кампазітара Дзмітрыя Смольскага, які не змог застацца на абмеркаванне: маўляў, я паглядзеў у нашым тэатры ўсе "Тоскі", пачынаючы з пасляваеннага часу, але такой - не бачыў!

Ні позні час, ні ўтульнасць атмасферы не перашкодзілі цэламу шквалу эмоцый: пастаноўшчыкі горача дзяліліся з крытыкамі сваімі задумкамі, з запалам тлумачылі свае творчыя пазіцыі, што магло б дапамагчы абодвум бакам зразумець адзін аднаго. Сапраўды, нават тыя, хто, як я, паспелі перайграць-пераспяваць клавір оперы, паназіраць за рэпетыцыямі і толькі потым паглядзелі прэм'еру, параўнаўшы яе з іншымі бачанымі-чутымі спектаклямі і кіна-, тэлеверсіямі, пад час сустрэчы адкрылі для сябе многа новага.

У спектаклі шмат таго, пра што мы раней ніколі не задумваліся, зачараваныя самой музыкай Дж.Пучыні з яе найтонкімі эмацыйнымі зрухамі, багаццем інтанацыйных, тэмбравых, фактурных фарбаў і безлічам іх адценняў. Рэжысёр жа - задумаўся, паглыбіўся ў той час. І меў падставу: у аснову оперы пакладзены рэальныя падзеі, як гэта было прынята ў мастацкім кірунку верызму, што развіваўся ў Італіі на мяжы ХІХ - ХХ стагоддзяў. Вядома, жыццёваму рэалізму зусім не пасавала залішняя музычная прыгажосць, што адбілася і на дырыжорскай версіі спектакля: аркестр быццам "падганяе" спевакоў і гучыць зусім не з тым "тэатральным пафасам", што ўласцівы пастаноўкам мінулых гадоў. Адлюстроўваючы "праўду жыцця", М.Панджавідзэ выступае супраць "ілюстравання" музыкі, з чаго і вынікаюць многія пастаноўчыя нечаканасці.

Яшчэ на прэс-канферэнцыі рэжысёр прызнаўся, /i/content/pi/cult/297/4980/pic_13.jpgшто імкнецца развянчаць узнёслы вобраз прымадонны. Яго Тоска, бы тая Кармэн, неаднойчы ўскоквае на стол у час любоўных прызнанняў. Шукаючы неіснуючую суперніцу, груба расштурхвае маляроў у царкве, накідваецца на мастака Каварадосі. Таму ён у цяперашняй пастаноўцы паводзіць сябе ў сцэне дапросу адпаведна: садзіцца на стол спінай да начальніка паліцыі Скарпіа, раскідвае рэчы, нахабна бярэ кілішак з віном. Ну як такога не "паставіць на месца"? Што Скарпіа і робіць, аддаючы загад пачаць катаванне.

У спектаклі, па задуме рэжысёра, шмат і іншых рэалістычных дэталей. У першай дзеі, калі маляры, кінуўшы працу, бязмоўна назіраюць за дуэтам закаханых, хтосьці ўбачыў "тэатр масак" (а як працяг - вобраз-"маска" Спалеты), хтосьці - традыцыі "Галівуда", у стужках якога, як толькі героі цалуюцца, прысутныя апладзіруюць. Рэжысёр жа, як высветлілася, перадаў свае ўласныя ўражанні ад Італіі, дзе мінакі вельмі непасрэдна рэагуюць на ўсё навакольнае.

Гледачы "Тоскі", у сваю чаргу, вельмі жыва рэагуюць на столік з ежай, што двойчы з'яўляецца перад Скарпіа: многія ўзгадваюць дзіцячыя спектаклі-казкі з абрусам-самаборам. Пастаноўшчыкі ж таксама прытрымліваліся тут рэалізму: маўляў, падобныя патаемныя прыстасаванні былі вядомыя ўжо ў ХVIII стагоддзі.

Выкарыстаў рэжысёр і "падманку" для гледача: калі турэмшчык аблівае вядром вады знясіленага Каварадосі, вада на справе ліецца не на тэнара, якому яшчэ спяваць ды спяваць, а ўсяго толькі побач з ім. Глядач жа цалкам упэўнены ў "рэалізме", чаму дапамагае майстэрства Алега Гардынца ў ролі "палівальшчыка". З-за такой акцёрска-спеўнай "шматфункцыянальнасці" яго герой у спектаклі "па сумяшчальніцтве" працуе і ў паліцыі, і ў турме: "Ну няма ў тэатры другога такога артыста, які б і постаццю ўдаўся, і ніжнія ноты браў".

Растлумачыў М.Панджавідзэ і новы вобраз хлопчыка, які традыцыйна быў пастухом, адцяняючы блізкую трагедыю сваёй немудрагелістай песенькай пра няшчаснае каханне:

- Мы планавалі, што гэты хлопчык - сын турэмшчыка. Турэмшчыкі ў той час жылі там жа, дзе і працавалі- разам з сем'ямі, дзецьмі. І калі хлопчык штодзень бачыць, як прыводзяць і расстрэльваюць людзей, дык ён і гуляць будзе ў такія ж гульні.

 Новы спектакль, як змаглі ўпэўніцца ўдзельнікі "круглага стала", накіраваны на новых гледачоў, вялікі прыток якіх тэатр адчувае. Гэта не спрактыкаваныя знаўцы і аматары музыкі, а самая шырокая публіка, што прыходзіць, часцяком, паглядзець адноўлены тэатр. Такая публіка не памятае (бо папросту ніколі не чула), як Тоску спявала і іграла Надзея Губская, не кажучы ўжо пра нашых ранейшых салістак і сусветных зорак. Публіка не можа параўноўваць? І не трэба! Але самы час зрабіць усё, каб "выпадковыя" сузіральнікі, не абцяжараныя залішнім досведам, сталі заўсёднікамі нашага тэатра. Таму на заўвагу, што новы спектакль неабходна глядзець акурат з сярэдзіны залы, іначай палова відовішча застаецца па-за межамі агляду, М.Панджавідзэ толькі ўсміхаецца:

- Гэта хітры маркетынгавы ход. Калі ў свой час я беспаспяхова намагаўся знайсці такія ракурсы, каб аднолькава добра было відаць з любога месца ў зале, знакаміты рэжысёр Барыс Пакроўскі сказаў: "Не мучайся. Хай наступным разам купяць сабе лепшыя білеты".

Бо новы спектакль трэба, найперш, бачыць. А не проста чуць, узгадваючы знаёмыя павароты. Невыпадкова М.Панджавідзэ некалькі разоў пад час сустрэчы паўтараў: "Ну, і навошта вы той клавір гарталі? Усе рэмаркі там - не кампазітара, а памочніка рэжысёра першай пастаноўкі оперы. Спектакль трэба глядзець "з чыстага ліста".

Як высветліў М.Панджавідзэ, правёўшы сваё "рэжысёрскае даследаванне", у пачатку другой дзеі сапраўднай кампазітарскай рэмаркай з'яўляецца слова "адкрывае" - без тлумачэння, што менавіта адкрываецца. Таму замест "адчынення акна" Скарпіа "адкрывае бутэльку". А музыка, што быццам даносілася праз тое адчыненае акно, цяпер выконваецца арыштантамі, якія на спецыяльнай платформе выязджаюць "з падзямелля".

Раскрыў "круглы стол" і некаторыя, не ўбачаныя дагэтуль, дэталі. Так, усе адзначылі зробленыя праектарам выявы адраджэнцкіх фрэсак у царкве, іх ператварэнне ў д'ябальскія "карцінкі" ў стэрэафанічным фінале першай дзеі (выдатная праца хору!), "лазерны" партрэт Тоскі, намаляваны ці то рукой Каварадосі, ці то яго ўяўленнем на сцяне каземата. Яшчэ адзін яркі вобраз-сімвал, дасягнуты сучаснай тэхнікай і майстэрствам запрошаных расійскіх спецыялістаў, узнік толькі на далейшых спектаклях: забіўшы Скарпіа, Тоска бачыць кроў паўсюль.

- Дзякаваць богу,- сказаў В.Пласкіна, - што ў нас ёсць Панджавідзэ. Я не бачыў рэжысёра, які за такі сціслы тэрмін- фактычна за тыдзень - здолеў бы "сабраць" спектакль, прычым найскладаны! Дапамагала яму і каласальнае веданне матэрыялу: гэта, як-ніяк, ужо яго трэцяя "Тоска", ажыццёўленая ў розных тэатрах. А з якімі фарбамі граў аркестр! Я самы шчаслівы чалавек у свеце, бо дакрануўся да геніяльнага твора, і мы працавалі з такім натхненнем, якога нідзе не знойдзеш, акрамя як у нас! У нас эксклюзіўны тэатр! Не бойцеся атрымліваць ад музыкі і спектакля задавальненне, бо гэтай пастаноўкай наш тэатр зрабіў не крок наперад, а цэлых тры! Калі такімі тэмпамі мы будзем ісці і надалей, дык праз год-два-тры ў нас з'явяцца прыгожыя, сапраўдныя, моцныя спектаклі! Ёсць вельмі добрыя моманты, але гэта - моманты, а патрэбна - сістэма. І ёсць магчымасць гэтую сістэму зрабіць! Цяперашняя "Тоска" ў гэтым сэнсе пакідае каласальнае ўражанне! Бо рэжысёр прымусіў спевакоў іграць, рухацца па сцэне. Можа, яны дзесьці пераігрываюць, але ўсё з цягам часу ўсталюецца, спектакль, як кажуць, стане на ногі. Ужо гэтым разам людзі ў зале плакалі пасля другога акта...

- Гэта паспяховая пастаноўка, - падвёў вынікі М.Казловіч. - Вельмі ўзрадавала ігра акцёраў, дзякуючы чаму спектакль глядзеўся з цікавасцю, трымаючы ў неабходным напружанні. Вельмі спадабалася светлавое рашэнне. Раней з гэтым у нашым тэатры былі праблемы, цяпер жа вельмі тонка "падсвечаны", падмацаваны святлом усе музычныя нюансы оперы. Эфектна і прыгожа агучана сама сцэнічная прастора. Першая арыя Каварадосі выконваецца з-пад купала, бы з паднябесся: герой спявае яе ў будаўнічай калысцы, размалёўваючы сцены царквы. І гэта пакідае незабыўнае ўражанне! Геніяльныя аркестравыя сола, асабліва- кларнета. Адно толькі вельмі хацелася б, каб тэатральныя праграмкі друкаваліся на беларускай мове. Бо Нацыянальны тэатр павінен "трымаць марку"!

Фота Юрыя ІВАНОВА

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"