Нарадзіўся Мікалай Апіёк непадалёк ад Оршы ў вёсцы Макараўка Дубровенскага раёна. Мастацтву пачаў вучыцца ў Віцебску, скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. З 1964 га цэлае дзесяцігоддзе працаваў як мастак-пастаноўшчык Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра, дзе аформіў дзясяткі спектакляў. Адначасова ўзначальваў Гродзенскую абласную арганізацыю БСМ. На той час яна перажывала перыяд свайго актыўнага развіцця: рэгулярна ладзіліся выстаўкі, тон якім задавалі мастакі-наватары, захопленыя магчымасцямі жывых каляровых уражанняў. У Гродна тады часта наведваўся славуты мінскі пейзажыст Віталь Цвірка, творчасць якога вельмі паўплывала на каларыстычныя здабыткі Апіёка.
З сярэдзіны 1970-х мастак ужо жыве і працуе ў Мінску, супрацоўнічае з Купалаўскім тэатрам. Але з кожным годам ён усё больш прысвячае сябе станковаму жывапісу. Непасрэдная сувязь з тэатральным і музычным жыццём сталіцы прынесла надзвычайны плён: у ягонай творчасці з'явіліся этапныя жывапісныя вобразы выключных постацей айчыннай культуры, майстроў сцэны: "У.Рагаўцоў у ролі Ф.Скарыны", "Партрэт Я.Глебава", "Групавы партрэт В.Раеўскага, А.Дударава, Б.Герлавана", "Л.Давідовіч у ролі каралевы Боны" і іншыя.
Вельмі актыўна праявіў сябе Мікалай Апанасавіч з 2003 г. як арганізатар і кіраўнік студыі "Шчыт Айчыны" пры Міністэрстве абароны Рэспублікі Беларусь. Студыя ўжо правяла шэраг выставак, на якіх мастак спрабуе сябе не толькі як майстар святочных кампазіцый ("Выпускнікі Мінскага Сувораўскага"), але і як стваральнік новага тыпу краявіду з матывамі, навеянымі ўражаннямі ад буйных вайсковых вучэнняў на Бярэзіне і Нёмане.
Непарушная сувязь з роднай зямлёй дапамагла праявіцца мастаку як выдатнаму каларысту, які ўслаўляе, дзякуючы сваім жывапісным здольнасцям, маляўнічае багацце беларускай прыроды, духоўнае хараство нашых землякоў, яскравыя старонкі сучаснага жыцця і рамантызм у адносінах да гістарычнай спадчыны. У ягонай майстэрні - безліч эцюдаў, эскізаў і вялікіх кампазіцый. У яго так шмат станоўчай творчай энергіі, непадробнай натхнёнасці, што ўсё гэта разам, памножанае на важкі жыццёвы і прафесійны вопыт, можа прывесці неўзабаве да нараджэння новых значных мастацкіх твораў.
Мікалай Апанасавіч ужо цэлае дзесяцігоддзе прысвяціў асэнсаванню гістарычнай тэматыкі крывіцкай даўніны. Яшчэ ў 2003 г. набыў вядомасць яго жывапісны твор "З гісторыі Полацка. У.Чарадзей". Цяпер майстар працягвае ствараць новую манументальную кампазіцыю з гэтай серыі, якую прадэманструе на персанальнай выстаўцы, што неўзабаве будзе працаваць у Мінску.
Яўген ШУНЕЙКА, кандыдат мастацтвазнаўства