Музыка для Нясвіжа

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Магілёў, Віцебск, Мінск, Брэст — такім быў беларускі маршрут канцэртнага тура “Шапэн-2010” знакамітага польскага дырыжора Рамана Рэваковіча і сусветна вядомага піяніста, лаўрэата міжнародных конкурсаў Яна Кшыштафа Броі.

Тур пачаўся ўвесну на Украіне, цяпер прайшоў у Беларусі і прадоўжыцца ў Расіі.

Праграма паўсюль была адрознай. У праекце ўдзельнічалі таксама Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Беларусі і сімфанічны аркестр Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы і музыкі. У сталічнай філармоніі, шапэнаўская палітра пашырылася, да ўсяго, творамі ХХ ст.: Канцэртам для аркестра польскага класіка В.Лютаслаўскага і сюітай "Музыка для горада Нясвіжа" нашага Дзмітрыя Лыбіна. І хаця беларуская партытура, напісаная ў 1996 г. да фестывалю "Музы Нясвіжа", не ўтрымлівае ніякіх шапэнаўскіх матываў, у ёй напоўніцу раскрываецца багаты рамантычны свет нашага творцы, звычайна прыхаваны жыццёвым скептыцызмам і рацыяналізмам.

 - З Дзмітрыем Лыбіным, - распавёў Раман Рэваковіч, - я пазнаёміўся на Міжнародным фестывалі ў Львове, дзе дырыжыраваў ягоным творам. Выконваў я яго музыку і два гады таму: пад час свайго мінулага прыезду ў Мінск. Мы падтрымліваем плённыя творчыя кантакты, дый увогуле творы Лыбіна даволі часта гучаць у Польшчы і іншых краінах. А на Канцэрт Лютаслаўскага я адважыўся таму, што ў вас цудоўны філарманічны аркестр: гэты найскладаны твор патрабуе надзвычай высокага прафесіяналізму і сапраўднай віртуознасці кожнага музыканта.

- У Беларусі цудоўная публіка, - дадаў Ян Кшыштаф Броя, - і я рады граць у вас. А тое, як мае сольныя канцэрты прымалі ў Магілёве і Віцебску,- гэта проста фантастыка! Хачу падзякаваць Міністэрству культуры Рэспублікі Беларусь, Польскаму Інстытуту ў Мінску і Інстытуту Адама Міцкевіча ў Варшаве, што ўсё гэта адбылося і мы змаглі адчуць гасціннасць і гарачыню вашых сэрцаў.

 

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"