Новыя штаты і конкурс сайтаў

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Каментарый з нагоды

Каб атрымаць каментарыі па шэрагу пытанняў, узнятых цягам он-лайнканферэнцыі, мы звярнуліся да намесніка міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэуша СТРУЖЭЦКАГА. "Калі ёсць паўнацэнны метадычны цэнтр у раёне, тады і дзейнасць устаноў культуры там разнастайная і цікавая. Статус базавай установы да многага абавязвае", - зазначыў адразу суразмоўца "К".

- Адно з найбольш вострых пытанняў, закранутых удзельнікамі он-лайна, - удасканаленне штатных раскладаў, а таксама ўвядзенне ў метадцэнтрах ставак праграміста, канцэртнага менеджара, гукааператара, акампаніятара...

- Безумоўна, сёння прыспеў час унесці змены ў тыпавыя штаты ўстаноў культуры з улікам спецыфікі іх сучаснай дзейнасці. І важнае менавіта аператыўнае ўдасканаленне. Міністэрства культуры рэгулярна ініцыіруе змены ў штатах. Апошні іх варыянт для розных тыпаў клубных устаноў, як і для метадцэнтраў, разглядаецца і ў хуткім часе будзе зацверджаны. Затрымка толькі за ўзгадненнем з асобнымі аблвыканкамамі, міністэрствамі фінансаў, працы і сацыяльнай абароны, паколькі ўвядзенне новых адзінак патрабуе дадатковых сродкаў і абгрунтавання іх выдзялення.

- У сувязі з прапановай увядзення стаўкі праграміста прагучала і яшчэ адна: зладзіць конкурс на лепшы сайт установы культуры.

- На месцах толькі адзінкавыя ўстановы ды творчыя калектывы маюць сайты, у адрозненне ад устаноў рэспубліканскага і абласнога падпарадкавання. Гэту задачу неабходна рэальна вырашыць у бліжэйшыя гады, каб сфарміраваць адзіную інфармацыйную прастору краіны, пра што і казалі ўдзельнікі он-лайн-канферэнцыі. З улікам рэальных фінансавых магчымасцей падобную працу варта праводзіць паэтапна. Найперш - стварыць сайты аддзелаў культуры або РАМЦ, затым - web-старонкі ўстаноў. Прапанова аб правядзенні конкурсу сайтаў намі абмяркоўваецца, і, думаю, у наступным годзе падобнае спаборніцтва правядзём з той мэтай, каб, па выніках, уключыць усе наяўныя рэсурсы ў агульную прастору сферы. Тады праз старонку Міністэрства культуры можна будзе выходзіць на рэсурс канкрэтнага рэгіёна. Гэта паспрыяе і развіццю ўязнога мэтавага турызму, бо, па сутнасці, мы атрымаем каталог культурных і турыстычных адметнасцей таго або іншага раёна. А дадайце сюды прамы кантакт з арганізатарамі фестываляў у замежжы: гэта ж магчымасць ладзіць гастролі або ўдзельнічаць у міжнародных форумах, не чакаючы запрашэння, накіраванага, скажам, праз Міністэрства або абласное ўпраўленне культуры. Так даўно працуюць у замежжы, фарміруючы спісы ўдзельнікаў сваіх мерапрыемстваў. Глядзіце, мы сёння праз Інтэрнэт ведаем пра фестывалі ў той жа Польшчы, аператыўна падаём свае заяўкі, прычым нават сам кіраўнік калектыву можа ажыццявіць такі нескладаны алгарытм. Іншая справа, што - і гэта адна з праблем- падобны патэнцыял нярэдка застаецца нерэалізаваны: кіраўнікі нашых устаноў не валодаюць інфармацыяй аб тых жа фестывалях, патрабаваннях да іх удзельнікаў.

Паўтаруся, праблему гэтую неабходна вырашаць бліжэйшым часам, прычым пры непасрэдным удзеле аддзелаў культуры. Зразумела, калі колькасць выдаткаваных грошай абмежавана, неабходна вызначыць прыярытэты: важныя і рамонт, і набыццё музычных інструментаў, і пашыў сцэнічных касцюмаў, аднак цяпер не абысціся без камп'ютарнай тэхнікі, Інтэрнэта. Да ўсяго, гэта практычная рэалізацыя аднаго з важных кірункаў працы Інстытута культуры Беларусі - шырокай прэзентацыі нацыянальнай культуры за мяжой.

- А якой стане сістэма павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў у складзе Інстытута культуры?

 - У якасным плане сістэма павышэння кваліфікацыі патрабуе прыцягнення большай колькасці спецыялістаў у сферы, у тым ліку замежных, але вельмі важным кірункам для Інстытута стане перападрыхтоўка кадраў, паколькі работнікаў з вышэйшай няпрофільнай адукацыяй у нас шмат. Адзначу, што прапановы ўдзельнікаў канферэнцыі, датычныя будучыні Інстытута культуры, - слушныя і актуальныя. Трэба аднаўляць або ствараць на новым узроўні Рэспубліканскі савет дырэктараў метадычных цэнтраў, наладжваць больш цесныя сувязі з адпаведнымі ўстановамі ў іншых краінах. На базе Інстытута мы зможам назапасіць і паўнавартасна карыстацца банкам даных, у тым ліку сцэнарна-метадычных матэрыялаў. Плюс - статыстыка, інфармацыя аб лепшых калектывах, звесткі па традыцыйнай культуры. Мы не страцілі неацэнны вопыт і сістэму відаў народнага мастацтва (іх каля пяцідзесяці), сфарміраваную дзесяцігоддзямі, маем чым падзяліцца, але бачым і тое, што варта пераняць. Скажам, нядаўняя выстаўка шведскай мастачкі Гунілы Шоберг была б карыснай і для нашых шапавалаў з Дрыбіншчыны: яна прадэманстравала погляд на прызначэнне воўны як матэрыялу для твора мастацтва. Да нас таксама могуць прыехаць і павучыцца майстры з замежжа. Зноў жа: мэтавы культурны турызм.

- Новымі формамі паслуг часта называюць тэматычныя дыскатэкі, святы вёсак, віншаванні дома, "вясельныя паслугі"... Ці новае - гэта добра забытае старое?

 - Адна ўстанова культуры не зможа прафілявацца на некалькіх дзесятках відаў паслуг. Ці будзе натуральным, калі музей стане займацца арганізацыяй вечароў адпачынку, а бібліятэка - дыскатэкамі? Фарміравацца пералік платных паслуг павінен у залежнасці ад профілю і асноўных відаў дзейнасці канкрэтнай установы. Таксама яны мусяць мець і найвышэйшую якасць, каб былі падставы плаціць за іх, каб спажывец ішоў па паслугу менавіта да нас, упэўнены ў кваліфікаванай дапамозе спецыяліста. Скажам, камерны вечар з вядомым выканаўцам зрабіць для ўсіх жыхароў горада не ўдасца, а вось у карпаратыўным фармаце з павышаным коштам білета мерапрыемства можа адбыцца. Што да разнастайнасці паслуг, іх будуць развіваць, карыстаючыся замежным вопытам, тэхнічнымі навінкамі, аднак тут важна памятаць і пра важны сацыяльны прынцып агульнадаступнасці культуры.

- З Жабінкі прагучала прапанова дазволіць аддзелу культуры вызначаць кошт білетаў на дыскатэкі з улікам асаблівасцей і магчымасцей установы, вызначыўшы "вілку" - "ад" і "да"...

- Праблема гэтая вырашальная на мясцовым узроўні. Так, патрабаванні фінансавых і падатковых службаў жорсткія, але, як правіла, робіцца абгрунтаванне, калькуляцыя на тую або іншую паслугу і зацвярджаецца кошт білета. Галоўнае, каб меліся падставы (афармленне залы, прафесійнае абсталяванне, дзі-джэй, праграма) павысіць цану. І ў працяг тэмы - пра магчымасць пакідаць сродкі, заробленыя звыш плана, на рахунку аддзела культуры. Упэўнены, большая іх частка павінна скарыстоўвацца самімі ўстановамі. На якія мэты (аплату камунальных паслуг, набыццё абсталявання ці на стымуляванне работнікаў)? Тое шмат у чым залежыць ад пазіцыі начальніка аддзела, мясцовых фінансавых органаў.

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах