Канцэпцыя метадцэнтра

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Культура-інфа: он-лайн-давер

/i/content/pi/cult/297/4972/pic.jpgЦі можна сумясціць тэарэтыка і імпрэсарыа ў адной асобе?

 Он-лайн-канферэнцыя, якая адбылася месяц таму ў рамках прэзентацыі нашага Інфармацыйнага цэнтра "Культура-інфа", не прайшла незаўважна для чытачоў. У сваіх тэлефанаваннях і лістах у рэдакцыю работнікі сферы культуры выказалі зацікаўленасць у такой форме кантактаў з газетай і калегамі па ўсёй рэспубліцы. Таму стасункі па прынцыпе "он-лайн-даверу" апраўдалі сябе. А тэму для новай канферэнцыі падказала наша... пошта. Многія пастаянныя чытачы "Культуры" даслалі свае работы на конкурс "сцэнарыстаў". І сярод іх нямала супрацоўнікаў арганізацыйна-метадычных цэнтраў народнай творчасці з усіх куткоў краіны. Падобны абмен напрацоўкамі спрыяе пэўнаму вырашэнню праблемы "сцэнарнага голаду", але поле прадметнай гутаркі куды больш шырокае. Рэпертуар, распрацоўкі арыгінальных рашэнняў для рознага тыпу мерапрыемстваў, кадры, нарматыўна-прававая база, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, выкананне плана платных паслуг абмяркоўвалі ў рамках чарговага он-лайну нашага Інфацэнтра на форуме сайта газеты - forum.kimpress.by - дырэктар Жабінкаўскага РМЦ Аляксей ГАРБАЦЮК (нік - zhabinka), дырэктар Дубровенскага РМЦ Інэса КРУКОЎСКАЯ (dubrouna), намеснік дырэктара Гомельскага АЦНТ Эла ХЛЫСТУНОВА (gomаcnt), дырэктар Ваўкавыскага РМЦ Галіна ЧАРАПОК (vаukаvysk), дырэктар Магілёўскага АМЦНТіКАР Алег ХМЯЛЬКОЎ (mаgamcnt), дырэктар Мінскага АМЦНТ Раіса Вайцяхоўская (minskamcnt). Аdm - нікнэйм "культура"ўцаў.

adm:

Мы вітаем удзельнікаў нашай онлайн-канферэнцыі - супрацоўнікаў абласных і раённых метадычных цэнтраў! І адразу - першы блок пытанняў. З якімі надзённымі праблемамі сутыкаецеся ў паўсядзённай дзейнасці? У чым бачыце прафесійныя перспектывы на будучыню?

gomаcnt:

Стрымліваючым фактарам удасканалення метадычнай дзейнасці, лічу, з'яўляецца недастатковая распрацаванасць (а ў шэрагу выпадкаў - наогул адсутнасць) неабходнай нарматыўнай базы. Мяркуйце самі. Тыпавыя штаты цэнтраў і кваліфікацыйныя характарыстыкі спецыялістаў, прынятыя ў 1990-х, сёння маральна састарэлі: яны не адпавядаюць сучасным патрабаванням да метадыстаў. Укараненне ж новых тэхналогій патрабуе карэннага абнаўлення тэхнічнай базы. І, вядома, метадслужбам неабходна галаўная рэспубліканская ўстанова, якая будзе спалучаць навуковую, арганізацыйна-метадычную і навучальную дзейнасць.

mаgamcnt:

Паступова змяняецца структура метадцэнтраў, з'яўляецца новая тэхніка, прыходзяць новыя спецыялісты, мы едзем кудысьці па вопыт... Але складваецца ўражанне, што кожны з нас дзейнічае неяк паасобку: няма зладжанасці і згуртаванасці. Лічу, галоўнае, чаго нам не хапае, - адзінай інфармацыйна-метадычнай прасторы. Яе ўтвараюць, папершае, інфармацыйныя сеткі, напоўненыя паўнатэкставымі базамі даных (са сцэнарнымі распрацоўкамі, дапаможнікамі, рэпертуарам (!) для аматарскіх калектываў і навучальнымі праграмамі для гурткоў і студый, аналітычнымі (!) статыстычнымі данымі). Па-другое, сюды адносяцца рэгулярныя творчыя сустрэчы кіраўнікоў і спецыялістаў метадычных цэнтраў як у традыцыйным фармаце, так і ў рэжыме он-лайн і відэаканферэнцый. Па-трэцяе, - сумесныя сацыякультурныя праекты, эксперыментальныя пляцоўкі. І, нарэшце, па-чацвёртае, - наладжаныя кантакты з замежнымі калегамі. У пералік можна дадаць - і гэта вельмі значны паказчык - аднаўленне работы Рэспубліканскага Савета дырэктараў абласных метадычных цэнтраў. Некалі існаваў і аналагічны беларуска-расійскі праект. Мо сёння ёсць магчымасць рэалізаваць ідэю беларуска-расійска-ўкраінскага савета? Нам ёсць што сказаць адно аднаму, чаму павучыцца...

zhabinka:

Калегі з абласцей назвалі, я б сказаў, стратэгічныя кірункі. А вось раённым метадцэнтрам сёння ці не ў першую чаргу не стае тэхнічнай забяспечанасці. Неабходна, вядома, і як мага больш хуткае абнаўленне нарматыўна-прававой базы...

dubrouna:

Але ж з набыццём пэўным населеным пунктам статуса аграгарадка ў тамтэйшых сельскіх установах культуры значна палепшылася матэрыяльная база. На жаль, не ва ўсіх з іх працуюць людзі, якія прафесійна разбіраюцца ў гукаўзмацняльнай апаратуры. Для гэтага ў метадычным цэнтры патрэбны кваліфікаваны гукарэжысёр, чыімі абавязкамі сталі б работа з апаратурай, правядзенне мерапрыемстваў з яркім музычным суправаджэннем...

adm:

Праблемнае поле канферэнцыі мы збольшага акрэслілі. Цяпер прапануем "капнуць углыб". Калі казаць пра кадры, можа, не стае яшчэ і спецыялістаў, якія валодаюць спецыяльнасцямі менеджара, прадзюсара, так бы мовіць, арганізатараў, што сугучна нават з найменнямі цэнтраў як устаноў арганізацыйна-метадычных?

zhabinka:

З кожным годам паралельна з павелічэннем плана па аказанні платных паслуг павялічваецца і колькасць платных абменных, выязных канцэртаў. Сёння іх арганізацыяй займаюцца работнікі РМЦ і, перадусім, дырэктар. Прычым гэтая карпатлівая работа займае ў мяне да 50 - 60% рабочага часу штодзень. Таму прапаную разгледзець магчымасць увядзення ў аддзеле культуры стаўкі адміністратара або менеджара па арганізацыі выязных канцэртаў - імпрэсарыа, што будзе папулярызаваць калектывы пэўнай мясцовасці. Вось, дарэчы, і месца працы ў раённых структурах для выпускнікоў-менеджараў сацыякультурнай дзейнасці з Універсітэта культуры і мастацтваў. Такой пасадай, падаецца, там варта замяніць стаўку метадыста.

dubrouna:

У працяг тэмы кадравага забеспячэння: я прапанавала б увесці ў штатны расклад спецыяліста, што валодае графічнымі і візуальнымі камп'ютарнымі рэдактарамі. Для паляпшэння якасці правядзення мерапрыемстваў не заўсёды існуе магчымасць арганізаваць метадыстам і клубным работнікам відэапаказ, слайдшоу, мультымедыя-ролік. Даводзіцца звяртацца па дапамогу да спецыялістаў з іншых арганізацый. Зразумела, метадысты самастойна вывучаюць камп'ютар, але не заўсёды выпуск буклетаў, запіс відэаролікаў, здымкі робяцца якасна і прафесійна. Тое асабліва адчуваецца ў час правядзення міжнародных фестываляў, абласных ды рэспубліканскіх семінараў. І- уплывае на імідж рэгіёнаў...

vаukаvysk:

Наконт сучасных прафесіяналаў- такіх, як менеджар, прадзюсар. Спецыялісты цэнтраў, як правіла, не павінны мець вузкую спецыялізацыю. Менеджар і прадзюсар (пагаджуся з калегам з Жабінкі) патрэбны найперш аддзелу культуры. А вось метадцэнтрам (тут падтрымаю дубровенцаў) не стае праграміста, гукааператара, акампаніятара...

mаgamcnt:

Мае калегі закранулі пытанні матэрыяльна-тэхнічнай базы, камп'ютарнай аснашчанасці метадычных цэнтраў. Лічу, іх няблага можна вырашаць на мясцовым узроўні. Галоўнае, паўтаруся, - канцэптуальнае адзінства нашай службы, яе адпаведнае забеспячэнне.

minskamcnt:

Адзначым, сёння метадцэнтрам не хапае і перыядычнага выдання па праблемах культурна-адпачынкавай дзейнасці і народнай творчасці, тэхнічных магчымасцей выпуску якасных метадычных матэрыялаў.

аdm:

Гаворка - пра выданне спецыялізаванага фармату?

vаukаvysk:

Гаворка сапраўды ідзе аб спецыялізаваным фармаце, які арыентуецца на работу клубнай сферы, методыку ўкаранення новых культурна-адпачынкавых тэхналогій, назапашванне сцэнарнага матэрыялу.

mаgamcnt:

Новы Інстытут культуры Беларусі павінен наталіць шматгадовы профільны "інфармацыйны голад". Канешне ж, дзякуем "Культуры" за мэтанакіраванае асвятленне нашай дзейнасці і папаўненне рэпертуару метадычных цэнтраў.

аdm:

Ужо колькі разоў наша он-лайн-канферэнцыя выходзіла на пытанні, звязаныя з функцыянаваннем Інстытута культуры Беларусі. Якія перспектывы яго дзейнасці сёння найбольш актуальныя для рэгіёнаў?

gomаcnt:

У першую чаргу нам патрэбна навукова-метадычнае і прагнозна-аналітычнае забеспячэнне дзейнасці. Пры стварэнні ўстаноў новага тыпу, развіцці відаў платных паслуг з'яўляецца мноства пытанняў прававога і фінансавага характару. Пажадана, каб у новым Інстытуце быў створаны аддзел інфармацыйна-маркетынгавых паслуг у сферы культуры.

minskamcnt:

Чакаем якаснай сістэмы павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў спецыялістаў устаноў культуры, якая будзе базіравацца на сучаснай тэорыі і практыцы. І першачаргова павышэнне кваліфікацыі патрабуецца для спецыялістаў абласных цэнтраў, паколькі яны з'яўляюцца арганізатарамі вучобы кадраў у рэгіёнах.

mаgamcnt:

Пры гэтым варта ўкараняць як мага больш інтэрактыўных форм, рабіць стаўку на самаадукацыю і пераемнасць. Як кіраўнік абласнога метадычнага цэнтра перакананы: павышэнне кваліфікацыі і памер заробку спецыяліста павінны быць узаемазвязаны.

gomаcnt:

Мінчане закранулі пытанне павышэння кваліфікацыі. Для Гомельшчыны гэта асаблівая тэма. Мы - адзіная вобласць, якая не мае культасветвучылішча, і, разам з тым, у нас склалася няпростая кадравая сітуацыя. Гэта запатрабавала новага ўзроўню інфармацыйнааналітычнай і арганізацыйна-метадычнай дзейнасці, прымусіла абласны цэнтр шукаць новыя падыходы да перападрыхтоўкі кадраў. Мы звярнуліся на кафедру менеджменту сацыякультурнай сферы факультэта культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў з прапановай прыняць удзел у праграме "Інавацыйныя тэхналогіі арганізацыі культурнаадпачынкавай дзейнасці ў рэгіёне", разлічанай на тры гады. У ходзе яе рэалізацыі работнікі абласной і раённых метадычных службаў атрымалі грунтоўны сучасны тэарэтычны базіс па менеджменце, маркетынгу, рэкламе, сучасных тэхналогіях. На наш погляд, мэтазгодна выкарыстоўваць практыку ўдзелу выкладчыкаў з таго ж Інстытута культуры Беларусі ў рэалізацыі абласных праектаў па павышэнні кваліфікацыі.

zhabinka:

Звярну ўвагу, кажучы пра павышэнне кваліфікацыі работнікаў культуры, на неабходнасць вызначэння ліку навучэнцаў на курсах з улікам колькасці клубных устаноў і работнікаў у гэтых установах для кожнага раёна. Інакш можа атрымацца, што ў суседніх раёнах акажуцца поруч дэфіцыт і нястача кваліфікаваных кадраў...

аdm:

Хацелася б пачуць пра згаданыя ўжо неаднойчы новыя культурна-адпачынкавыя тэхналогіі. Што маеце на ўвазе пад вопытна-эксперыментальнымі матэрыяламі? Хто іх павінен крэаціраваць? Па шчырасці, за колькі гадоў камандзіровак мы, можна сказаць, не бачылі сапраўды новых форм работы. Імі называюцца- тэматычныя дыскатэкі, святы вёсак, віншаванні дома, вясельныя "паслугі"... Ці новае - гэта добра забытае старое?

vаukаvysk:

Пад новымі культурна-дасугавымі тэхналогіямі маю на ўвазе ўсю палітру культурна-адпачынкавай дзейнасці. Ёсць і канкрэтны прыклад. У Ваўкавыску для дарослых дзейнічае народны клуб інтэлектуальных гульняў, для моладзі - ваенна-патрыятычны клуб "Школа выжывання"... А наш метадцэнтр ладзіць у кірунку ўкаранення сучасных тэхналогій новыя конкурсы: на лепшую мультымедыйную прэзентацыю працы клуба, лепшы відэаролік сярод аграгарадоцкіх устаноў...

minskamcnt:

Яскравы прыклад правядзення раённага свята "Казкі бабулі Аўдулі" (Любанскі раён), мэтай якога з'яўляецца падтрымка традыцый перадачы вусным шляхам народнай казкі. Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці распрацаваў і ўкараніў праграму "Дыскатэка", якая стала прыкладам для іншых абласцей.

аdm:

Дарэчы, ці можаце прывесці яркі прыклад супрацоўніцтва абласнога і раённага метадычных цэнтраў?

gomаmcnt:

Па выніках Рэспубліканскага аглядуконкурсу абласных метадычных цэнтраў Гомельскі АМЦНТ быў адзначаны як арганізацыя, пад кіраўніцтвам якой найбольш эфектыўна ажыццяўляюцца працэсы мадэрнізацыі сеткі ўстаноў культуры, стварэння інтэграваных варыятыўных мадэлей і тыпаў клубных устаноў з развітай інфраструктурай платных паслуг. Дасягнуць гэтага мы змаглі дзякуючы выкарыстанню шырокага спектра арганізацыйна-метадычных форм працы, уключаючы аналітычна-сацыялагічныя даследаванні, вучобы, тэматычныя агляды і конкурсы клубных устаноў, інфармацыйна-метадычнае забеспячэнне...

mаgamcnt:

Надаём шмат увагі наладжванню інфармацыйнага ўзаемадзення з раённымі метадычнымі службамі- як праз Інтэрнэт, так і непасрэдна ў творчай дзейнасці. Гэта дазваляе надаць рысы індывідуальнасці іміджу РМЦ. Скажам, мы актыўна супрацоўнічаем з метадычнай службай Бялыніцкага раёна, сумесна рэалізуючы праект этнавыхавання дзяцей і падлеткаў "Беларускі ручнік - повязь часоў", з Мсціслаўшчынай ажыццяўляем праект развіцця культурна-пазнаваўчага турызму, з метадыстамі Горацкага раёна развіваем аўтарскія віды аматарскай творчасці як сродку папаўнення рэпертуару калектываў... А з некаторымі службамі звязаны ў рэжыме пакетнага інфармацыйна-метадычнага забеспячэння.

vаukаvysk:

 Безумоўна, неабходна палепшыць зваротную сувязь і кантроль за ўкараненнем на месцах атрыманых ведаў. Шмат чаго цікавага можна атрымаць і ў сістэме павышэння кваліфікацыі, і ў кантактах з калегамі з іншых рэгіёнаў. Мо для кантролю за ведамі на месцах варта наладзіць арганізацыю выездаў на месцы лектараў з курсаў, агляды клубнай дзейнасці, сацыяльных праектаў, мультымедыя-прэзентацый устаноў?

minskamcnt:

А на Міншчыне заслугоўвае ўвагі дзейнасць абласных школ: дырэктараў клубных устаноў аграгарадкоў, дзі-джэяў, вядучых і канферансье, школ майстэрства па розных кірунках традыцыйнай культуры...

dubrouna:

Хацелася б абмеркаваць з калегамі выкананне плана платных паслуг.

zhabinka:

План на 2010-ы ў нашым раёне- 360 мільёнаў рублёў. Цягам папярэдніх пяці гадоў Жабінкаўшчына выконвае яго, і бягучы - не выключэнне: выніку мы дасягнулі цягам дзесяці месяцаў за кошт абменных канцэртаў, паколькі раён - самы маланаселены ў рэспубліцы. Але мы не маем магчымасці палепшыць тую ж матэрыяльную базу, адзначыць лепшых работнікаў. Ці ёсць магчымасць заробленыя звыш плана сродкі пакідаць на рахунку аддзела культуры? А пры фарміраванні планаў хацелася б, каб улічвалася колькасць жыхароў у населеных пунктах раёна і ў рэгіёне наогул. І яшчэ. Павышэнне цэн на дыскатэчныя білеты - 10 - 20 тысяч рублёў у месяц (штомесячны індэкс павышэння 0,6 - 0,8%). У клубе, адпаведна, білет каштуе 930 рублёў, а ў СДК - 1200- 2100. Прапанаваў бы дазволіць аддзелу культуры вызначэнне кошту білетаў на тыя ж дыскатэкі з улікам магчымасцей установы, вызначыўшы "вілку" - "ад" і "да". Пагадзіцеся, у суперсучасным клубе і якасць паслуг на парадак вышэйшая.

dubrouna:

Згодны, што пры дапамозе платных паслуг фарміруецца спецрахунак, з дапамогай якога набываецца неабходнае для працы. Але ж мы пачалі сапраўды забывацца: асноўная дзейнасць метадцэнтраў заключаецца не ў пошуку форм выканання плана платных паслуг (амаль 70% рабочага часу), а ў павышэнні якаснага ўзроўню працы ўстаноў культуры.

gomamcnt:

Увогуле, варта адрэгуляваць саму сістэму аплаты працы метадыстаў. Заробкі іхнія, упэўнена, не павінны быць ніжэйшымі, чым у сельскіх клубных работнікаў.

vаukаvysk:

Дадам: маладыя ініцыятыўныя спецыялісты, на жаль, сёння не разглядаюць метадцэнтры як магчымасць рэалізацыі крэатыўных ідэй. Кіраўнікам даводзіцца шукаць грошы для стымулявання іх працы. Перспектыўныя ж кадры губляць не хочацца...

adm:

На пачатку он-лайн-канферэнцыі Аляксей Гарбацюк з Жабінкі прапанаваў разгледзець магчымасць увядзення ў аддзеле культуры стаўкі адміністратара або менеджара па арганізацыі выязных канцэртаў, што будзе папулярызаваць калектывы пэўнай мясцовасці, прычым не толькі ў Беларусі. А якой бачыцца прэзентацыя нацыянальнай культуры за мяжой? Ці магчымы яе паўнавартасны экспарт з боку метадычных цэнтраў?

vаukаvysk:

Прэзентацыя нацыянальнай культуры за мяжой асабіста мне бачыцца найперш у гастрольнай дзейнасці. Іншым разам стасункі між творцамі з народу змяняюць нават адносіны да іміджа краіны. Так было са мной і з удзельнікамі народнага ансамбля беларускай песні "Медуніца" пасля наведання нашым калектывам Рэспублікі Малдова ўлетку. Зрэшты, я пераканана: неабходна выкарыстоўваць любую магчымасць для прэзентацыі сваёй краіны, калі ты сапраўдны патрыёт. Напрыклад, пад час правядзення штогадовага Кубка "Волака і Вісека" па інтэлектуальных гульнях разам з намі на Кубак мэра Ваўкавыска ў рэжыме он-лайн гуляюць шмат гадоў запар інтэлектуалы малых гарадоў свету з Расіі, Украіны, Арменіі, Малдовы, Літвы, Эстоніі, ЗША, Ізраіля...

minskamcnt:

Таксама хацелася б сказаць пра творчы дыялог культур. У першую чаргу, неабходна паказаць замежнаму гледачу артыстаў, якія прадстаўляюць традыцыйную беларускую культуру. За апошні час калектывы Мінскай вобласці выязджалі ў Швецыю, Расію, Бразілію, Польшчу, Эстонію, Украіну, Літву... Але, мяркуем, пажадана наладзіць абмен не толькі калектывамі, але і майстрамі народнай творчасці, а таксама творчымі работнікамі, выкладчыкамі...

vаukаvysk:

І яшчэ пра культурны экспарт, які неабходна папулярызаваць усімі магчымымі спосабамі. Гэта не толькі выступленні творчых калектываў і ўзаемаабмен, але і крэатыўная рэклама дзейнасці таго або іншага клуба, стварэнне сайтаў - ХХІ стагоддзе на двары! Дарэчы, чаму б не правесці конкурс на лепшы сайт? Ужо казала, што сёлета адкрыла для сябе культуру і людзей Малдовы. А быў яшчэ выпадак у Турцыі. Пасля паведамлення, што перад мясцовымі жыхарамі выступяць беларусы, гаспадары пачалі распавядаць усё, што асацыіруецца ў іх з нашай краінай...

zhabinka:

Хацелася б, каб спраўдзіць усе агучаныя кірункі дзейнасці, павялічыць колькасць выездаў за мяжу, а найперш - сапраўдных гастролей нашых самадзейных творцаў. Спадзяёмся тут не толькі на сілы раёна, але і на падтрымку Міністэрства культуры Беларусі.

adm:

 І яшчэ адна тэма. Наколькі эфектыўна метадцэнтр спрычыняецца да аховы гісторыка-культурнай спадчыны?

vаukаvysk:

Ахова гісторыка-культурнай спадчыны, прызнаюся, - не на першым і нават не на другім месцы ў рабоце РМЦ. Так, наш Цэнтр летась, у Год роднай зямлі, правёў некалькі мерапрыемстваў, якія ўскосна ці непасрэдна датычыліся сферы аховы спадчыны. Аднак планамернай работы ў гэтым кірунку не адбываецца. Таму і эфект- разавы.

gomamcnt:

 Нагадаю, Гомельскі АМЦНТ у 2005 годзе першым у рэспубліцы ініцыяваў наданне статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці праявам нематэрыяльнай творчасці. Справа запатрабавала паглыбленага ведання гістарычнага паходжання і ўнікальнасці захаваных форм традыцыйнай культуры, навуковых падыходаў да фіксацыі і апісання абрадаў і фальклорных адзінак. З гэтай нагоды трэба распрацаваць механізм і парадак узаемадзеяння метадычных службаў з навуковымі коламі па апісанні мясцовай спецыфікі ў арэале рэспублікі, стварэнні прафесійна зробленых відэафільмаў і аўдыязапісаў. Ёсць неабходнасць у правядзенні "круглых сталоў" , навукова-практычных канферэнцый з удзелам навукоўцаў на базе, дзе існуюць аб'екты, што атрымалі статус нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці.

minskamcnt:

Абласны метадычны цэнтр з'яўляецца медыятарам паміж раённымі аддзеламі культуры, якія вылучаюць аб'екты нематэрыяльнай спадчыны на наданне статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці, Міністэрствам культуры і навуковымі куратарамі. З мэтай выяўлення новых унікальных найменняў ладзяцца экспедыцыі навукоўцаў у раёны. Важным з'яўляецца навучанне і правядзенне адукацыйных семінараў, прысвечаных працы з аб'ектамі нематэрыяльнай спадчыны, для спецыялістаў устаноў культуры і метадычных службаў.

mаgamcnt:

Дарэчы, пакетнае інфармацыйнаметадычнае забеспячэнне, пра якое згадваў раней, вельмі эфектыўна паказала сябе ў плане работы па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Цяпер у нашай вобласці зафіксавана чатыры аб'екты, якім нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, рыхтуем дакументы яшчэ на столькі ж. І роля метадычнага цэнтра не толькі ў тым, каб апісаць і аформіць пэўныя дакументы, галоўнае - захаваць аб'ект, стварыць умовы для яго развіцця. І вядома ж, у наш час прэзентацыя нацыянальнай культуры за межамі краіны не магчымая без сучасных інфармацыйных сістэм: неабходна больш актыўна выкарыстоўваць для гэтых мэт Інтэрнэт.

 

■ ■ ■

Да апошняй рэплікі так і карціць дадаць: варта выкарыстоўваць Інтэрнэт не толькі для прэзентацыі нацыянальнай культуры за мяжой, але і культуры свайго рэгіёна на ўзроўні рэспублікі. А яшчэ - для няспынных дзелавых кантактаў з калегамі з усёй Беларусі. Чарговая он-лайн-канферэнцыя ў рамках Інфармацыйнага цэнтра "Культура-інфа" пацвердзіла запатрабаванасць у падобнага кшталту стасунках і, спадзяёмся, прапанавала пэўны вопыт і глебу для роздуму супрацоўнікам абласных і раённых метадычных цэнтраў. Чакаем вашых прапаноў па новых тэмах для інтэрнэт-сустрэч у традыцыйным ужо для "К" фармаце "он-лайн-даверу".

Па он-лайн-канферэнцыі дзяжурылі Яўген РАГІН, Сяргей ТРАФІЛАЎ і Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота Пятра ОВАДА  

 

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах