Пад’ёмны кран апярэдзіў падзеі

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Напрыканцы мінулага тыдня на вежах Барысаглебскай царквы ў Навагрудку былі ўсталяваны тыя самыя завяршэнні, якія аднойчы ўжо спарадзілі бурлівы грамадскі рэзананс — пераважна, надзвычай адмоўны (гл. “К” № 29 за 2010 г.). У тым, што гэтым разам ён будзе не меншы, сумнявацца адразу не выпадала. І сапраўды: паведамленні на інфармацыйных інтэрнэт-парталах імкліва абрасталі дзясяткамі каментарыяў. Як звычайна здараецца ў такіх выпадках, эмоцыі зашкальвалі за ўсе разумныя межы. Навіна з’явілася ў айчыннай медыяпрасторы акурат у выхадныя. Але афіцыйная рэакцыя на яе была вокамгненнай.

/i/content/pi/cult/297/4971/5-1.jpg

Прадухіляць было запозна

 Як толькі пачаўся новы працоўны тыдзень, на факс Навагрудскага райвыканкама прыйшло прадпісанне Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за подпісам намесніка міністра Віктара Кураша. У дакуменце рамонтныя работы былі кваліфікаваны як незаконныя. Адсюль і патрабаванне да мясцовых улад неадкладна іх спыніць і ўзяць сітуацыю пад кантроль, забяспечыўшы выкананне заканадаўства ў сферы аховы спадчыны.

Патэлефанаваўшы ў панядзелак апоўдні начальніку аддзела Аляксандру Карачану, заспеў яго акурат на месцы падзей - ля сцен царквы.

- Да нас ужо прыехала галоўны спецыяліст па ахове спадчыны Гродзенскага абласнога ўпраўлення культуры Алена Клімовіч. Мы зафіксавалі факт парушэння заканадаўства і акурат цяпер займаемся складаннем адпаведнага пратакола, - распавёў ён.

 І сапраўды, факт усталявання завяршэнняў з какошнікамі заставалася толькі адзначыць: прадухіляць гэтыя работы было ўжо запозна. Трапіўшы на наступны дзень на галоўную плошчу Навагрудка, я адразу заўважыў змены ў гарадскім ландшафце.

 - Пра навіны, датычныя Барысаглебскай царквы, я ўжо другі раз даведваюся з Інтэрнэта, - прызнаўся Аляксандр Карачан. - Настаяцель прыхода не паведаміў нам пра свае намеры, таму і ўмяшацца своечасова не было магчымасці. А цяпер мы зноўку апынуліся "скрайнімі".

Начальнік аддзела культуры лічыць, што ёсць сэнс дасылаць копіі рашэнняў, якія прымаюцца Міністэрствам культуры краіны датычна помнікаў спадчыны ў раёне, таксама і на адрас райвыканкама. Бо сёння іх атрымліваюць толькі непасрэдна ўласнікі.

 - Без гэтых дакументаў мы не заўсёды дакладна разумеем, што ж адбываецца нават у нас пад бокам, - дадаў Аляксандр Карачан. - І калі мне сёння тэлефанавалі журналісты і пыталіся, ці быў дазвол на ўсталяванне завяршэнняў, я нават не ведаў, што ім адказаць.

Але, як выявілася, ягонае пажаданне дадзенага выпадку не тычыцца. На той момант, калі ля царквы пачаў завіхацца пад'ёмны кран, ніякіх дакументаў, якія рэгламентавалі б яго дзеянні, не існавала і ў арыгінале, не кажучы пра копіі.

Макаўкі без какошнікаў

 Гэты этап найноўшай гісторыі помніка спадчыны - кароткі, але насычаны падзеямі- пачаўся амаль год таму. Тады прыход царквы атрымаў дазвол Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь "на рамонт асобных элементаў даху".

- Што такое рамонт даху, падрабязна тлумачыць не трэба, - пракаменці/i/content/pi/cult/297/4971/5-2.jpgраваў начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры краіны Ігар Чарняўскі. - Замяніць заржаўлены ліст бляхі на новы - гэта зусім не тое ж самае, што змяніць вяршыні вежаў і, адпаведна, аблічча помніка.

Тым не менш, у чэрвені на царкоўным падворку былі заўважаны гатовыя да ўсталявання завяршэнні вежаў з какошнікамі. Міністэрства культуры накіравала на адрас прыхода прадпісанне ўстрымацца ад правядзення работ да выдачы адмысловага дазволу.

З увагі на значнасць помніка, якому ў Дзяржаўным спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей нададзена І катэгорыя, пытанне было вынесена на разгляд Рэспубліканскай навукова-метадычнай рады. На яе пасяджэннях такая дэталь, як завяршэнні вежаў, абмяркоўвалася ажно двойчы.

 І гэта сімптаматычна: гісторыя Барысаглебскай царквы, якая пачалася яшчэ ў ХІІ стагоддзі, была вельмі пакручастай. У XVI стагоддзі яна займела гатычнае аблічча, у наступным - набыла новы аб'ём і барочныя рысы, а ўжо ў ХІX з'явіўся праект перабудовы храма ў рэтраспектыўна-рускім стылі, які, зрэшты, так і не быў канчаткова ўвасоблены ў жыццё. Наадварот, барабан над асноўным аб'ёмам царквы, урэзаны тады ў гатычныя скляпенні, быў дэманціраваны пад час рэстаўрацыі царквы ўжо ў 1920-я - 1930-я. А завяршэнні з макаўкамі саступілі месца больш старадаўнім шатровым вяршыням ужо ў 1990 годзе. Бачыце, колькі розных піруэтаў!

 - Такі гістарычны лёс досыць звыклы для беларускай архітэктуры, - кажа Ігар Чарняўскі. - Цягам стагоддзяў аблічча многіх яе ўзораў шматразова змянялася. І гэта вызначае наша сённяшняе стаўленне да падобных помнікаў. Кожны перыяд іх гісторыі мае быць адлюстраваны. Але тыя элементы, якія прыўносяцца пры рэстаўрацыі, не павінны выклікаць дысанансу...

Тое, што готыка і барока не надта стасуюцца з рэтраспектыўна-рускім стылем, разумее не толькі прафесіянал. Зрэшты, прыхаджане царквы маюць на гэты конт іншае меркаванне. Намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Алена Ермакова прадэманстравала мне дзве тысячы подпісаў пад скіраваным да мясцовых улад зваротам аднавіць храм у яго "праваслаўным абліччы".

Пра пазалочаныя макаўкі і какошнікі ў дакуменце не згадваецца, але зразумела, што менавіта яны ўспрымаюцца аўтарамі звароту як неад'емны атрыбут праваслаўнага храма. Хаця... Гетман Канстанцін Астрожскі, знакаміты абаронца праваслаўнай веры ў Вялікім Княстве Літоўскім, якраз і выступіў фундатарам перабудовы Барысаглебскай царквы ў гатычным стылі.

Зрэшты, спрачацца аб розных інтэрпрэтацыях культурных традыцый і, урэшце, элементарных густах можна да бясконцасці, і наўрад ці ў тых спрэчках народзіцца ісціна. Каб перадухіліць такую палеміку, беларуская дзяржава і стварыла кампетэнтны орган, прызначаны расстаўляць у падобных пытаннях усе кропкі над "і", - Рэспубліканскую навукова-метадычную раду.

 3-га лістапада рашэнне адносна вежаў Барысаглебскай царквы было прынята.

Аляксандр Карачан не шкадуе часу на тое, каб асабіста наведваць тыя пасяджэнні Навукова-метадычнай рады, дзе абмяркоўваецца рэстаўрацыя помнікаў Навагрудчыны. Гэтым разам атрымаўся прыкры збег абставін: яны з настаяцелем царквы айцом Мікалаем Орсам трохі спазніліся...

- Навуковы кіраўнік праекта Генадзь Лаўрэцкі сказаў нам, што яго праектнае рашэнне зацверджана, - адзначыў Аляксандр Карачан. - Але ўсіх акалічнасцей я тады так і не даведаўся...

 Ігар Чарняўскі акрэсліў рашэнне Рады як кампраміснае, зазначыўшы, што ў значнай меры на яго паўплывала менавіта пазіцыя прыхаджан. На думку начальніка ўпраўлення, невялічкія цыбулепадобныя элементы па-над шатровымі завяршэннямі вежаў маюць падкрэсліваць функцыянальнае прызначэнне помніка архітэктуры. З навукова-метадычнага пункта гледжання, гэты кампраміс стаў магчымым з той прычыны, што дакладных дакументальных даных, датычных вяршыняў вежаў да перабудовы храма ў ХІХ стагоддзі, ва ўсялякім выпадку, не захавалася.

У той самы час, ад прапанаваных у праекце навуковага кіраўніка аб'екта Генадзя Лаўрэцкага какошнікаў было вырашана адмовіцца: члены Рады прыйшлі да высновы, што гэты элемент кепска пасуе сённяшняму архітэктурнаму абліччу царквы, прыўносячы дадатковую эклектыку.

- Пра ўсталяванне какошнікаў можна было б казаць толькі ў выпадку ажыццяўлення праекта поўнай перабудовы царквы ў рэтраспектыўна-рускім стылі, - лічыць Ігар Чарняўскі. - Зразумела, што сёння пра гэта нават гаворкі не вядзецца.

Але какошнікі, якія, нагадаем, ужо былі ўвасоблены ў матэрыяле ці не з паўгода таму, а потым і ўсталяваны на вежах, - гэта толькі адзін "праблемаўтваральны" кампанент дадзенай гісторыі.

Зразумела, што сам факт прыняцця рашэння Навукова-метадычнай радай не азначае "зялёнага святла" на правядзенне работ. Беларускае заканадаўства прадугледжвае канкрэтны алгарытм дзеянняў у дадзеным выпадку. Наступная стадыя - узгадненне праектнай дакументацыі і атрыманне ўласнікам дазволу Міністэрства культуры. І толькі потым можна замаўляць пад'ёмны кран або іншую будаўнічую тэхніку.

Назваць гэты механізм "забюракратызаваным" язык, напэўна, не павернецца ні ў кога: у справе аховы спадчыны прымаўка "Сем разоў адмер- адзін адрэж" актуальная, як мала ў якіх іншых сферах жыцця.

Аднак усталяванне завяршэнняў пачалося ў той час, калі нават афіцыйны пратакол пасяджэння Рады яшчэ не быў падпісаны. Навуковы кіраўнік рэстаўрацыі Барысаглебскай царквы Генадзь Лаўрэцкі так патлумачыў гэтае рашэнне:

 - Сапраўды, пад час пасяджэння Навукова-метадычнай рады мой праект быў перагледжаны, і нам параілі адмовіцца ад какошнікаў,- пагадзіўся ён. - Але паколькі яны былі ўжо зроблены, а стан вежаў можна ахарактарызаваць як аварыйны, вырашылі часова ўсталяваць тое, што ёсць. Падкрэслю: толькі часова, каб у новым будаўнічым сезоне ўсё перарабіць наноў, увасобіўшы рашэнні Рады і атрымаўшы неабходны паводле заканадаўства дазвол.

У тым, што стан царквы і сапраўды патрабуе "медыцынскага ўмяшальніцтва", сумнявацца не выпадае. Клопат пра яе напярэдадні зімы таксама зразумелы. З іншага боку, як адзначыў Ігар Чарняўскі, усталяванне канструкцый завяршэнняў мала нагадвае першачарговыя супрацьаварыйныя меры. Ды і методыка выканання работ, мяркуючы па ўсім, была ў спешцы парушана. Таму перарабляць, мабыць, давядзецца ў любым выпадку.

- Прадпісанне, накіраванае нашым міністэрствам у чэрвені, да сённяшняга дня застаецца ў сіле, - адзначыў Ігар Чарняўскі. - Афіцыйных дакументаў, якія б яго адмянялі, пакуль што няма. Таму ўсталяванне завяршэнняў належыць трактаваць як незаконнае.

 Непаразуменні праз залішнюю дбайнасць

Зразумела, апошнюю кропку ў гэтай гісторыі ставіць пакуль зарана. А вось яе прамежкавы фінал наўрад ці быў шчаслівым для каго-кольвечы з "дзейных асоб".

Як адзначыла намеснік старшыні Навагрудскага райвыканкама Алена Ермакова, уласнік помніка спадчыны, хутчэй за ўсё, будзе прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасці, прадугледжанай беларускім заканадаўствам. Другі пункт пратакола вымагае няўхільнага выканання рашэння Навукова-метадычнай рады.

Можна не сумнявацца ў тым, што адгэтуль усе будаўнічыя работы ў Барысаглебскай царкве будуць пад самым пільным кантролем з боку мясцовых улад. Праўда, раней за вясну яны не пачнуцца. І гэта тлумачыцца проста здаровым сэнсам: пакідаць помнік спадчыны без даху хаця б на непрацяглы перыяд у халодную пару небяспечна.

- Настаяцель прыходу папрасіў мясцовыя ўлады аб пэўнай "адтэрміноўцы", і ў дадзеным выпадку яна сапраўды неабходная, - кажа Алена Ермакова.

Да таго ж, у райвыканкаме па-ранейшаму дакладна не ведаюць, чым канкрэтна адрозніваецца той варыянт, які ўхваліла Навукова-метадычная рада, ад завяршэнняў, што былі ўсталяваны.

- Мы спадзяёмся на больш цеснае супрацоўніцтва з навуковым кіраўніком рэстаўрацыі, - кажа Алена Ермакова, - бо самім разабрацца ў яе метадалогіі нам, па шчырасці, няпроста. Спецыялістаў, якія маглі б узяць на сябе адказнасць за нейкія прынцыповыя рашэнні, у райвыканкаме няма.

Карэспандэнт "К" заспеў Алену Яўгенаўну за грунтоўным штудзіраваннем матэрыялаў па гісторыі царквы - з улікам усіх пакручастых перыпетый яе лёсу. Без сумневу, у яе - як, зрэшты, і ў іншых супрацоўнікаў райвыканкама - нямала і іншых клопатаў. Але многія запланаваныя справы давялося адкласці дзеля гэтага прыкрага выпадку, які здатны істотна "адкарэкціраваць" імідж раёна не ў лепшы бок.

 Ды і на ўсю краіну разгарэліся сапраўдныя жарсці. І, бадай, самае парадаксальнае: у дадзеным выпадку парушэнне заканадаўства ніяк не абумоўлена нядбайнасцю ўласніка, хутчэй - зусім наадварот.

Няма сумневу ў тым, што ўнёсак абедзвюх найбуйнейшых на Беларусі канфесій у справу аховы спадчыны цяжка пераацаніць. Прычым адрэстаўраваныя і дагледжаныя цэрквы ды касцёлы не толькі цешаць вока турыстаў - яны працягваюць выконваюць сваю першапачатковую місію, злучаючы нябеснае з зямным і з'яўляючыся "аазісамі духоўнасці" ў сваім краі.

Але пад час нядаўняга пасяджэння калегіі Міністэрства культуры краіны быў агучаны шэраг фактаў парушэння заканадаўства ў сферы аховы помнікаў прадстаўнікамі абедзвюх канфесій, перадусім- з прычыны яго няведання. Адпаведна, выпадак у Навагрудку - зусім не адзінкавы. І гэта сведчыць пра неабходнасць комплекснага вырашэння праблемы: праз наладжванне больш цеснага супрацоўніцтва з царкоўнымі іерархамі і разнастайныя сумесныя адукацыйныя праекты.

 Балазе ўзніклыя непаразуменні наўрад ці выпадае называць глабальнымі і непераадольнымі.

наш спецыяльны карэспандэнт

Мінск - Навагрудак - Мінск