Прыярытэты і аўтарытэты ў тэмпарытме адраджэння

№ 16 (782) 21.04.2007 - 27.04.2007 г

Досвед — уменне выкарыстаць веды з максімальнай эфектыўнасцю. Гэта сістэма падыходаў да выканання службовага абавязку з улікам аўтэнтыкі рэгіёна, культуры, ментальнасці, традыцый, фальклору. Генеральныя кірункі дзейнасці ў кожнага аддзела культуры Беларусі, бадай, аднолькавыя — праца з людзьмі, вучоба кадраў, захаванне духоўнай спадчыны, умацаванне матэрыяльнай базы, — ды толькі падыходы розныя. Начальнік аддзела культуры Глыбоцкага райвыканкама Марыя ПАЛЯК свой досвед карпатліва назапашвала на працягу больш чым дваццаці гадоў. А пра эфектыўнасць падыходаў да развіцця сферы культуры больш чым красамоўна сведчыць той факт, што мясцовы аддзел культуры першым, не толькі на Віцебшчыне, але і ў Беларусі, адкрыў навукова-метадычны цэнтр (як самастойную ўстанову культуры), Дом рамёстваў, арганізаваў дзейнасць гаспадарчай групы як аддзелаўскай структуры, больш 5 новых тыпаў устаноў культуры. Быць першай Марыя Канстанцінаўна не баіцца, хаця і цудоўна разумее, што клопат гэты — не з вясёлых, пазіцыю сваю “Калі дбаеш пра людзей, дык працаваць трэба па-людску” ўмее адстойваць на любым узроўні, а ўсе стасункі будуе па прынцыпе “Хто не хоча вучыцца, той для мяне нецікавы”. У Глыбоцкім раёне, які прызнаны Геаграфічным таварыствам самым што ні ёсць цэнтрам Еўропы, такія метады самарэалізацыі ўспрымаюцца як належнае. Маўляў, у цэнтры цывілізацыі хіба можна інакш?

Вытворчы партрэт начальніка аддзела культуры на фоне аграгарадскіх пейзажаў 

Жыллё і вучоба як доказ кампетэнтнасці 

У 1984 годзе Марыя Паляк прыйшла на пасаду загадчыка аддзела культуры, маючы неблагі адміністратарскі досвед.
 /i/content/pi/cult/122/497/Kultasvet.jpg

Біёлаг па адукацыі, яна дырэктарствавала ў школе вёскі Чарневічы. Не толькі за навучальным працэсам сачыла, але і цяпліцы завяла, ружы разводзіла, зразумела, што рамонт і будаўніцтва — непазбежная ношка любога неабыякавага гаспадарніка. Навучылася кіраваць і гэтым.
Першы досвед кіраўніцкай кампетэнтнасці цягам часу прынёс плён. За першыя 15 гадоў працы на пасадзе начальніка аддзела культуры М.Паляк здолела арганізаваць будаўніцтва 14 кватэр для работнікаў культуры ў Глыбокім і пасёлку Падсвілле. Рэалізаваўся яшчэ адзін яе жыццёвы прынцып: “Важна не толькі тое, як працуе падначалены, але і чым ды ў якіх ўмовах жыве”.
— А што непрыемна ўразіла, Марыя Канстанцінаўна, калі пачалі кіраваць культурай раёна?
— Вельмі нізкая матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў, недастаткова адпрацаваная сістэма кіравання і кадравага забеспячэння.
— І з чаго прыйшлося пачынаць?
— З арганізацыі метадычнага цэнтра, бо штатны метадыст на той час забяспечваў толькі патрэбы ГДК: вясковыя клубныя кіраўнікі ў райцэнтры ніякай дапамогі не атрымлівалі. Не было ніякага метадазабеспячэння сельскай культуры, нават са сцэнарыямі мерапрыемстваў праблемы велізарныя былі... З 1986-га пачаў дзейнічаць метадычны цэнтр. Усведамляла цудоўна, што дзесяцідзённая абласная падрыхтоўка кадраў раз у некалькі гадоў — не надта глыбокая кваліфікацыйная падвышка. Выпрацавалі сваю адмысловую сістэму навучання — штоквартальную. Выязныя семінары, школы перадавога досведу, стварэнне кадравага рэзерву пад дахам клуба “Асоба” пакрысе зрушылі справу з мёртвага пункта. Цяпер з 258 спецыялістаў раёна 216 маюць вышэйшую і сярэднеспецыяльную адукацыю, 24 — вучацца завочна, з іх 17 — у ВНУ, на стацыянары — 35… А цэнтр цяпер называецца “арганізацыйна-метадычным”. І не пяць метадыстаў, як напачатку было, а дзевяць адказваюць за пэўны кірунак дзейнасці: развіццё фальклорных, аматарскіх аб’яднаняў, харавых, харэаграфічных і драматычных калектываў. Дырэктар цэнтра Аліна Юргель адказвае за культасветработу: арганізацыю планавання, метады працы з насельніцтвам, за распрацоўкі мерапрыемстваў… Кожны з метадыстаў не толькі тэорыяй займаецца, але і практыкай: кіруе самадзейным мастацкім калектывам. Як да прыкладу, адна з першых спецыялістак цэнтра Наталля Нікіфаровіч, колішняя загадчыца Вярхнянскага СДК, якая з’яўляецца, да ўсяго, і мастацкім кіраўніком народнага тэатра фальклору “Цярэшка”… Калегі і з горада, і з вёсак ужо добра ведаюць той нескладаны крытэрый, па якім я ацэньваю іх шчыраванне: “Калі на мерапрыемстве ў клубе мала людзей, дык ці кваліфікацыі культасветработніку не стае, ці форму працы ён абраў не тую. Трэцяга няма!” Метадысты на вёску выязджаюць не пабочнымі назіральнікамі. Кожны з іх па выніках камандзіроўкі рыхтуе справаздачу з абавязковымі заўвагамі і рэкамендацыямі, якія неадкладна разглядаюцца на саветах аддзела культуры.

У раёне — тры аграгарадкі: “Ломашы”, “Марцабыліна” і самы першы, 2005-га года, — “Азярцы”. Па дарозе ў Азярцы, вядомыя з XVI стагоддзя і знакамітыя захаванай сядзібай Зігмунда Аскеркі, Марыя Канстанцінаўна працягвае выкладаць асабісты погляд на праблемы нашай культуры.
Маўляў, раней задача была данесці да душы чалавека і песню, і веды, а цяпер усё ўскладнілася неймаверна: і нашы векавыя духоўныя пастулаты захаваць, і дапамагчы з мора інфармацыі выбраць тое, што скіравана не на разбурэнне, а на ачышчэнне душы, — клопат грамадзянскі, і памылкі тут каштуюць ох як дорага. У ацэнцы маладых спецыялістаў М.Паляк стрыманая, авансаў не раздае: узгадваючы нейкага маладзёна, якога ўзяла нядаўна ў вясковы клуб (прозвішча не называе — рана пакуль!), паведамляе, што жаданне працаваць у хлопца ёсць, ён усё хоча ведаць, часта за парадамі прыязджае, а гэта найпершы паказчык, што душа неабыякавая, але, маўляў, пабачым, што далей будзе…
Над кожным з аграгарадкоў, у тым ліку і над “Азярцамі”, 13 народных і ўзорных самадзейных калектываў раёна ўзялі шэфства. Тут ужо выступілі камерны хор ГДК, тэатр фальклору “Цярэшка”, ансамбль Падсвільскага Дома культуры і Глыбоцкай дзіцячай школы мастацтваў. У Культурна-спартыўным цэнтры вёскі рэгулярна ладзяцца выстаўкі раённага Дома рамёстваў і народнага клуба “Крыніца”, які ўжо адсвяткаваў 20-годдзе. У “Азярцах” актыўна дзейнічае і філіял абласной філармоніі.
 /i/content/pi/cult/122/497/Kultasvet1.jpg
У Азярэцкай бібліятэцы — музеі этнаграфіі (адзін з будынкаў маёнтка Аскеркі)
сёння, як кажуць, завозна: сярод чытачоў дзевяцікласнікі Лёша Дайлідзёнак і Алеся Кучынская, якія толькі што вярнуліся з фальклорнай экспедыцыі. У вёсцы Мамаі, на радзіме бібліятэкаркі Таццяны Мышкоўскай, яны ў ліку іншых актывістаў краязнаўчага клуба “Спадчына” збіралі тамтэйшыя прыказкі, прымаўкі ды паданні. Пра тое, да прыкладу, як здарожыўся тут калісьці хан Мамай, уражаны хараством тутэйшых краявідаў. Але не толькі легенды збіраюць няўрымслівыя шкаляры. У асобным пакойчыку бібліятэкі (рэканструкцыю рабіла гаспадарчая група аддзела культуры) — музей, дзе ўся этнаграфія Азярэцкага краю — навідавоку. І валак з качалкай (1884 года!), што прас нашым продкам замянялі, і люлька ўзростам у стагоддзе, і ложак, і маляванкі на тканіне пад Язэпа Драздовіча, што, як вядома, родам з Глыбоччыны, і кросны, і адмысловы куфар… Лёша вельмі грунтоўна распавядае пра важнасць штогадовых этнаграфічных экспедыцый, паведамляе, што ён не толькі ўдзельнік бібліятэчна-музейнага клуба “Спадчына”, але і на гітары ў музычным гуртку мясцовага культурна-спартыўнага цэнтра іграе і разьбой па дрэве займаецца пад кіраўніцтвам новага дырэктара КСЦ Віктара Казлоўскага — пастаяннага ўдзельніка “Горада майстроў” на “Славянскім базары ў Віцебску”.
Бібліятэкарка Таццяна Мышкоўская на пасадзе аж з 1969 года. Чалавек на сваім месцы. Сведчанне таму — не толькі выкананне плана па платных паслугах (у бібліятэцы ёсць камерцыйны фонд), але і тое, што на базе гэтай установы пастаянна праводзяцца раённыя семінары, на якіх вясковыя бібліятэкары Глыбоччыны вучацца і з чытачом дзейсна
 /i/content/pi/cult/122/497/Kultasvet4.jpg
працаваць, і краязнаўчую
работу як мае быць арганізоўваць, і з планам спраўляцца. Дарэчы, квартальны план па аказанні платных паслуг у супаставімых цэнах у раёне выкананы. У 76 установах культуры і мастацтва — 37 відаў паслуг, у бліжэйшай перспектыве — 8 новых (маладзёжная вечарынка ў ДК, вечар займальнага адпачынку, камп’ютэрныя паслугі..).
У адным будынку з бібліятэкай-музеем — дзіцячая музычная школа. Працуе17 гадоў. Старшы выкладчык Святлана Рачыцкая распавядае, што іграць на акардэоне, баяне і фартэпіяна вучацца 25 вясковых дзетак, што аддзел культуры для іх нядаўна прыдбаў шыкоўны акардэон…Дзейнасць нядаўняга дырэктара культурна-спартыўнага цэнтра Віктара Казлоўскага начальнік аддзела культуры ацэньвае таксама стрымана: “Знешні выгляд памяшкання змяніўся да лепшага, але працы наперадзе — процьма.” КСЦ— спадчына савецкага часу. Вялізны гмах, дзе і спартыўная, і трэнажорныя залы, і памяшканні для гурткоў (дзейнічае 14 клубных фарміраванняў). Работа актыўна вядзецца па самых розных кірунках. План па паслугах (выязныя абменныя канцэрты, тэніс, більярд, дыскатэка...) КСЦ выканаў за студзень на 130 працэнтаў. Не дзіва, бо Казлоўскі — колішні выпускнік Інстытута культуры, спецыяліст у арганізацыі і методыцы культасветработы. У зоне абслугоўвання КСЦ 29 вёсак, нават самыя аддаленыя ўвагай не абдзелены. І кантакты з мясцовай племгаспадаркай тут самыя шчыльныя. Галоўветурач Андрэй Сямчонак, сакратар пярвічкі БРСМ, разам з Казлоўскім збіраюцца ў вёсцы Азярцы ледзь не культурную рэвалюцыю зрабіць… Адна бяда: будынак КСЦ вялікі — за камуналку разлічыцца — праблема. Але Паляк і тут пэўнае выйсце паспрабавала знайсці. Па ўстановах культуры раёна ўзбудавана ці рэканструявана 19 кацельняў (зноў жа з дапамогай гаспадарчай групы). Кацельня КСЦ, да прыкладу, эканоміць у год да 70 мільёнаў рублёў (у параўнанні з кацельняй камунальнай). 

Талент гаспадарання 

Сфера культуры вучыцца гаспадарлівасці. У самадастатковасці, эканамічнай самастойнасці — гарантыя выжывання. Рамантаваць і будаваць гаспадарчым спосабам і эканоміць пры гэтым кожны дзяржаўны рубель Паляк навучылася яшчэ на пасадзе дырэктара вясковай школы. А для кіраўніка раённага ўзроўню гэты талент — як уменне пераконваць не пустым словам, а канкрэтнай справай. Так і з’явілася на Глыбоччыне ў 1985 годзе першая ў рэспубліцы гаспадарчая група ў структуры аддзела культуры.
— З чаго, Марыя Канстанцінаўна, усё пачыналася?
— Быў на той час толькі намеснік дырэктара ЦБС па гаспадарчых пытаннях. Смех дый годзе — што адзін чалавек можа зрабіць па паляпшэнні матэрыяльнай базы?! А мне патрэбна была дзейсная апора: машынны парк плюс будаўнікі. Узначаліла групу гаспадарчага абслугоўвання Таццяна Голуб — адказная, старанная, акуратная. Спачатку чатыры будаўнікі было, цяпер сем ды два вадзіцеля і чатыры машыны. Потым інжынеры па будаўніцтве і тэхніцы бяспекі з’явіліся, кладаўшчык.
— І які плён?
— Усе бягучыя рамонты ва ўстановах культуры выконвае наша група. Пад яе ўвагай і аграгарадкі: 40 працэнтаў працы — гэта плён аддзелаўскіх будаўнікоў і мясцовых работнікаў культуры… Дарэчы, і тыя 14 кватэр для нашых супрацоўнікаў — таксама на рахунку групы…Усе будаўнікі на сёння — універсалы, авалодалі сумежнымі спецыяльнасцямі, здольныя і сцены ўзвесці, і плітку пакласці, і з сантэхнікай разабрацца. 

Аграгарадок “Ломашы” Вёска Ломашы стала аграгарадком летась. Тут былі капітальна адрамантаваны Цэнтр культуры, бібліятэка, музычная школа. Выдаткавана на гэта больш за 300 мільёнаў рублёў з мясцовага бюджэту.
Пазіраючы на бібліятэчны будынак, Марыя Канстанцінаўна канстатуе з прытоеным задавальненнем: “Установа ХХІ стагоддзя!” Сапраўды, пасля грунтоўнай рэканструкцыі ў двух памяшканнях, злучаных аркадай, — усё аптымальна, функцыянальна і, самае галоўнае, утульна як у роднай хаце. Па ўсім відаць, гэта дзецішча М.Паляк — адно з любімых. І сцены тут — “намоленыя” шчыраваннямі мясцовых асветнікаў. І не можам мы тут не заўважыць (самі на сабе адчулі), што ўсе, хто трапляе ў “поле прыцягнення”, на першы погляд, суровай і катэгарычнай на словы і справы Паляк, жыць і дзейнічаць пачынаюць у нейкім паскораным рытме, дзе дзень — за два, дзе і аддача ад працы двайная, гэткія ж і патрабаванні падвойныя. Чарговы прынцып “Рабі, як я!” не пакідае месца для нерашучасці, а тым больш, для абыякавасці. “Выхаванне заканчваецца там, дзе з’яўляецца крывадушша, — не стамляецца даводзіць калегам Марыя Канстанцінаўна. — Мы дзяржаўныя людзі, з нас іншыя павінны прыклад браць! А з бездухоўнасцю толькі тыя могуць змагацца, у каго сумленне чыстае!”У “Ломашах” прапагандысты культуры — як адна сям’я, дзе ні спрэчак, ні рознагалосся, адно толькі супольная творчая праца. І
 /i/content/pi/cult/122/497/Kultasvet3.jpg
імкнуцца вяскоўцы ў Цэнтр культуры, як
у бацькоўскі дом. У клубе “Іван ды Мар’я” і сямейныя святы адзначаюць, і праблемы надзённыя імкнуцца вырашыць усім вясковым светам. Значыць, і кваліфікацыя ў работнікаў мясцовых ёсць, і форму працы абіраюць тую, якая патрэбна. Часлава Ваяводка кіруе Цэнтрам культуры больш за трыццаць гадоў. Мастацкі кіраўнік Аляксандр Зубрыцкі і спявак таленавіты, і акардэаніст адметны. Спецыяліст ад Бога і бібліятэкар Галіна Базылёк. Ніколі не страціць людскі давер і старшы выкладчык дзіцячай музычнай школы Алена Батура. А ўсе разам — ядро інтэлігенцыі (непадманнай, асветніцкай) аграгарадка “Ломашы”. Калі хто з чытачоў засумняваецца, недавер абвергнем толькі адным, але яркім прыкладам: летась, калі ломашаўскім работнікам культуры давялося рыхтавацца да здачы аграгарадка (на будаўнічых работах поруч з будаўнікамі і рабочымі гаспадарчай групы завіхаліся), ні адна з устаноў сваёй дзейнасці не спыняла. Падвойны рытм жыцця, падвойнае жаданне апраўдаць давер вяскоўцаў. Як сумяшчалі духоўнае з фізічным — перадаць немагчыма. Напэўна, толькі аднадумцы на гэта і здольныя.
 

Вандроўка ў цэнтр Еўропы

Першага верасня 2006 года адбылося ўрачыстае адкрыццё культурнага гісторыка-турыстычнага цэнтра ў вёсцы Івесь. 
На рамонт затрачана больш за 170 мільёнаў рублёў, на набыццё абсталявання, пры непасрэдным удзеле старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзіміра Андрэйчанкі, — 30 мільёнаў. І не дарэмна, бо мясціны вакол возера Шо (побач, па падліках нашых навукоўцаў, і знаходзіцца цэнтр Еўропы) — унікальныя і прывабныя нават для самых разбэшчаных замежных вандроўнікаў. Тут і рэшткі колішніх старажытных маёнткаў, і мясціны баявой славы трох партызанскіх атрадаў Глыбоччыны, і непаўторныя краявіды. Добраўпарадкаванне тэрыторыі з улікам апошніх патрабаванняў агратурызму — у бліжэйшай перспектыве. А вось гісторыка-турыстычны цэнтр у вёсцы Івесь ужо дзейнічае і прымае на адпачынак дзятву Глыбоччыны і Віцебшчыны. У шыкоўным будынку — бібліятэка, спальныя нумары, більярдны пакой, музычная апаратура, камп’ютэры. Словам, усё так, як і павінна быць у цэнтры Еўропы.
  

Нялёгкая справа — стаць асобай

Шчыра кажучы пра рэзерв кадраў чуць давялося толькі ў аддзеле культуры Глыбоцкага райвыканкама. Ды яшчэ ў гэткім еўрапейскім клубным варыянце пад назвай “Асоба”.
Існуе гэтае фармаванне тры гады. Сорак маладых і перспектыўных спецыялістаў, патэнцыяльных кіраўнікоў у сферы культуры збіраюцца штомесяц.
У аснове ўзаемастасункаў — дыскусія. “Дырыжор” — Марыя Паляк. “Аркестроўка” — сумесны плён. У выніку — усведамленне неймавернай уласнай адказнасці за кожнае слова і ўчынак, без якой, па меркаванні начальніка аддзела культуры, нельга ўявіць кіраўніка любога ўзроўню.
— Якія праблемы, Марыя Канстанцінаўна, абмяркоўваюцца ў клубе “Асоба”?
— У пазамінулым годзе, да прыкладу, упор рабілі на веданне заканадаўства, на ўменне правільна ім карыстацца ў штодзённай вытворчай дзейнасці.Без прававой культуры, пагадзіцеся, няма грамадзяніна. А работнікі нашай сферы павінны быць універсаламі. Абмяжоўвацца толькі творчасцю крайне недастаткова. І псіхолагамі мы павінны быць, і правазнаўцамі, і дыпламатамі, і аналітыкамі-сацыёлагамі… І гэта не проста дыскусіі, а ролевыя гульні, практычныя заняткі, да якіх кожны з сарака ўдзельнікаў клуба грунтоўна рыхтуецца на працягу месяца. Ладзім сумесныя экскурсіі, былі ў Полацку, напрыклад, сумесна праглядаем і потым абмяркоўваем дакументальныя стужкі з конкурснай праграмы Міжнароднага кінафестывалю “Magnificat”, што ладзіцца перыядычна ў Глыбокім… Сёлета распачалі грунтоўна вывучаць структуру палітычнага складніка нашай дзяржавы.Але на дыскус пастаянна выносяцца і іншыя надзённыя пытанні, кшталту арганізацыі агратурызму ва ўмовах раёна ці праблем захавання гісторыка-культурных помнікаў, захавання нашай духоўнай спадчыны. Маладыя людзі вучацца думаць, аналізаваць, разумець, параўноўваць, бачыць перспектывы, адкідваць другараднае, акцэнтаваць увагу на галоўным, усведамляць, на якой славутай зямлі яны жывуць і працуюць… Толькі так і становяцца асобамі. 

* * *
Намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Валянціна Сямчонак (дарэчы, маці няўрымслівага галоўветурача Андрэя з аграгарадка “Азярцы”), з цікаўнасцю выслухаўшы нашы “цэнтраеўрапейскія” ўражанні наконт развіцця культуры ў раёне і галоўнага яго ініцыятара Марыі Паляк, не без задавальнення зазначыла: “Марыя Канстанцінаўна — заўжды ў дынаміцы, заўжды апярэджвае час!”. Гэтай жа думкі прытрымліваецца і старшыня мясцовага райвыканкама Міхаіл Кандзерскі, які падтрымлівае аддзел культуры ва ўсіх пачынаннях.І ўсю дарогу дахаты мы зацята спрачаліся, у чым яшчэ “вечны рухавік” Марыя Паляк здолее стаць першай. 

Андрэй СТАРЖЫНСКІ,
Юрый ІВАНОЎ (фота),
нашы спецкарэспандэнты
Мінск — Глыбокае — Азярцы —
Ломашы — Івесь — Мінск