Расійскую сталіцу наведала творчая група ў складзе галоўнага рэдактара кінастудыі "Беларусьфільм" Наталлі Сцяжко, старшыні Беларускага саюза кінематаграфістаў Віктара Васільева, кінарэжысёраў Аляксандра Колбышава і Андрэя Кудзіненкі.
Прэзентацыя айчынных стужак адбывалася ў маскоўскім Доме кіно. Былі прадэманстраваны мастацкія, дакументальныя і анімацыйныя фільмы, створаныя ў апошнія гады. Адкрылася праграма 15 лістапада паказам сумеснай беларуска-расійскай стужкі "Брэсцкая крэпасць". Наступным днём гледачы пабачылі анімацыйны фільм "Жылабыла апошняя мушка", дакументальны- "Мама прыйдзе!" і нядаўнюю беларускую прэм'еру "Масакра". 17 лістапада маскоўскія кінааматары глядзелі дакументальную стужку "Мінск вячэрні. Уражанне" і мастацкую- "Дасціш фантасціш". Закрыліся Дні беларускага кіно паказам анімацыі "Было лета", дакументальнай карцінай "Полацк" і мастацкай - "Ваўкі".
"Расіяне сустрэлі нашы стужкі вельмі цёпла і з цікавасцю. Беларускія творцы пагутарылі з гледачамі аб праблемах кіно, сумеснай кінавытворчасці", - пра гэта паведаміў карэспандэнту "К" галоўны спецыяліст Дэпартамента па кінематаграфіі Міністэрства культуры нашай краіны Пётр Яхніс.
Таксама ў рамках Года культуры Беларусі 25 лістапада ў Яраслаўлі адкрываецца дакументальна-мастацкая выстаўка "Геній зямлі беларускай". Яе падрыхтавалі супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску і прымеркавалі спецыяльна да дня нараджэння паэта - 9 снежня. Выстаўка ў Музеі гісторыі Яраслаўля будзе распавядаць пра класіка да 31 студзеня 2011 года.
С.Ю.