Арт-аб’екты з… лірыкай

№ 47 (967) 19.11.2010 - 19.11.2010 г

Сучаснае мастацтва творчай моладзі краіны ў рамках Рэспубліканскай акцыі “Зямля пад белымі крыламі” прапаноўваюць дзве сталічныя пляцоўкі: Музей сучаснага выяўленчага мастацтва і галерэя “Універсітэт культуры”.

/i/content/pi/cult/297/4964/3-1`.jpg

Відэа, гук, праекцыя, прасторавая інсталяцыя - гэта тое, над чым працавалі мастакі праекта "Зямля пад белымі крыламі. Унутраныя ландшафты" ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Алена Атрашкевіч і Дзяніс Барсукоў прадставілі аб'екты са шкла, фатографы Сяргей Ждановіч і Ігар Саўчанка паказалі прасторавыя інсталяцыі, група ў складзе Паўла Вайніцкага, Сяргея Завіжэнца і Дар'і Іваноўскай прадэманстравала адметны падыход да візуальнага мастацтва.

Па словах куратара праекта Паўла Вайніцкага, карані гэтай творчасці - у канцэптуалізме, яна нясе нейкае пасланне гледачам, аднак у работах - шмат рамантызму, лірычных нот. Удзельнікі выстаўкі заклікаюць гледачоў дадумваць сэнс кожнага экспаната і праекта, што тут дэманструюцца. "Спадзяёмся, экспазіцыя будзе каталізатарам і зыходным пунктам вандроўкі..."- зазначыў куратар праекта.

"Трансфармацыя. ДПМ-2010" ва "Універсітэце культуры" дае магчымасць назіраць змяненне ролі дэкаратыўнапрыкладнога мастацтва ў новай гарадской прасторы. Пры стварэнні работ маладыя выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў карыстаюцца як традыцыйнымі тэхнікамі (напрыклад, пляценне з саломкі), так і новымі (камп'ютарная графіка).

Таксама ў экспазіцыі можна пабачыць творы Максіма Калтыгіна, Вольгі Мешчарыковай, Ганны Сілівончык, Дзяніса Барсукова ды іншых. А на вернісажы наведвальнікі пазнаёміліся з мадэлямі адзення трох маладых дызайнераў.